— Не! — у голасе Аляксандры Мікалаеўны наспявала сляза. — Не, але ж я растлумачыла, не ўцякла ўпотайкі…
Стэфка вызваліла руку з матчынай і адышлася ўбок.
— Ты ж можаш дараваць мне? — Жанчына скамячыла хустачку. — Ці не хочаш? Я шукала цябе. Куды толькі не пісала, у каго не распытвала. Пойдзем, пашкадуй сваю бедную маці…
— Яе пашкадавала вось гэтае дзеўчанё, — пачуўся нечакана выгук Роліча. — Мала большае…
— Я пад яе прозвішчам жыву. — Стэфку зноў закалаціла, але змоўчаць яна не магла. — Яна ўвесь час са мною была, як маці.
— Дарослая маці і малая маці, — Роліч гаварыў нібыта сам сабе. — Малая чужая маці, — ён накрыў далонню Хімчыну руку.
— Не чужая, зусім не чужая! — Стэфка прыхінулася да Хімы і праглынула слёзны камячок. — Гэта яна… — Зірнула на збялелую сваю маці, якой так жорстка выракалася, і не дакончыла, не вымавіла забойчага слова.
Аляксандра Мікалаеўна стаяла з апушчанай галавою. Не магла гаварыць, хоць і кіпелі яны ў горле, словы просьбы, перапрошванне, абяцанне акупіць сваю правіну перад дачкою, што цяпер не хацела прызнавацца да яе.
На вачах пакамячыліся, сталі здавацца анучамі шпітальныя ўборы: фасоністая дакторская шапачка і адмысловы белы халат. Павярнулася і пайшла. Ужо не тым упэўненым крокам гаспадыні, а цяжка ступаючы, хадой вельмі знясіленага чалавека. Раптам, поблізу ад дзвярэй, заспяшалася і пабегла, каб не разрыдацца пры ўсіх.
Роліч накінуў халат і ў роздуме глядзеў за акно. Няветлая і снежная, не хацела пакідаць гарадок зіма. З дахаў мяло, і, здавалася, тут, у цёплым пакоі, чуваць, як на вуліцы запявае завея. Адпускаць зараз сваіх наведвальніц без парады, не паспагадаўшы, лейтэнант не мог, а што зрабіць і сказаць — не ведаў.
— Давядзецца ісці на агляд, — нарэшце вымавіў ён. — Ану, пашанцуе: удасца хутчэй вырвацца. Прысядзьце на адыход, мае мілыя госці…
Адлучаючы слова ад слова, паўтарыў:
— Малая чужая маці… А можа, ты яшчэ падумаеш, Стэфа?
Генерал скончыў. Размова крыху паджывілася. Адны з слухачоў схіляліся да таго, каб абараніць маці, другія стаялі на баку малой дачкі.
Колас доўга і цяжка маўчаў, ні да кога не далучыўся і свае думкі не падаў. Нечакана перавёў размову на гаспадарчыя рэйкі: вакол горада кепска выбіраліся тарфянікі. На тым і развітаўся.
Не абазваўся і дома назаўтра. Гэта здалося мне невыпадковым. Забыць такую гісторыю ён не мог, значыць, вагаецца, перш чым выказацца наконт пачутага.
Прачытай ён апавяданне з падобным сюжэтам у каго-небудзь з пісьменнікаў, можна паручыцца, не паверыў бы. Хоць добра ведаў: пад час адступлення і эвакуацыі самыя неверагодныя выпадкі разлучалі жанок і мужоў, адрывалі дзяцей ад бацькоў.
А тут — усё абдумана! Маці пакідае дачку на цяжкія выпрабаванні і ўтлумачвае, яшчэ малой, нібыта іначай нельга, — больш справядліва ахвяраваць кім адным, чым гінуць траім. Нават чацвярым — жанчына хадзіла ўцяжку.
Лягчэй было сысці паціху, крадком, не рвучы сэрца ні сабе, ні дзяўчынцы. Каб жанчына эгаістычна дбала пра палёгку сабе, чаму тады яна кінула большую дачку, а не меншую, з якою было больш клопату, — зморвалася, трэба было несці на руках. А адмахнуцца, схавацца ад гэтай — прасцей. Так, як было з Хімай: адбеглася на хвілінку і — ні маці, ні цёткі.
Стала зразумела: ні таго, ні другога варыянта Колас душэўна не прымаў, не мог выносіць на чытацкія вочы. Хай сабе выпадкі выключныя, але пад імі надзейны грунт — так сапраўды было. Але ж сутнасць праўды занадта жорсткая, веры не будзе.
Праз некаторы час я трапіў на размову Канстанціна Міхайлавіча з сынавым сябрам, ваенным інжынерам, хутчэй, як кажуць, на разгрэбіны гаворкі. Не цяжка было здагадацца: Колас правярае, а што скажа пра гісторыю Алесі чалавек, далекаваты ад літаратуры, затое тонкі і разумны.
Той паверыў. I не асудзіў ні маці, ні дачку: у кожнай свая праўда. Як можна асуджаць чалавека за праўду?
Колас, відавочна, быў усцешаны. Гэта, напэўна, супадала з яго развагамі, парывала на работу.
— Ты, відаць, нататкі зрабіў, — ён зірнуў на мяне спадылба. — Добра быць запаслівым!
Госць адвітаўся, мы перайшлі ў кабінет.
— Здарэнне смутнае і праўдзівае. А вось паспрабуй абгрунтуй псіхалагічна: што думала тая маці-няшчасніца. Так, так, няшчасніца, іначай пра яе не думаю. Тут абгрунтавання доўга шукаць.
Канстанцін Міхайлавіч задумаўся:
— Дзядзька Антось казаў мне калісьці: людзі пазнаюцца польна і хлеўна, людна і хлебна. Што разумеў пад гэтым? Зараз скажу. Добра ўроблена ў цябе поле, узарана без агрэхаў, выбаранавана да апошняга каменьчыка, дык ты варты зямлі. Вось і ўвесь сэнс слова польна.