Выбрать главу

Чалавек пераводзіць вочы на машыну і пытаецца напаўголаса:

— А не Колас там? Ён… Дык скажыце яму, што ў нашу лазню вераб’і з паўгорада ляцяць мыцца. Можа, ён напіша калі і пра іх, і пра нас.

Рушым у дарогу. Пераказваю Канстанціну Міхайлавічу толькі што пачутае.

— Вось табе і вераб’іная лазня. Выходзіць, і яны не любяць жыць у брудзе. А колькі тае птушкі — дзюбка і камячок пуху. Умеюць даць сабе рады пасля зімовай навалы. I месца знайшлі, і ўсім сваякам абвясцілі. Акурат як мы, людзі. Аднаго не хапае…

Пад вусамі Коласа зноў усмешка: чакай жарту.

— Калі лазня, дык трэба і ларок паставіць. Прадаваць там сланечнік і які-небудзь вераб’іны ліманад. Добра пасля лазні!

Багата на якіх дарогах давялося пабыць з Якубам Коласам. Ездзілі ў кірунку на Слуцк і Баранавічы на незабыўныя па шчырасці сустрэчы з ягонымі выбаршчыкамі. Надоўга спыняліся на застаўленым старымі дубамі беразе Свіцязі, дзе ён стаяў і думаў, узнаўляючы, відаць, перад вачыма малюнкі даўно бачанай красы.

Гэтаксама, як і на Нарачы, дзе цэлыя вечары слухаў, як рассыпаюцца хвалі каля начнога кастра, а потым, ад’язджаючы на Мінск, добрых два дзесяткі кіламетраў не адрываў позірку ад сіняй люстраной прасторы, што праводзіла яго з Купы аж за Мядзель.

У мілым яму Навагрудку некалькі разоў абыходзіў курган Міцкевіча, аглядаючы навакольныя пагоркі са старымі будоўлямі, завітваў нават на прытульны вакзальчык вузкакалейнай чыгункі. Як у дзіцяці, свяціўся ягоны твар, калі дзівіўся з крыштальных цудаў, што выходзілі з-пад чалавечых рук на шклозаводзе «Нёман».

Пашчасціла пабыць з ім і на самім Нёмане, у Стоўбцах і Мікалаеўшчыне, на землях, дзе пачынаўся і дужэў яго мужыцкі род, каб пусціць у свет такой магутнай душы паэта.

Гэтых сустрэч не параўнаеш з ніякімі іншымі. На пад’ездзе да родных мясцін Якуба Коласа было не пазнаць, здавалася, добрыя два дзесяткі гадоў злузаліся з плячэй і вызвалілі яго ад перажытых нягод. Зірк яснеў, грудзі дыхалі вальней, мова рабілася жвавейшая і часцей аздаблялася жартам.

Нічога дзіўнага: Колас вяртаўся ў маладосць, на пратаптаныя дзіцячымі і юнацкімі гадамі сцежкі. Недзе ў палавіне Стоўбцаў, адкуль шлях выкіроўваўся на Мікалаеўшчыну, Канстанцін Міхайлавіч спыняў машыну літаральна на кожным скрыжаванні ці адгалінаванні дарогі або на ўскраінах гаёў. Тут расказваліся чутыя і чытаныя ў «Новай зямлі», а часамі і новыя прыгоды, выхваляліся грыбныя і ягадныя мясціны. Прыгадвалася мноства знаёмых людзей — найчасцей па мянушках, якія звычайна куды лепш пасуюць да чалавека, чым сапраўдныя прозвішчы, бо не паходзяць ад імён або прафесій заснавальніка рода (Ігнат, Сымон, кравец, каваль), а прыстаюць навек да каго-небудзь пушчаныя мясцовым вастрасловам з назіральным да чалавечых пахіб або ўдач вокам. Зрэшты, пра ўсё гэта прыгадвалася ў апошнім выданні мае кнігі пра Коласа.

I ўсё ж перад вайною, а таксама ў пасляваенныя гады, калі пабачыцца са сваякамі і сваімі мясцінамі перашкод не было, найбольш частымі, вельмі ўлюбёнымі ў Коласа сталі паездкі па Магілёўскай шашы ў бок Бабруйска.

Насуперак агульнапрынятым уяўленням, нібыта з узростам людзей усё мацней вабяць куткі, дзе бытавала іх маленства і юнацтва, Колас расшукваў сабе іншыя, непадобныя на абжытыя некалі, абдараў іх прыхільнасцю і любоўю.

Пойдзем услед за падзеямі і настроямі паэта. Вярнуўшыся ў 1921 годзе з Куршчыны, Канстанцін Міхайлавіч доўга не меў магчымасці абняць блізкіх, зазірнуць у хацінку бацькі-лесніка, дзе нарадзіўся, дамы, дзе даводзілася вучыцца, дзе напісаўся першы верш. Малая радзіма адлучалася мяжою, а без размовы з прыродай, без сябравання з душой земляроба, без яднання з зямлёй-карміцелькай Колас не ўяўляў улюбёнай работы дый наогул існавання сябе самога.

Трэба было шукаць чаго іншага, блізкага ці хоць бы крыху падобнага на тое, чаго патрабавала душа. Каб ставала сонца сабе і хлапчукам, каб звісала цішыня з лап ялін і хвоек, а пад імі — выглядалі розных адценняў баравікі, ды каб рэчка плюскатала непадалёку — ой, як слаўна падсеч у ранішнім халадку плотку або падлешчыка. I яшчэ адна акалічнасць: ад’ехаўшыся ад горада, мець магчымасць на спакоі паразмаўляць з папераю. Праўда, ад’язджацца далёка ад сталага месца работы, грамадскага і выдавецкага клопату не выпадала. Прыгарадныя цягнікі хадзілі скупа, пра аўтобусы і машыны і гаварыць няма чаго, стрэнецца адна ці дзве за дзень, змушаючы вылузвацца з аглабель спуджаных коней.

Даводзілася сяліцца поблізу Мінска. Такім чынам у 1922 годзе спыніўся летаваць у вёсцы Сёмкава, як на цяперашнія сродкі транспарту, гэта амаль прыгарад Мінска. Заслаўскае вадасховішча тады не падпірала там дамоў, амаль усутыч скрэблася рачулка з балацянымі берагамі, пад вокнамі шумеў хвойнік і — галоўнае — вельмі ціха.