Аднак тут Коласу нечага бракавала, магчыма, ніштаватая адлегласць ад чыгункі, і ў наступным годзе ён выбраў Антонава — паселішча на другім баку горада, таксама з рэчкаю і невялікім лесам, і станцыя пад бокам. Налета знялі дом у жыхара Калодзішчаў Лагуноўскага: поблізу чыгунка на Маскву, а што тычыць грыбоў і ягад, дык Калодзішчы ў той час лічыліся вельмі багатым на іх месцам, а Коласава душа была да гэтай справы далёка неабыякавай.
Пасля Калодзішчаў месцы летняга адпачынку зноў, і на гэты раз даволі стала, выбіраюцца на захад ад сталіцы: хоць на крок, ды бліжэй да бацькоўскага дому! Думка пра Мікалаеўшчыну з яе ваколіцамі, можа, і не часта выказвалася перад людзьмі, але рупіла неадступна. Ждановіцкі, як цяпер кажуць, рэгіён даволі доўга прывячаў свайго летняга жыхара. У 1925 годзе ён спыніўся на вёсцы Патрэба, упадабаў дом Рыгора Маркевіча, але праз год не вярнуўся туды, атаўбаваўшыся на хутары Іваноўскага. Не ўтрываў доўга і там, затое з 1927 аж па 1931 год пражыў на хутарах у Ціхановічаў.
На гэтым, можна сказаць, і канчаецца Коласава летаванне поблізу Ждановіч. Відаць, не ўсё там і не ў належнай меры адпавядала настрою душы, не хапала суразмоўнікаў, не выспявалі ці не па-ягонаму ажыццяўляліся задумы.
Мушу адхіліцца і зрабіць папраўку. У ранейшых маіх публікацыях успаміналася Банцараўшчына, невялічкая вёсачка на беразе Свіслачы, дзе як быццам жыў Якуб Колас і ранічкаю, шкадуючы будзіць сына, выганяў папасвіць карову на роснай траве. Як пасведчыў Д.К. Міцкевіч, асноўны «пастух» неабходнай для здароўя сям’і хатняй карміцелькі, у Банцараўшчыне яны ніколі не жылі, але наведваліся туды да знаёмых. А што пасвіць карову, то ён пасвіў, крыўдуючы на нялёгкую долю, і нават пераганяў яе апошні раз пад восень 1931 года ў горад. Гнаў ды не дагнаў: па дарозе з каровай прычынілася нейкае няшчасце, і з ёю давялося развітацца.
Спрабую разабрацца, адкуль узнікла мая памылка. Недзе ўлетку 1931 года мне спатрэбілася наведаць кагосьці з маладых пісьменнікаў, які жыў у ждановіцкім доме адпачынку. Пакуль ён адбываў абед ці дакторскі агляд, мне заманулася прайсціся па лесе: вельмі ж павабны, ану, грыбка выгляджу.
— Не варта, — адраілі мне, — тут на ўсходзе сонца Колас з кошыкам хадзіў. Так што дарэмная твая турбацыя.
Праз некаторы час усё ж мой пошук быў узнагароджаны двума ці трыма ладнымі трафеямі.
— Ого-го! — пасмяяліся хлопцы. — Выпараў грыб пасля самога Коласа. Пакінь, мы яму заўтра падкінем на вочы.
— А хіба і Колас з вамі жыве?
— Не з намі, а недалёка тут. У…
I вось тады, відаць, была пачута назва «Банцараўшчына», пачута і запомнена праз сваю нязвыкласць.
Прынамсі, у запісах размоў з Якубам Коласам гэта назва не адшукалася. Хоць, наогул разважаючы, магла і ўспамянуцца, калі заходзіла размова пра гасцяванне ў тамтэйшых знаёмых («А быў я тады ў Банцараўшчыне»).
Як там было, зараз не дакапаешся, але хадзіць у грыбы і лавіць рыбу на берагах Свіслачы ў Ждановічах у наступным годзе Колас не вярнуўся. Не без таго, што і кароўку сваю шкада было, не хацеў трапляць на абходжаныя за ёю лугавіны.
Паэт пачаў шукаць прыстанішча, рушыў уверх па плыні Свіслачы. Праўда, перабыў лета 1932 года на Пцічы ў Забалацці, дзесьці паміж Воўчкавічамі, дзе зараз разлілося вадасховішча, і Сенніцай, да якой, паводле старога даведніка, было ўсяго 9 вёрст. Здаецца, і неблагое месца, а не прывязала да сябе. Іншая справа — Талька. Адсюль ужо бярэ пачатак і кірунак выездаў на Бабруйск, пачынаецца аселае жыццё на Свіслачы. Тут упадабалася, Колас з Марыяй Дзмітрыеўнай і сынамі пражылі ў доме Яўсейчыкаў цэлых два гады — 1933 і 1934.
Але нечакана-негадана зусім поблізу ад Пухавіч адшукаўся цэлы куст невялікіх вёсачак і асобных сядзібаў: Загібелька (1935), Падбярэжжа, у Асіеўскага (1936), Вусце, дзе Колас пасябраваў з сем’ямі Дзяткаў і Жукоў. Нарэшце Беразянка, тут ён захацеў пабудаваць летні дамок і пражыў да самай вайны (1939–1940), абранае ім паселішча раздзяліла лёс Хатыні.
Трапіўшы ў гэта кола прыгожых назваў і яшчэ больш прыгожых — зірнеш і аж зажмурышся! — мясцін, Колас не шукаў нічога іншага. Не таму, што не ведаў ці не бачыў лясных, вадзяных, пясчаных, лугавых дзівосаў, на якія так багата Беларусь. Проста ён знайшоў тое, чаго найбольш жадалася. Ёсць дзе пасядзець з вудай, за плячыма ліловыя верасовыя даліны, весела чаргуюцца пагоркі і ўзлескі, дзе на кожным кроку — адно паспявай нагінацца! — пазіраюць з-пад чарнаватых капялюшыкаў баравікі.