Даю табе слова — управяцца, самі сябе правераць і паправяць. А колькі сродкаў, памяшканняў вызваліцца! Колькі паперы, чарніла, камандзіровачных зберажэцца. Можа рабочы на заводзе выконваць норму на 150 %? Можа. А што, навуковы работнік, лабарант, канцылярыст хвор зрабіць гэта?
I чым толькі не займаюцца людзі! Усім, апрача карыснага і цікавага для краіны. Глянеш збоку: магутны які-небудзь інстытут, шыльда на паўсцяны. Шыльда, дый не маленькая, на кожным работніку: акадэмікі, дактары навук, кандыдаты, старшыя і малодшыя навуковыя супрацоўнікі. Адна хіба старожка не мае ступені. Дый яе, каб павялічыць зарплату, могуць іменаваць: кандыдат падмятальных навук Алена Цімафееўна Дзяркач.
I што робіць уся гэтая махіна? Гадавая справаздача: наш інстытут правёў неабходны для народнай гаспадаркі дослед: які прыплод дае за лета пара камароў. Дослед вёўся ў трох кірунках: а) у натуральных умовах; б) ва ўмовах павышанага жыўлення; в) ва ўмовах ніжэй аптымальных.
Гэта табе даложаць з самым сур’ёзным тварам і не пасаромеюцца папрасіць дадатковы мільён народных грошай на пашырэнне тых самых доследаў.
Да захаплення так званай чыстай навукай гэтую лухту не залічыш. Значыць, простая драбната думкі, раздзіманне мухі да слана ад няўмення, ад няведання — за што ўхапіцца, што трэба сёння рабіць навуцы. Тут ужо нельга быць літасцівым. Не ведаеш, не ўмееш — злазь з крэсла, вызваляй месца здольнаму і таленавітаму.
Бяда адна: занадта многа псеўдааўтарытэтаў, псеўдавучоных, псеўдапісьменнікаў, псеўдадзеячаў. Крані аднаго — цэлы рой цябе абсядзе. Але ж знойдзецца на іх рада і ўправа. На гэта ўжо сам час пакіруе, характар ладу нашага не трывае дармаедства і марнатраўства.
Канстанцін Міхайлавіч памаўчаў.
— Хацелася, каб хутчэй. Мала ў мяне часу застаецца, баюся, што не ўбачу. Праўду кажу, ці табе здаецца — проста бурчыць стары дзядзька Якуб?
Не спыняючы гаворкі, апрануў пінжак.
— Баліць галава. Можа, праедзеш са мною за Уручча? Там лясок добры, паходзім. Калі знойдзем рыжка, можна будзе ў Балачанку падацца, пазбіраць грыбоў.
Усю дарогу ў машыне маўчаў. У ляску мы разышліся ў розныя бакі. Праз паўгадзіны я знайшоў яго пад бярэзінкай, на чабаровым узгорку, з трафеямі. На газеціне ляжаў дзесятак рыжыкаў і маладых асавічкоў.
— Я ведаў аднаго доктара, — пачаў Канстанцін Міхайлавіч, не адказваючы на запытанне, ці сціх галаўны боль. — Толькі не па галаўной спецыяльнасці. Пра яго я ўсё ўспамінаю з раніцы. Быў ён кастапраў, не доктар, вядома, а народны лекар. Жыў у вёсцы Нягневічы на Навагрудчыне.
— Ці не звалі яго сакольнікам?
— Дык я табе, выходзіць, расказваў ужо?
Я сказаў, што чуў пра такога лекара ад свайго бацькі, выхадца з тых самых месцаў.
— Ніхто ўжо не помніў ні яго імя, ні прозвішча, бо жыў гэты дзед больш за сто гадоў. Так усе і клікалі — сакольнік. А не хацеў паміраць ці не мог памерці, як ён сам запэўняў, вось чаму. Майстэрства лячыць перадавалася ў сакольнікаў з роду ў род і абавязкова пераходзіла ад бацькі да старэйшага сына. А гэтаму сакольніку не шанцавала на сыноў, усё дочкі нараджаліся…
— Як у вашага Хадыкі: «Пакрыўдзіў бог мяне сынамі, ядзяць іх мухі з камарамі»?
— Яшчэ горш, браце. Яго дочкі прыводзілі таксама дзяўчат, і род па мужчынскай лініі канчаўся. Дык што ты думаеш? Стукнула таму сакольніку семдзесят гадоў, і ён пры жывой жонцы ажаніўся, не ўзяўшы разводу.
Справа гэта па даўнейшых часах страшная: тут табе і суд і праклён царквы. Пацягалі старога трохі, але не засудзілі: цёмны, няграматны, адною нагою ў магіле стаіць, што з яго возьмеш! Толькі забаранілі ў царкву хадзіць, хоць ён і без гэтага туды мала наведваўся.
А ўзяў дзед замуж маладую яшчэ ўдаву, з трыма хлапчукамі-сіротамі. Думаў, і яму на хлопца ўдача будзе. Праўда, у сяле ўсе кпілі з гэтай надзеі: чаго чакаць у семдзесят гадоў! Але стары, як відаць, не спаў у шапку, стала ўдава хадзіць уцяжку, а потым вазьмі дый нарадзі яму зноў дачку. А цераз год — другую.
Бачыць дзед — не на яго жаданне справа хіліцца, і высватаў сабе дзеўку-саракавуху, незамужку. Начальства паглядзела на гэты ўчынак праз пальцы, нават поп не выклінаў з амбону. Толькі не спраўдзіла надзей і трэцяя жонка. Але дзеда не выпусціла з кіпцюроў. «Жыві, кажа, галубок, даўжэй, ад мае дачкі будзе абавязкова табе ўнучак. Вось і чакай яго».
Дацягнуў дзед да дзевяноста, і сапраўды падаравала яму хлопчыка апошняя дачка. Так і пераваліў сакольнік цераз дзесяты дзесятак, гадуючы таго ўнучка, каб, як толькі пачне ён разумець, што да чаго, перадаць сакрэт свайго лячэння і саміх лекаў. Вадзіў за сабою малога па лесе, збіраў разам зёлкі. Калі таму мінуў шаснаццаты год, дзед прымусіў яго самастойна зварыць мазь ад пералому і саставіць хвораму паламаныя косці.