Да таго ж і Стэфка, і Хіма, хоць і большая, мала што маглі расказаць пра свае страчаныя сем’і. Стэфка пад час пераездаў згубіла матчыну хустачку і ў ёй — паперчыну, там былі напісаны імёны і прозвішчы бацькоў і самой малое: адкуль родам, дзе жылі, што рабілі да вайны.
Палкоўнічыха павойкала: як можна было не даць ёй на перахоў такую важную паперу. Паспрабуй цяпер шукаць, шляхі адсечаны амаль назусім.
Стэфка саромелася прызнацца гэтай добрай жанчыне, што хусцінка — адзіная памятка пра маці, перабівала гаркоту непрыгаслага ў дзіцячай душы адзіноцтва. Лягчэй было гараваць па бацьках, затуліўшы твар кавалкам паркалю ў бубачкі, які, здавалася дзяўчынцы, хаваў пах матчыных валасоў і дотык яе пальцаў. I, на табе, не ўсцерагла!
Пад канец зімы ў гарадок прыбыў вялікі эшалон з параненымі байцамі і афіцэрамі. Пад шпіталь абсталявалі будынак аўтадарожнага тэхнікума, і санітарны цягнік пайшоў сабе назад, у той бок, дзе наступалі — беглі, ехалі на танках і машынах, паўзлі па-пластунску — прасоўваліся наперад нашы часці.
Частка дактароў і сясцёр з цягніка засталася ў гарадку, мясцовай медыцынскай сілы не хапіла б на абслугу такой процьмы абнядужалых. На дапамогу шпіталю сталі хто толькі мог з мясцовых жыхароў, хоць не ўсе ўмелі рабіць нялёгкую работу — даглядаць хворых і прыбіраць за імі, калоць дровы, вазіць ваду і прадукты, варыць і смажыць у кухні.
Гэта было не ўсё. Параненыя, каго кулі і асколкі мінаў надоўга абвалілі ў шпітальныя ложкі, зазнавалі патрэбу суцешыць душу кропляю мастацтва, хай сабе і самадзейнага, пабачыць свежыя твары, пачуць іхнія галасы.
У шпіталі асабліва былі рады школьнікам. Прыбягуць, пачытаюць газету, паспяваюць песенек, хто як умее, а каму ўдасца вырасціць, прынясе кветку хатняй герані або якое іншай цвітучай расліны.
Аднае нядзелі сабраліся ў шпіталь і Хіма са Стэфкаю. Павыпрасоўвалі небагатыя свае сукеначкі, старанна зачасалі валасы перад люстэркам.
Палкоўнічыха дала ім новую хустачку з гардэроба свайго мужа і пачак папярос «Казбек» з яго курцоўскіх фондаў: хай падаруюць тым, з кім павядзецца размова.
У прахадной шпіталя іхніх прозвішчаў не запісвалі, запыталі, як зваць і з каторага класа. Дзяжурная дакторка пацікавілася, ці не прыезджыя яны. Дазнаўшыся, што прыблукалі сюды аж з-пад Навагрудка, сказала ісці ў палату № 12, адшукаць земляка, лейтэнанта Сцяпана Роліча. Ён туга ідзе на попраўку, моцна трывожыцца за маладзенькую жонку і бацьку з маці. Беларускае мястэчка, дзе яны жылі, згарэла да апошняга бярвенца, і дачуцца чаго-небудзь пра сваякоў — не дачуешся, там скрозь зона акупацыі.
Дык, можа, ён адцягнецца ад цяжкіх сваіх думак, калі раскажуць, як вучацца, пачытаюць вершаў і паспяваюць крыху. А то ён спіць і ў сне бачыць сваю адлучаную падзеямі сям’ю.
Сястра прывяла дзяўчатак у палату № 12. Гэта была, відаць, у свой час самая большая аўдыторыя тэхнікума, зараз сюды ўлезла дзесяткі са два коек.
Ложак Роліча стаяў далекавата ад акна. Не прыўздымаючыся на локці, як рабілі іншыя, што ляжалі бліжэй, ён мог глядзець на вершаліны дрэў і заснежаныя дахі.
На словы нянькі, маўляў, да вас госці, лейтэнант павярнуўся. На чыста паголеным белым абліччы чырванеў пісаг, як відаць, след апёку.
Дзяўчаткі далі «добры дзень» і стаялі разгубіўшыся — не ведалі, аддаваць свае падарункі зараз ці крыху пачакаўшы. Роліч выслабаніў з-пад коўдры здаровую руку, павітаўся і запрасіў прысесці. Табурэцік стаяў у нагах, і аднаго акурат хапіла, каб сесці Хіме і Стэфцы.
— Не памерзлі, ідучы сюды? — запытаўся лейтэнант: шпіталь быў на ўскраіне, даволі далёка ад абжытых гарадскіх вуліц.
Дзяўчаткі загаварылі адна перад другою: яны ішлі хутка-хутка і холаду не пачулі ці, можа, мароз паменшаў.
Першае збянтэжанне мінулася, і Хіма стала, зусім па-даросламу, падала раненаму папяросы і хустачку.
— Гэта ад нас. Спадзяюся, вам падабаецца «Казбек»?
— О! — здзівіўся лейтэнант. — Так бы і пусціў дым, каб не ў палаце. Бачыце, колькі нас тут? I ўсе — заядлыя куракі. Калі б задымілі ўсе, дык і з супрацьгазнікам не патыкайся.
Роліч шырока і мякка пасміхнуўся: на жаль, яму хадзіць яшчэ амаль не дазваляюць, добра, калі хоць раз на дзень выпрасіцца пакурыць у калідор.
Нядаўні педагог, філолаг па адукацыі, ён, прыслухаўшыся да мяккага вымаўлення сваіх госцяў, з радасцю пазнаў сваё з імі зямляцтва.
Сімпатыя ўзнікала ўзаемна. Дзяўчаткі і не агледзеліся, як вылажылі новаму знаёмаму ўсё. Што за школа ў іх, у якіх класах вучацца і што з прадметаў падабаецца больш: Стэфка любіць чытаць, Хіма не выпускае з рук задачніка.
Дазнаўся Роліч і пра іхняе жыццё ў родных мясцінах, расказалі пра сваіх мам і татаў. Само сабою неяк выплыла тое, пра што лепей было змоўчаць, што дасюль гарэніла: якім чынам яны сустрэліся і з кім трапілі сюды.