Далей Колас успамінае славутую Смаргонскую «акадэмію», дзе мядзведзяў вучылі танцаваць. Выкладанне праводзілася так. Мядзведзя стаўлялі на жалезную пліту і раскладалі пад ёй агонь, а пад час гэтай цырымоніі іграла скочная музыка. Пліта пакрысе награвалася, і мядзведзь пачынаў пераступаць з лапы на лапу, міжволі патрапляючы ў такт, нібыта танцаваў. Калі жывёліна была кемлівая або хацела пазбегнуць болю, награваць пліту другі раз не даводзілася: зачуўшы знаёмую музыку, мядзведзь без дадатковага падахвочвання падымаў лапы, пачынаў свой змушаны танец.
— Навука даходзіла не да ўсіх аднолькава, — даканчвае Канстанцін Міхайлавіч, — некаторыя тупіцы цярпелі паўторна: іх стаўлялі на гарачае нават па тры разы.
Ён заўважае, што бедную жывёліну вучыў боль, праз боль яна рабілася «артыстам». Так, вучаных мядзведзяў вадзілі па кірмашах, прымушалі ісці ў скокі перад сялянамі. А павадыры ігралі на скрыпцы, а потым збіралі з прысутных гледачоў і слухачоў па капейцы, зрэшты, хто што дасць.
— Адсюль, мусіць, і прыказка: людзі і мядзведзя вучаць.
Колас дадае: у даўнейшыя часы на няўклюдных настаўнікаў, абмежаваных службоўцаў і наогул на недалёкіх людзей, да каго не прыставала навучанне, на ўсіх такіх зняважліва казалі: «Ну, гэты няйначай Смаргонскую акадэмію канчаў!»
— А што вы, дзядзька Якуб, пра такі выпадак скажаце?
I пачынаю вядомую ўсім, хто заходзіў у той час да нас дадому, гісторыю пра сабаку Дзіка. Аднойчы мы выбраліся з ім на праходку ў парк. Там, на пагорку, яшчэ стаяла некалькі дамоў, дзе пасля вайны знайшло прытулак многа людзей.
На адным з ганачкаў, аплеценым хмелем, сядзеў невялічкі жаўтаваценькі сабачка, я нават адразу не заўважыў яго, бо колер поўсці зліваўся з чыста вышараванай падлогаю ганка. Але заўважыць давялося па той простай прычыне, што сабачка раней згледзеў нас і заліўся вострым пранізлівым брэхам. Мусіць, мой Дзік здаўся яму нейкім страшыдлам, а быў ён і сапраўды добрага росту, вышэй, як у калена, а можа, жоўты сабачка палічыў наша з’яўленне грабежніцкім уварваннем на ягоную спрадвеку тэрыторыю дый немаведама з якімі мэтамі.
Хутчэй за ўсё гэтак і было, бо, хоць мы і не выказалі ніякіх агрэсіўных намераў, жоўты вартаўнік падапечнае яму тэрыторыі брахаў і брахаў і, па ўсім відаць, брыдка лаяўся на нас па-сабачы. Дзік відавочна разумеў ягонае абзыванне: ён натапырыў поўсць на хібе і няголасна загурчаў, дакладней — паказаў дзве пашчэнкі адменных белых зубоў.
Я ішоў па алейцы, робячы выгляд, быццам не прыкмячаю, што адбываецца. Дзік пабег наперад і стаў упоперак дарогі, пацёрся галавою аб нагу, нібыта спытаў: «Што рабіць? Трэба было б даць здачы!»
Гэтыя хітрыкі былі мне добра вядомы, ён мог палічыць любы мой рух за ўхвалу і падтрымку сваіх намераў і рынуцца на расправу.
— I не думай! — цвёрда забараніў я ды пачаў сарамаціць: — Па-першае, ён малы, а значыць, яшчэ дурань, па-другое: калі ён — звычайны звяга, усё роўна тут яго права, ён на сваёй тэрыторыі. А што зрабіў бы ты, каб на нашым панадворку швэндаўся незнаёмы з сабакам?
Дзік унурыўся і прыгнечана паплёўся за мною. Я сеў на лаўку і заняўся купленай па дарозе газетай, Дзік лёг у нагах. Ён трывожыўся: час ад часу падымаў смутныя вочы то на мяне, то на жоўтага ахоўніка аплеценага хмелем ганка. А той на момант сціхаў і зараз жа ўсходжваўся яшчэ мудрэй.
Каб спыніць узаемнае псаванне сабачых нерваў, я ўстаў, мерачыся перайсці на далейшую лаўку. Падхваціўся і Дзік, вільнуў мне хвастом і, угнуўшы галаву, на ўсю сілу прыпусціўся на ганак да звяглівага сабачкі.
— Будзе бяда! — мільганула думка, але адклікаць, спыніць сабаку я не паспеў, ён пабег пад самы ганак.
Брэх жоўценькага дасягнуў найвышэйшых нот вакалу, Дзік пад носам у яго крута завярнуўся, уціснуў хвост і на такой жа хуткасці пачаў уцякаць.
Тут выказалася неадольная ўласцівасць сабачай натуры: глядзець на таго, хто ўцякае, і не кінуцца наўздагон — звыш сабачых сіл.
Не вытрымаў і гэты жоўты сабачка. Кумільгом скаціўся з прыступак і ўлёг за ўцекачом. Калі ён адбегся крокаў на дзесяць ад дому і, поўны ваяўнічага запалу, ледзь не хапаў Дзіка за ногі, той раптоўна стаў і спружыніў на лапах. Разявіў сваю велізарную пашчу — ад здзіўлення я не мог падаць голасу, — але вельмі далікатна ўзяў малога за каршэнь, патрос у паветры і, не зрабіўшы ніякай шкоды, паклаў на траву.
Жоўценькі рызыкант завішчаў ад абразы і нечаканага пакарання і, каб не нарвацца на горшае, падаўся, пабрэхваючы, пад ахову родных дзвярэй.
Я паспяшаўся пайсці з месца здарэння, не столькі ўнікаючы сутычкі з гаспадарамі пакрыўджанага, як не могучы дайсці да ладу, што ж адбылося.