Хлеўна — само свой змест вылузвае: хлеў цёплы, падасланы, у жывёлы бакі не карэлыя, і ліняе яна хутка, неўзаметку.
Людна, гэта слоўца асабліва любіў дзядзька, значыць, што твае хаты людзі не мінаюць, хата заўсёды чалавеку рада.
Ну, і хлебна: калі хлеб на стале не зводзіцца: і самому ёсць з’есці, і госця ўчаставаць.
Канстанцін Міхайлавіч заўважае, што яму ў маладосці такі спосаб распазнаваць чалавека вельмі падабаўся, дазваляў выявіць самыя характэрныя рысы.
— А цяпер?
— Цяпер, думаю, галоўнае — што ў цябе ў сэрцы і ў галаве. Ёсць там дабро і думка, дык жывёла будзе не ў крыўдзе, і на полі зародзіць, дый на стале знойдзецца ежа і пачостка.
Колас прыкідвае.
— А там ужо, як пачнуць твае героі жыццё на паперы, будуць гаварыць, усміхацца, пяро само ў належны бок іх павядзе. Добра той хлопец казаў, — ён успамінае суразмоўніка-інжынера, — праўда не можа не выплысці на паверхню.
Выходзіць, запомніў, усё абдумаў Якуб Колас, а не напісаў. Чаму? Можна спаслацца на гады, на частыя захворванні. Аднак жа вывеў у людзі не менш цяжкую гісторыю асірацелай хаты ў апавяданні «Між дзвюх рэчак». Што тады тут? Ці не ўзнікла думка пра твор большае прасторы, у якім бы расстанне і сустрэча маці з дачкою сталі б толькі эпізодам. Можа, так, а можа, проста не паспеў.
Разбіраючы даўнія паперы, я натрапіў на сумныя запісы пра Алесю і Стэфу, знайшоў, расчытаў, што думаў пра іх Колас.
Як мог і ўмеў, пераказаў.
Няўжо толькі адзін ліст за ўвесь гэты, вялікай турботы — 1925 — год напісаў Якуб Колас. Такі шчодры на ўвагу і спагаду да людзей чалавек, што і да сходу дзён не мог уявіць, каб звернутае да яго слова — просьба, запытанне, сяброўскі водгук — засталіся без адказнага водгуку, парады, дапамогі.
Хутчэй за ўсё, апрача таго ліста-сіраты (Збор твораў, т. XIII, с. 58–59), пісаліся і другія, але дзе ім было захавацца! Безліч сцюдзёных вятроў прашумела над галавою, мноства камяністых дарог адолелі ногі, адна вайна чаго варта! I лісты панішчыліся, пагінулі недзе, магчыма, разам з адрасатамі. А можа, чакаюць свае пары ў нерасшуканым спраце, нерасчытаныя (каб жа!), ці ляжаць прыхаваныя і некалі возьмуць ды аб’явяцца, узрадуюць другім сваім нараджэннем на белы свет.
Што ні кажы, як ні цеш сябе салодкай марай аб знаходцы, а менавіта адсутнасць перапіскі падштурхнула думку пахадзіць па Коласавых слядах у 1925 годзе. Такога клопату не задаваў яшчэ ніводзін факт біяграфіі.
Колас увайшоў у абсягі ягонага папярэдніка 1924 года, будучы аўтарам дзвюх тоўстых кніг: «У Палескай глушы», аповесці, якая пачала сабой трылогію «На ростанях», і паэмы «Новая зямля», што стала ў галавах таксама своеасаблівай трылогіі, вершаванай, хоць і не звязанай фармальна падобнасцю тэмы і лёсам герояў, — маю на ўвазе трыкутнік: «Новая зямля», «Сымон-музыка», «На шляхах волі» (апошняя рэч недавершана).
Зразумела памкненне аўтара як мага хутчэй далучыць да дзвюх выпушчаных і трэцюю работу. Паэму-песню пра закіданага лёсам, але пазначанага скарбам таленту малога музыку Сымона.
Прадчувалася, што, стаўшы поруч, гэтая тройца складзе надзейнае творчае апірышча, выведзе ў людзі аўтара, а пашчасціць — і літаратуру.
Так яно і сталася, але праз немалы час і не без смешнаватых, на цяперашнія ўяўленні, перашкод, што выгароджваліся, каб заступіць дарогу да чытацкага сэрца Коласавым героям: працавітаму лесніку Міхалу, яго брату, паэту ў душы, Антосю, усяму вывадку хлопцаў і дзяўчатак з леснічоўкі, а таксама хлапчуку высокай здольнасці Сымону і настаўніку, бунтару, шукальніку свабоды Андрэю Лабановічу.
Як і належала чакаць, час па заслугах абышоўся з вульгарызатарскімі выгарадкамі, што некалі стаўляліся калючымі пёрамі і літаратурнымі чынамі выпадковых для літаратуры людзей. А тады Коласу не сказаць каб было лёгка, галоўнае, крыўда агортвала: адкуль такое неразуменне і ператлумачванне ягоных намераў: у творах жа зусім празрыста высветлена горкая доля працоўнага чалавека з яго марай аб кавалку зямлі, а кажучы шырэй, наогул прасторным шляху да новай зямлі, дзе скасуецца няроўнасць, зажывуць у дастатку людзі працы, а таленты не будуць марнець і прыслужваць тлустаму чэраву.
Такіх, што добра зразумелі, прынялі «Новую зямлю» ў сэрца, было больш. Гэта, перш-наперш, чытачы паэмы, настаўнікі, Коласавы вучні — студэнты і слухачы шматлікіх курсаў. А шмат каму і шмат дзе ён чытаў твор сам, не шкадуючы сілы і часу. У друку сказаў важкае слова прафесар I.I. Замоцін. Малады Кузьма Чорны пачаў спеліць мару — напісаць пра паэму кнігу, відаць, эсэ. Намер гэты ажыццявіўся далёка не цалкам, у невялікім артыкуле «Вялікі паэт беларускага народа», а больш — у безназоўным урывачку-накідзе, але са звычайным для Чорнага размахам адгарнуць вялікую скібу ў прасторах часу.