Выбрать главу

Вось як гаворыць Месяц:

— А я пайду з ім «Шляхам жыцця» і буду асвятляць дарогу, каб яму лягчэй было прабівацца. Ён убачыць «Раскіданае гняздо» свае айчыны і раскажа аб ім людзям. Калі ён прыстане ў дарозе, я палажу яго спаць на высокім кургане і навею яму чароўны «Сон на кургане». У дарозе ж ён спаткаецца з мілаю «Паўлінкаю»…

Такім чынам, сучасныя майстры віншавальнага жанру могуць ганарыцца: калі не самі вынайшлі прыём, дык запазычылі ў класіка.

Колас не ведаў яшчэ, што налета і яго чакае такое самае ўшанаванне і тая ж высокая годнасць народнага паэта. Адна была ў яго ўцеха, адно апірышча — праца. I Колас працаваў, як бачым, не разгінаючыся, у літаральным сэнсе гэтага слова.

Непамысна было, што адносіны з літаратурнай моладдзю складаліся не так удала, як з настаўніцкай і студэнцкай. Даволі гучна падаў голас «Маладняк», першае аб’яднанне пісьменнікаў у рэспубліцы. У часопісе «Маладняк», што выдаваўся ў Мінску, і ў «Маладняку Калініншчыны», а найбольш у бюлетэні пленума ЦБ «Маладняка» (сакавік, 1925) і Усебеларускага з’езда маладнякоўцаў (лістапад, 1925) упічак, дакораў і нападаў у адрас так званых старых хоць гаць гаці. Тут табе і «выбітая з-пад ног глеба», і «старыя пісьменнікі не могуць даць новага», і «рожкі са старымі». Дарэчы, пад знакам гэтых «рожак» у сталіцы адбыўся ці то дыспут, ці то літаратурны вечар.

Коласу даводзілася пераносіць пяро з паважнай работы на рэчы малазначныя, адбівацца ад выпадаў зброяй гумару і сатыры. Фельетон «Трыумф» знішчальна высмеяў тагачасных вершапісцаў з іх намаганнямі на модную тады звышвобразнасць:

Бурапень ты, мая песня новая! Сэрца рыжае, скачы. Вечар п’яны носам клёвае, А з стрэх віснуць смаркачы!

Па тых самых мішэнях цалялі напаўфельетоны, напаўапавяданні «Трагізм» і «Драматург і лірычны паэт». Можна лічыць іх рэчамі аднаго плана і аднаго часу. Дат напісання няма, а даты публікацыі не так і далёкія: «Трыумф» апублікаваны ў сакавіку 1925 года, а «Трагізм» у студзені 1926-га, сама пазней надрукавана апошняя з трох названых рэчаў.

Ці не зашмат гэта? Можа, зусім дарма сталаму майстру, паэту, які нязменна стаяў на чале літаратуры, было «біць з гарматы па вераб’ях»?

Магчыма, каб быў час на развагу і стала паблажлівасці да маладой задзірлівасці і гарачнасці. Але ж гаркота была не з малых.

Праз многа гадоў, выказваючы перада мной вельмі самакрытычныя погляды наконт «Сымона-музыкі», Колас заўважыў: «Дзяўблі мяне з усіх бакоў маладнякоўцы», — і спахмурнеў: адчулася, чаго каштавала яму тое «дзёўбанне».

Абагнаўшыся ад непрыемных успамінаў, працягнуў:

— Казалі: дзеяслоўныя рыфмы, памеры бедныя. Дык я пачаў рабіць у піку ім, хацеў уткнуць шыла ў бок. Што ні раздзел, то новы памер ужыву ці новую страфу… А за жаданне пафарсіць формай я быў пакараны. Наствараў слоў па ўзору маладнякоўцаў: з двух адно. У нейкага маладога паэта з «буры» і «пены» атрымалася «бурапеніць». Пазней усе няўдалыя вершы сталі «бурапенай» зваць. Ці не з мае лёгкай рукі…

У далейшым адносіны з «Маладняком» пакрысе лепшалі і выраўняліся. У 1928 годзе Колас павіншаваў аб’яднанне з пятай гадавінай існавання, па-бацькоўску добразычліва параіў не злоўжываць словамі «нашы дасягненні», не ператвараць «…іх у песню-калыханку», а таксама наказаў: «Шануйце слова, уважайце яго і не кідайце на вецер, захоўвайце яго чыстату» (т. XI, с. 59–60).

Аднак колішнюю пікіроўку Коласа з маладымі літаратарамі трымалі напашэве злоснікі, нядобразычліўцы паэта і маладнякоўцаў, усе, каму было не да густу стварэнне маладой савецкай літаратуры. Розныя людцы пачалі цікаваць, ці нельга прыблытаць добрае паэтава імя да цёмных намераў.

Міхась Чарот на I з’ездзе «Маладняка», закрануўшы мітусню авантурыстаў «незалежніцкай масці», цвёрда абвясціў: «Колас тут ні пры чым». Не замарудзіў з адказам і сам паэт. Важка і начыстую адмёў усе захады манлівай драбязы.

Каб не пакідаць недагаворанага, завітаем у Слуцк пачатку 20-х гадоў. Колас быў там двойчы на настаўніцкіх курсах, выкладаў мову, гутарыў пра літаратуру, а галоўнае — чытаў свае творы, «Новую зямлю» — амаль цалкам.

Новыя знаёмыя песняра надоўга захавалі добрыя пачуцці і прыхільнасць да выдатнага паэта і ўважлівага педагога.

Неўзабаве, праз нейкі год, адбылося першае знаёмства мясцовай інтэлігенцыі са Слуцкай філіяй «Маладняка». Літаратурная старонка філіі, як адзначалася пазней на I з’ездзе аб’яднання, «была слабая і правалілася». Настаўнікі, як відаць, сказалі тутэйшым віціям праўду ў вочы: не задавайцеся, маўляў, хлопцы, мы самога Коласа чулі.