На завароце алеі Дзік дагнаў мяне і пераможна вільнуў хвастом. Я зрабіў выгляд, што не бачу, сабака не адбягаў і не аставаўся, ішоў са мною «лапа ў лапу». Тады я вырашыў ужыць не раз ужываны сродак, які, аднак, дзейнічаў мацней за любое пакаранне.
— Абух! Апошні лопух! — пачаў я ўшчуванне словам. — Глядзець на цябе не хачу. Не трэба мне такога сабакі.
Дзік на вачах набываў надзвычай пануры і вінаваты выгляд, яго прабіралі такім чынам за неэтычныя адносіны да паштавіка або да суседзяў і за ўсялякія іншыя правіны. Сабака ад праборкі страшэнна засмучаўся, стараўся стаць непрыкметным, зашываўся на сваё месца ў кут за шафай, там клаў галаву на лапы і ўздыхаў цяжка, як апоены конь, на ўвесь пакой.
Цяпер адбывалася нешта іншае. Ніякай правіны за сваёй сабачай душою ён не адчуваў, не адчуваў нічога такога і я, калі не лічыць здзіўлення ад вынаходлівасці правучыць нахабніка і забіяку.
Як відаць, сабака ўлавіў у маім голасе не грозьбу, не сур’ёзнае папярэджанне, а звычайны смех. Так яно і было. Перад вачыма стаяў пацешны малюнак няўдалай сабачай пагоні і расправы: жоўтыя лапкі недарэчна трапяталіся ў амаль паглынуўшай усё тулава жоўценькага пашчы і тыя ўцёкі сабакі дамоў, з аглядкай, з брэхам і павіскваннем.
— I ўсё ж ткі ты не дурань, Дзік! — я не датрымаў сур’ёзнасці. Сабака падскочыў, учуўшы іншы тон размовы, лізнуў мяне ў бараду і не даў дагаварыць, што ён самы прыемны і кемлівы з усіх знаёмых мне прадстаўнікоў ягонага роду.
Усё стала на сваё месца.
Канстанцін Міхайлавіч слухаў мяне ўсмешліва, хоць я і пабойваўся, што магу расхваляваць яго прыгадкаю пра парк, дзе некалі стаяў ягоны дом, пад дахам якога жыла ўся цалкам, не кранутая вайною і часам, сям’я.
На шчасце, сумныя прыгадкі абмінулі яго, а пасур’ёзнець Канстанцін Міхайлавіч пасур’ёзнеў.
— Можна сказаць, сабачая правакацыя. А можа, нават стратэгія: задуманы і складзены план аперацыі, як сарваць ворага з ягонай тэрыторыі і пакараць. I бліскучае выкананне…
Надышло маўчанне…
— Трэба думаць, — зноў пачаў Канстанцін Міхайлавіч, — розум жывёл і не такая ўжо няпэўная катэгорыя, як мне здавалася. Толькі, я сказаў бы, у апісаннях асаблівага спрыту і выяўленняў разумнасці жывёл цукру сыплюць трохі больш, чым трэба. Скажам, пра дэльфінаў шмат наманена.
Канстанцін Міхайлавіч успамінае, што ў доме Аркадзя Куляшова былі вымушаны адмовіцца ад вавёркі. Купілі новую мэблю, пафанераваную арэхам. Жывёлінка ўнюхала смачны пах і, не зважаючы на хараство рэчаў, самым бессаромным чынам абгрызала іх.
Вавёрку завезлі ў Каралішчавічы і выпусцілі ў лес непадалёку ад пісьменніцкага Дома творчасці. Было сумна дзецям, уздыхалі ўпотай і дарослыя — доўга жылі разам, папрывыкалі.
Праз дзень засмучаны паэт паехаў у адведзіны. I не паспеў выйсці з машыны, як вавёрка скочыла яму на плячо. «Паглядзела, — расказваў ён, — нібыта спытала: што ж ты за гаспадар такі, калі мяне адцураўся?» А пагладзіць, палашчыць, як дома, не далася, — зноў ускочыла на дрэва. Назаўтра ж не прыйшла ні на голас, не паквапілася і на павешаную дошчачку з арэхамі.
— Знайшла новых сяброў, — заўважае Колас. — больш блізкіх сваякоў, як людзі.
Сярэдзіна сакавіка. Пасля доўгай напаўадліжнай шэрасці — сонца і лёгкі маразок.
Колас кліча выехаць за горад, куды-небудзь па Магілёўскім шасэ. У раёне аўтазавода шафёр просіць дазволу спыніцца, падкачаць балон.
Заязджаем у завулак і спыняемся з боку ад праезджай часткі. Сонца прыгравае, у машыне робіцца горача. Канстанцін Міхайлавіч прачыняе дзверцы.
У двор абгароджанага штыкетнікам двухпавярховага дома ідзе адталая палоса жвіру, зусім чыстая, снег трымаецца толькі з бакоў.
Паабапал палосы сядзяць дзве шарэнгі вераб’ёў, замурзаных, мокрых, але ў спартыўнай гатоўнасці.
Нібыта па нейкай нячутнай камандзе, яны скачуць у жвір, зарываюцца як мага глыбей грудзінкай і смешна пацепваюць крыльцамі, абсыпаючы сябе пясчынкамі. Пасля стрымгалоў перапырхваюць у снег, прарабляюць там такія самыя працэдуры, як і ў пяску, і ціўкаюць, няйначай ад задавальнення.
— Гэта што за дзіва? — цікавіцца Колас.
Набліжэнне чалавека не робіць на вераб’ёў ніякага ўражання, яны не ўзлятаюць, не адскокваюць убок, а па-ранейшаму, дружна і весела, займаюцца пачатаю справай.
Тут узнікае нечаканае падабенства: гэта ж як тыя заўзятыя ахвотнікі да густой і гарачай пары, што, нахвастаўшыся венікам, бягуць пакачацца ў снезе.
— Вераб’іная лазня, — рагоча, падыходзячы, мужчына з гаспадарчым кошыкам. — Тут цеплапровад амаль па версе пракладзены. Вось яно і растае хутчэй, пясок ужо зусім сухі і добра цёплы. А вераб’і і рады: адмываюцца пасля зімы.