Выбрать главу

Колас выглядаў у тыя часы больш чым сціпла. Пінжачок, не на заказ, а міншвееўскага вырабу, такі самы канфекцыйны плашчык, кашуля не заўсёды пад гальштукам. Самы неспрактыкаваны зладзюжка ніяк не мог палічыць яго за нэпмана, магчыма, наведаўся б, так сабе, каб рукі не гулялі і спрыту не трацілі, у кішэнь нядбаламу пасажыру, і не больш. Бо цягнуць у такога чамадан, як кажуць палякі, не варта грэху. Чым людскім там разжывешся!

Што праўда, то праўда! Чамадан быў спраўлены аж пры атрыманні прапаршчыцкага чыну: і гадоў ставала і вандровак. Ездзіў у Перм, на румынскі фронт і назад, калясіў па Куршчыне, нарэшце вёз рэчы на радзіму, потым у Слуцк, на дачу дый ці мала яшчэ куды.

Які ж мог мець выгляд гэтулькі паслужыўшы куфэрачак, што трымаўся ў карыстанні выключна праз ахайнасць гаспадара, ды нелюбоў развітвацца з чым-небудзь абвыклым. Павабнай такую рэч ніяк не назавеш, і, вось маеш, некага спакусіў. Не мог жа той «нехта» ведаць, што пад векам чамаданчыка таіўся неацэнны скарб, а каб ведаў, усё роўна гэты скарб быў без патрэбы. Як ні сілься, — не прысвоіш, не агалосіш, не абвесціш работаю ўласных рук. Сапраўдны ж уласнік рукапісу, прызнаваўся сам у лістах, быў выбіты з сядла.

Колас моцна затужыў і, як мог, кідаўся на росшукі, даваў аб’явы ў газеты, пісаў на месца здарэння. З Растова-на-Доне абазваліся, «што частка рэчаў і ў тым ліку рукапіс знойдзены». I ўсё па ўсім. «Да гэтага часу ніякага адказу на мае запытанні і тэлеграмы няма» (ліст ад 14 жніўня 1924 г.).

I Колас просіць былога суседа па турэмнай камеры, куды яны трапілі за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе, Я.С. Бязмена (Сымон Тургай у трылогіі «На ростанях»): «калі гэта не так далёка і зручна табе, навядзі ты спраўкі на ст/анцыі/ Растоў-на-Доне»… Далей называецца прозвішча работніка службы лінейнай бяспекі, відаць, таго самага, што падаў вестку, нібыта рукапіс знойдзены.

Колас не разумеў: калі рукапіс праўда знайшоўся, дык куды ён мог падзецца зноў: ні ценю, ні следу. А была ж — кніга! Гатовая да друку, прачытаная перад многімі людзьмі, з радасцю прынятая імі. За кожнай яе старонкай стаяла процьма дзён, праведзеных у няволі, галодных, халодных, безадпачынкавых і такіх самых бяссонных начэй. Колькі іх там магло змясціцца ў прамежак часу ад напісання першага радка да апошняй кропкі ў Кіславодску! І падумаць страшна!

І яшчэ была прычына засмучацца. У 1924 годзе Колас падбіваў рахункі недакончаным работам, расчышчаючы, як кажуць, аператыўную прастору, вызваляў стол, словам, рыхтаваўся ў новыя задумы, на сустрэчы з новымі героямі, якія дасюль не завітвалі на ягоны ганак.

Педагог па адукацыі і па душэўнай схільнасці, Колас, вярнуўшыся з Куршчыны, неўзабаве едзе ў Слуцк знаёміцца з настаўніцкімі курсамі. Увосень наступнага года пачынае навучаць будучых настаўнікаў методыцы мовы ў Белпедтэхнікуме. Налета вакацыі прывялі яго зноў у Слуцк — займацца з сабранымі там на курсы настаўнікамі. Новы навучальны год Колас сустракае ўжо на кафедры роднай мовы ва універсітэце, становіцца выкладчыкам педагагічнага факультэта.

На ўсіх дарогах, ва ўсіх думках і справах паэта — моладзь. Акрыленая здабытай свабодай жыць, вучыцца, перабудоўваць жыццё, карчаваць старызну, сцвярджаць сябе ўчынкамі, моладзь была ахоплена прагай подзвігу, гатовая скрышыць усе перашкоды ў хадзе маладой дзяржавы сваім невычэрпным энтузіязмам, юнацкім запалам, памкненнем у будучыню.

Моладзь гарнулася да Коласа, плаціла за ўвагу і клопат аб сабе адданай любоўю, а ён, паэт, не менш любоўна гарнуўся да моладзі. Нездарма ж правёў усё сваё жыццё з дзецьмі, спачатку малымі палешукамі, пасля з селавымі хлапчукамі і дзяўчаткамі Куршчыны, ужо не такімі прыбітымі, як тыя палескія вучні, а незраўнана пажвавелымі, у чые лёгкія трапіла кастрычніцкае паветра.

Зараз Колас бачыў моладзь, якая добра адчула, што кастрычніцкае паветра трымае яе крылы — можна ляцець! Куды хочаш і як высока зможаш, колькі набярэш сілы і ведаў для самастойнага лёту.

У той час Коласу ледзь-ледзь зайшло за сорак. Ні занадта сталым, ні змораным ён сябе не адчуваў, так і да астатніх дзён захаваў тыя ж пільныя на ўсё новае вочы, маладое захапленне ўсім свежым і сапраўдным: добрым жытам, здольным чалавекам, спелым радком.

А тады, прымаючы ў сэрца абліччы, паводзіны, словы сваіх шматлікіх выхаванцаў, міжволі натуючы ў памяці неацэнныя для пісьменніка падрабязнасці іхняга жыцця, тое, што прыбавілі і ўзгадавалі ў іх асобах паслярэвалюцыйныя гады, Колас поўніўся цёплым бацькоўскім пачуццём. Дзякуй лёсу, гэтыя маладыя маюць усё, чаго быў пазбаўлены ён, — вольна дыхаюць, узбагачаюцца духоўна, а перш за ўсё — завуцца людзьмі! Годнасці звацца чалавекам ён на ўсю сілу дамагаўся, пішучы вершы, выкладаючы ў закінутых школах, абуджаючы дух вольнасці ў сялянстве. А цяперашнія маладыя маюць багата і будуць мець яшчэ больш.