Значыць, заняўшы ў свае творы малады, спеўны, здольны на многія справы гурт, ён не толькі выканае пачэсны абавязак ісці і расці з тымі, хто ідзе і расце сёння, ён спагоніць сваю смагу па ўсім, чаго калісьці не ставала ягонаму сэрцу і што прыйшло да моладзі зараз, як быццам неўзаметку, само сабою, а стала сваім навечна.
Адзін тлум маладых людзей змяняўся перад вачыма другім, яны турбавалі і непакоілі Коласавы думкі: раскажы пра нас, хто мы, што мы, куды мы ідзём, чаго дамагаемся. Колас слухаў і думаў: з ім гаворыць сам час, патрабаванні — справядлівыя, а як жа Сымон, яго даўні сябар і ўлюбёнец? Дык пачакайце, міленькія, вось дам яму рады, тады адразу вазьмуся за вашыя душы. Сымон даўжэй чакаў, а вы, а вам нічога не зробіцца, калі пачакаеце, пасталееце толькі.
Карацей кажучы, Колас падышоў усутыч да аповесці «На прасторах жыцця», развязваў сабе рукі, не хацеў нічым займаць душу.
Марылася, вось вернецца з поўдня, крыху агледзіцца, і над сталом, пераходзячы на чыстыя аркушы, залунаюць развагі і сумняванні спаважнага Сцёпкі, зазвініць шчабятанне Алёнкі і ўсіх іхніх таварышаў і таварышак.
I трэба было ж усім гэтым спадзяванням і марам раптоўна парушыцца, адбегчыся на невядома які час, у невядома якія далечы.
Але страчаны рукапіс не знаходзіўся, надзеі на зварот больш не памáнваліся. Колас, ён пазней адзначыў горкую страту ў аўтабіяграфіі, у жніўні сеў аднаўляць паэму, а дакладней — ствараць яе трэцюю рэдакцыю.
Праца моцна выснажвала: знайшоў радок — успамянуў ці склаў нанова, — а ўсё здаецца ранейшы, у тым рукапісе, лепшы быў. Гэта вельмі зморвала. Выгадваў часіну адпачынку, але вельмі ўмоўнага — браўся за лягчэйшую работу. Парадкаваў апавяданні, з імі таксама хапала клопату, асабліва з друкаванымі ў «Нашай ніве», дый навелы апошніх гадоў не менш патрабавалі вока. З тых даўнейшых і пазнейшага часу напісання твораў склаліся аж чатыры кніжкі: «Першыя крокі», «Крок за крокам», «У ціхай вадзе», «На рубяжы». Адны былі здадзены ў друкарню, другія ўсё яшчэ праглядаліся, да таго ж хацелася «Казкі жыцця» выдаць па-людску і п’есу «Забастоўшчыкі» дарэшціць.
Гэта рабілася, вядома, калі дазваляў адступіцца ад уласнай асобы нешчаслівы Сымонка.
З ім Колас перайшоў і ў наступны, 1925 год. Калі і як была скончана работа? Тут нам дапаможа той адзіны за ўвесь год ліст, пра які ўжо гаварылася спачатку.
У аўторак 3/16/ чэрвеня Колас паведамляе жонцы: «С/ымон/-м/узыка/ ужо ў друкарні. З пятніцы ляжыць…», гэта значыць, з 12 чэрвеня.
Мінула ўсяго чатыры дні, а пісьменніку здоўжылася немаведама як, яму нецярплівіцца: «Колькі праляжыць там, сказаць трудна. Напэўна, нядзелі са дзве…»
Колас мала памыліўся ў разліках: паэма ўбачыла свет у ліпені–жніўні таго ж года, праз паўтара-два месяцы з дня здачы. Тэмпы, проста скажам, вельмі зайздросныя!
Са здачай паэмы ў друк пачуў сябе куды лягчэй, але ўсё ж было непамысна. Другі раз перавярнуў такую гарышчу работы, а праз гэта не так востра стала адчувацца канечнасць брацца за твор пра моладзь. У той самы аўторак пажаліўся жонцы: «Сядзеў і некаторы час думаў, аб чым напісаць мне. Думалася напісаць якую-небудзь казку…»
З ліста чуецца як быццам бы разгубленасць, а звычайна намеры ў Коласа былі цвёрда акрэслены. Сведчанне таму — хранікёрскія нататкі пра творчыя планы, па-цяперашняму — інтэрв’ю. Разбежкі паміж творчай заяўкаю і яе ажыццяўленнем там амаль не траплялася. Калі «Полымя» ў канцы 1924 года (№ 4) абвяшчала, што Якуб Колас напісаў п’есу «Забастоўшчыкі», дык у навагоднім нумары таго ж часопіса твор можна было прачытаць.
Некаторай няпэўнасці ў тоне ліста датычна далейшай работы дзівіцца няма чаго. Колас сапраўды вагаўся — за што ўзяцца: толькі некалькі дзён, сама больш тыдзень назад, ён зняў са стала адноўленую паэму.
Думка пачаць «якую-небудзь казку» магла быць выклікана дзвюма акалічнасцямі. «Казкі жыцця» ён любіў ці не больш за ўсе астатнія празаічныя творы і зараз праглядаў іх, хацеў перавыдаць. Другое. Да жанру алегарычнага апавядання яму не так даўно даводзілася звяртацца.
Надыходзіў Купалаў юбілей, грамадскасць мелася адзначыць 20 год работы паэта ў літаратуры. I 28 мая 1925 года на ўрачыстым пасяджэнні ў Інбелкульце Колас павіншаваў сябра новай казкай «Ноч, калі папараць цвіце».
I што цікава! У гэтай казцы аўтар перасыпае пажаданні Юнаку (Купалу, нараджэнне яго якраз прыпадала на купалле), назвамі кніг і твораў паэта.