Выбрать главу

Пакрыўджанае самалюбства кінулася ў амбіцыю. На тым жа з’ездзе «Маладняка» ў дакладзе Слуцкай філіі чуем: «У літаратурнай дыскусіі ў Слуцку былі 2 ідэолагі: 1-шы — „Маладняк“, другі — Колас. Нацыяналісты адкрыта заяўлялі, што ўся кастрычніцкая літаратура ў параўнанні з Коласам — нішто. У такім настроі выхоўвалася значная частка слуцкага настаўніцтва».

Выпадкі пракідання нацыяналістычных праяў на Случчыне ўсім вядомы, але наконт таго, нібы «ў такім настроі», у духу адмаўлення ўсёй паслякастрычніцкай літаратуры «выхоўвалася значная частка слуцкага настаўніцтва», фарбы відавочна згушчаны. У тыя часы чытачом безагаворачна прызнаваўся Міхась Чарот, набывалі вядомасць Крапіва і Трус, браліся за значныя палотны К. Чорны і М. Зарэцкі. Відаць, слуцкія літаратары пад час выступленняў дапускалі своеасаблівую прыпіску: залічалі ў паслякастрычніцкую літаратуру ўсе свае першыя крокі і, напэўна, супрацьставілі сябе класікам. Такое здаралася даволі часта.

Нездарма на з’ездзе дакладчык Слуцкай філіі быў закліканы да парадку: «Не лезь у друк абы з чым. Гэта ж твае работы радкі: „Сукін сын і смаркаты“ — нельга сказаць, што тут найглыбейшая паэзія».

Несправядліва катэгарычна выкасоўваць усё напісанае слуцкімі маладнякоўцамі, аднак і ў іх не было падстаў ляпіць ярлыкі на таго, хто не лічыў за паэзію звычайнае вершапісанне пачаткоўцаў.

Карты махляроў і нядобразычліўцаў былі выкрыты і пабіты, недарэчныя дакоры і закіды адкінуты, але колькі душэўных сіл каштавала паэту ператрываць гэта, колькі змарнавалася незваротных хвілін творчага настрою.

А Колас працаваў!

На тое ён і быў Колас, пісьменнік, надораны народнай стваральнай сілаю, чалавек надзвычайнай мужнасці, а дужым творча і мужным па-грамадзянску яго рабіла бачанне даляглядаў, дзе ўжо ў красе і сіле паўставаў адужаўшы дзень рэспублікі.

Ніякага клопату не цураўся Якуб Колас. У студзені 1925 года ён пачынае працу ў Інстытуце беларускай культуры як сапраўдны член гэтай установы, працуе на педфаку БДУ, выкладае на вышэйшых курсах беларусазнаўства.

Пералік вялікі і ў той жа час скупы. Расказаць паўней маглі б яго падапечныя з успамянутых устаноў. Мне вядома, колькі шчырага сэрца ўкладаў ён у выхаванне і навучанне многіх пакаленняў моладзі ў Беларускім педагагічным тэхнікуме! Здавалася, адной гэтай работы хапіла б, каб заняць чалавеку ўсе думкі, увесь час і ні хвіліны не пакінуць на адпачынак.

А Колас пісаў! Выдаваў кожны год па кнізе, і не па адной, ды такой кандыцыі, на якую яшчэ доўга будзе раўнавацца літаратура, з радасцю і здзіўленнем узіраючыся на вяршыні майстэрства і чалавечага духу.

Апрача таго, ён ездзіць па рэспубліцы!

У годзе, пра які ідзе размова, выездаў было некалькі. Заўважым: у адно і тое месца, у Калінінскую акругу.

Дзіва тут няма. У Коласа былі сталыя густы. У літаратуры — ад маленства да апошніх дзён — Пушкін і Крылоў. Найбольш улюбёны лес — шчыры бор, вось такі, як некалі быў за Пухавічамі, а там адны і тыя ж грыбныя месцы, зацішныя куточкі над Свіслаччу, дзе добра пасядзець з вудаю.

Не змяніліся амаль і адносіны да людзей. Калі з’яўлялася прыхільнасць да знаёмых, дык надоўга: усіх помніў у твар, адразу называў па імені, адкладаючы самую пільную работу, адказваў на іх лісты. Нават тым, каму ў вочы казаў «неверный друг», усім пісаў лісты, званіў, клікаў зайсці.

Што ж прывяло Коласа на Калініншчыну? I якая яна была, тая акруга?

Перада мною дзве «Справаздачы»: Урада рэспублікі VII Усебеларускаму з’езду Саветаў (Мінск, 1925) і Калінінскага акрвыканкома I акруговаму з’езду Саветаў з жніўня 1924 г. па 1 красавіка 1925 г. (Клімавічы, 1925).

Дакументы гэтыя грунтоўна і падрабязна расказваюць, як з шасці няпоўных, панявечаных мірам у Рызе паветаў Мінскай губерні, стварылася Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі — ССРБ.

У снежні 1923 года з’езды Саветаў Гомельшчыны, Смаленшчыны і Віцебшчыны вырашылі далучыць да ССРБ тыя часткі гэтых губерняў, «дзе беларускае насельніцтва складае сабой большасць».

Услед былі прыняты адпаведныя пастановы Пятага Усебеларускага з’езда Саветаў, і 4 лютага 1925 года УЦВК пастанавіў перадаць БССР часткі ўспомненых вышэй губерняў.

Чатыры няпоўных паветы — Клімавіцкі, Чэрыкаўскі, Мсціслаўскі і Горацкі — не былі далучаны да Аршанскай акругі, а склалі новую, Калінінскую, з цэнтрам у Клімавічах на ручаі Калініцы. Гэта вымагалася эканамічнай мэтазгоднасцю, так пастанавіла спецыяльная ўрадавая камісія.

Коласу раней не даводзілася быць у гэтых мясцінах. А чуць, відаць, чуў. Пра залатую пчалу і ліса ў гербах Клімавіч і Мсціслава, пра патомкаў мсціслаўскіх недасекаў і славуты гарадскі Здаравец на схіле Траецкай гары, адкуль білі крыніцы смачнай і гаючай вады.