Лейтэнант слухаў і хмурнеў, не мог жа ён выказаць перад малымі сваё засмучэнне: маці кінулі дзяцей, у такой бядзе, перад невядомым лёсам і прасторамі.
— Так, — працягнуў ён, перамогшыся. — Выходзіць, мне пашчасціла пакаштаваць палкоўніцкага «Казбека»?
— Не, гэта ад цёці Галі, жонкі Івана Васільевіча. Сам палкоўнік паехаў. На тым тыдні яшчэ.
— Іван Васільевіч? — Роліч прыўзняўся: — А як прозвішча яго.
Пачуўшы адказ, паспакайнеў:
— Не той… Імя і званне супадаюць. Я быў падумаў, ці не наш камандзір дывізіі. Людзі на фронт вяртаюцца, — ён уздыхнуў. — I мне пара б. А тут ляжы, як мех з бульбаю.
Дзяўчаткі пазіралі адна на другую, бо што тут сказаць? Стала смутна. Як ён гаруе з бездапаможнасці свае, гэты сінявокі чалавек.
Роліч схамянуўся: навошта разварушваць малыя сэрцы, яны ж і так збалеліся. Падбадзёрваючыся, сказаў:
— Я праўлюся ўжо, і добра праўлюся. Калі ніхто з сясцёр не бачыць, падымаюся і пакрысе хаджу. Гэта — вам на вушка, каб дактары часам не ўчулі.
Абедзве дзяўчынкі павесялелі: яны як быццам апынуліся ў змове, ды яшчэ з дарослым, франтавіком. Стэфка засмяялася не хаваючыся, а Хіма пырснула ў кулачок, аднак зрабіла выгляд, нібыта кашлянула:
— А вы сабе хадою не пашкодзіце?
Ад сур’ёзнасці тону і зусім недзіцячага пытання падвесяліўся і лейтэнант.
— Толькі не забывайце пра мяне. Будзеце добра апекавацца, як бачыш стану на ногі. Тады наладзім канцэрт для ўсяе нашай палаты. Каторая з вас на гітары ўмее? Няўжо ні адна? Што ж, іграць буду я, а за вамі — песні.
Палатныя дзверы расчыніліся, пагнаўшы перад сабою густы пах ёдаформу і карболкі.
— Сястра! — шапянуў Роліч. — Ці не па вашы душы? Нічога, вытаргуем у яе паўгадзінкі. Ці вам надакучыла?
Стэфцы вельмі падабалася тут: з імі гавораць, як з раўнёю, нават давяраюць сакрэты. Зірнула на Хіму, тая, відаць, вагалася і толькі пасля маўчанкі прамовіла:
— Вы ж яшчэ хворы.
Дзяўчына ў белай хусцінцы прынесла Ролічу халат.
— Надзявайце ды ў перавязачную. Вас будзе прафесар глядзець.
— У мяне ж госці, — прымаючы заклапочаны выгляд, сказаў лейтэнант. — Мы сама разгаварыліся, вы ж бачыце. У гонар мае выпіскі мяркуем наладзіць канцэрт. I запрашаем вас, Манюрачка, выстукаць сваімі абцасікамі казачок…
— Яшчэ што прыдумайце! — махнула рукою сястра. — Пойдзем!
— А што новага мне скажа прафесар? Мы ж бачыліся з ім пазаўчора.
— Чыстае дзіця! — паціснула плячыма сястра. — Напэўна ж, прафесар лепш ведае, як вас хутчэй падняць.
Роліч здаўся:
— Манюра, будзьце такая разумненькая, прыйдзіце па мяне трошкі пазней. У нас з зямлячкамі — справы больш неадкладныя.
Асуджальна пагразіўшы пальцам, сястра схавалася за дзвярыма. Роліч, не ўстаючы, дацягнуўся да тумбачкі і дастаў плітку шакаладу.
— Табурэтка адна на дваіх і шакаладка таксама. Не крыўдуйце, час ваенны…
Скончыць ён не паспеў. Па праходзе паміж ложкамі шпаркім крокам набліжалася жанчына ў нейкім асабліва белым і хрусткім крухмальным халаце.
— Займайце кругавую абарону! — шапянуў лейтэнант і ўголас дадаў:
— Знаёмцеся: старшая сястра, Аляксандра Мікалаеўна.
— Як можна, Роліч! Якія там госці! — сарамаціла яна лейтэнанта. — Час наведванняў скончыўся. А ў прафесара ўсе хвіліны распісаны.
Цвёрды ўладны голас выключаў усякія пярэчанні. Зачуўшы яго, Стэфка адбеглася, стала за сяброўкай і моўчкі глядзела на жанчыну, сціскаючы збялелымі пальцамі жалезную спінку койкі.
Маці! Дзяўчынка пазнала яе здалёк, як толькі ўвайшла. А калі абазвалася, Стэфчына сэрца закалацілася і перад вачыма паплыло. Што ёй рабіць? А можа, не пазнае?..
— Не марудзьце, Роліч. Вы, дзяўчаткі, прыходзьце праз тыдзень…
Суровы голас раптам абарваўся, храбусткі халат зламаўся ў стане, жанчына сустрэлася са Стэфкай вачыма і кінулася перад ёю на калені.
— Дачушка мая! Знайшлася! Нарэшце! — Яна ўпохапкі цалавала дачку. — Пойдзеш зараз са мною. Ды ты ж вырасла!
Аляксандра Мікалаеўна паднялася, узяла Стэфку за руку і намервалася весці з палаты, але кінула позірк на Роліча і сказала, ці то хочучы нешта растлумачыць яму, ці то каб апраўдацца ў разлуцы з дачкой перад усёю палатай — параненыя міжволі прыслухоўваліся да размовы:
— Вырасла… Праўда, не адзін дзень мінуў, калі мы… калі ты засталася…
Хіма ўстала, хутчэй ускочыла, выпрастаўшыся ўсім сваім пругкім цельцам:
— Што ж яна там, у чыстым полі, сваёю ахвотаю засталася?