Выбрать главу

Водгукі паўстання 1863 года звязвалі ўяўленне паэта з Горкамі, з правадыром паўстанцаў Тапаром і з тамашнім старэйшым у Расіі сельскагаспадарчым інстытутам, студэнтам якога адзін час прыпісвалася аўтарства паэмы «Тарас на Парнасе».

Гэтым Колас пацікавіцца падрабязней крыху пазней, а зараз у яго была турбота неадкладная, на ўзроўні дзяржаўнай. Ён хацеў бачыць сённяшніх людзей, тых, што вось-вось уліліся ў рэспубліку, меў за абавязак хутчэй прылучыць да роднай культуры іх, яшчэ непрылучаных, зрабіць усё, каб добра працавалі школы, хаты-чытальні, каб лепей радзіла поле.

I вось у сакавіку 1925 года НК асветы камандзіруе паэта ў Аршанскую і Калінінскую акругі. Абавязкі яго: чытаць лекцыі па беларусазнаўству, «свае» творы і іншыя ўзоры прыгожага беларускага пісьменства.

Скупы пераказ загада на камандзіроўку, паўтораны ў цяперашняй прэсе і ў летапісах жыцця і творчасці паэта, так бы і застаўся нерасшыфраваным, каб не дапамог выпадак.

Да мяне прыйшоў ліст з Оршы. За ім — у канцы 1981 года і сшытак успамінаў былога вучня Раснянскай школы, які амаль паўстагоддзя назад на свае вушы чуў Якуба Коласа. У той самы год, калі Колас выехаў у далучаную да рэспублікі Калініншчыну і трапіў у Расну.

Гэта быў раённы цэнтр новай акругі. I, як усюды тады, — процьма нястач: не хапала буквароў, беларускіх падручнікаў і чытанак, карысталіся старымі, выпушчанымі да рэвалюцыі. На двух вучняў прыпадала адна ручка і па два сшыткі, а за тое, каб паслухаць радыё ў нардоме, трэба было плаціць.

Больш за чатыры тысячы мужчын і жанчын кінуліся ліквідаваць непісьменнасць. Школы працавалі ў сялянскіх хатах, навучалася толькі палавіна дзяцей.

Але як цягнуліся ўсе да роднага слова! Аўтар успамінаў, інвалід вайны, пенсіянер, піша, як на чытанне «Новай зямлі» збіралася поўным-поўна старэйшых вучняў і настаўнікаў. Учэпістая дзіцячая памяць утрымала ў сабе падслепаватыя лямпы ў школьнай зальцы і шэрую вокладку кнігі, якую чытаў уголас настаўнік літаратуры «Дзядзька Міхась».

Запомнілася галоўнае — радкі: «Вось як цяпер перада мною…»

«З таго часу, — зазначае аўтар успамінаў, — дзе б я ні знаходзіўся — пад Ташкентам, у Сібіры, на вайне, за мяжою, дзесяцігоддзе не чуючы жывога беларускага слова і не бачачы надрукаванага, узбудзі мяне ноччу, я заўсёды прачытаў бы гэты ўступ без замінкі».

I вось — радасць! У школу завітаў сам Якуб Колас. I не адзін, а са спадарожнікамі. Першы — па слоўным партрэце і прозвішчы без ініцыялаў — М.В. Азбукін, беларускі савецкі географ, краязнавец, другі — I.К. Бялькевіч, мовазнавец, аўтар слоўніка, дырэктар Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума.

Яны і прыехалі з Мсціслава на сялянскіх санях і пакіраваліся проста ў школу. Аўдыторыя, — піша аўтар успамінаў, — сабралася стракатая: служачыя райцэнтра з жонкамі, настаўнікі і вучні, камсамольцы — у мястэчку было тры камсамольскія ячэйкі — уціснуліся і «нэпманска-саматужніцкія малойчыкі».

Словам, у памяшканні не больш як на 100 месцаў стоўпілася больш за дзве сотні людзей. Спачатку слухалі лекцыі Коласавых спадарожнікаў па гісторыі і геаграфіі рэспублікі. Было цікава, балазе лектары гаварылі, не трымаючыся паперак, падрабязна адказвалі на кожнае пытанне.

Так неўзаметку мінула каля трох гадзін. Колас з’явіўся каля поўначы. Асвятленне было кепскае, чатыры лямпы на залу, ды і то дзве на памосце прэзідыума.

Не беручыся перадаць на паперы апанаваўшыя хлапчука пачуцці, мой карэспандэнт, цяперашні пенсіянер, апісвае ўсё да драбніцы, пачаўшы з вопраткі Коласа.

«Футра, даўгое, чорнае, з вялікім каўняром, такіх „старарэжымных“ футраў тады ў Расне ніхто не насіў, апрача, мусіць, мясцовага рабіна». Вызваліўшыся з гаматной адзежыны, «Колас аказаўся шчуплым, нават хударлявым чалавекам, са змораным тварам. Тады мне падумалася, што яму, відаць, нялёгка цягаць на плячах такое футра… Падабенства з партрэтамі таго часу, безумоўна, было. А што да камплекцыі, то я чакаў большай саліднасці і, прызнацца, быў некалькі расчараваны. У сваім дзіцячым уяўленні я маляваў аўтара „Новай зямлі“ ледзь не волатам».

Сказаўшы некалькі ўступных слоў, Колас пачаў чытаць «Сымона-музыку». «Чытаў як быццам па рукапісе, а ў значнай частцы — па памяці, некаторыя раздзелы пераказваў сваімі словамі, перагортваючы старонкі».

Як жа выглядаў чытальнік? Колас быў «у цёмна-шэрым, а магчыма, чорным касцюме, пры просценькім гальштуку. Цёмныя, нізка падстрыжаныя валасы без сівізны, але ўжо з адзнакамі залысін, невялікая вузкая бародка і вусы…