А галоўнае — павольныя і грунтоўныя размовы з мясцовымі знаёмымі, што неўзаметку зрабіліся сябрамі. Гаварылі пра надвор’е, загадвалі, які будзе ўраджай, меркавалі, як абысці пахібы ў калгасе або раёне. Шмат каму Колас дараваў кнігі, чытаў вершы, найчасцей толькі што напісаныя. Удзячныя слухачы дапускалі яго да свае работы: часамі ўдавалася прайсці з касцамі шырокі пракос ад краю да краю, пакідаючы на пакошы сляды босых ног.
У доме жыла радасная цеплыня. Прыветлівая сяброўка адчувала настрой, умела гаспадарыла, выхоўвала дружную тройцу сыноў, — клопату і ўвагі ставала і на гасцей.
Так, не замяняючы і захінаючы сабой радзіму маленства, у душу ўваходзіла новая радзіма, радзіма сталасці таленту, радзіма блізкіх духам людзей, здатных на шырокія здзяйсненні.
Жывыя сведчанні гэтаму — вершы, напэўна, самыя натхнёныя, нездарма аб’яднала іх кніга з простай і ёмістай назвай «Мой дом».
У верасні 1939 года мяжа была скасавана. Колас сустрэў родных, падыхаў густым жаццядайным ветрам вакольных бароў, дакрануўся да вытокаў свайго паэтычнага юнацтва, прыгадаў пачатак шляхоў у рэвалюцыю.
Доўгачаканае ўз’яднанне народа! Колас пісаў уздымныя радкі вершаў і артыкулаў, гаварыў прамовы, усё гэта — вялікай уражальнай сілы. I зразумела, прыязджаў у Мікалаеўшчыну пабачыцца, пагаварыць. I дапамагчы — там здарыўся пажар, трэ было будавацца.
Дзяліў з землякамі і святкі і няўдачы, усё прымаў у душу і на плечы. Аднак, трымаючыся душою за бацькаўшчыну, паездак па Магілёўскай шашы адхіліць не мог, новая радзіма, хоць і знойдзеная пазней, трымала моцнымі повязямі.
Адразу ж пасля вайны канечны пункт яго маршруту на Бабруйск вызначыўся цвёрда: Балачанка, малая вёска на беразе аднайменнай рачулкі. I сябры адшукаліся: сям’я Дзяткаў, іх ведаў з часоў даваенных, калі жыў у Вусці. Пра гэта паўней расказана ў маёй кнізе, тут жа больш-менш пэўна пералічаны месцы пражывання Якуба Коласа ў надзеі, што там пралягуць турысцкія маршруты, а даследчыкі пройдуць па іх першыя і, магчыма, знойдуць новыя весткі да біяграфіі паэта.
Дадам: недалёка ад Магілёўскай шашы знаходзіўся пісьменніцкі Дом творчасці. Там Колас жыў і ці раз заязджаў. Яго помняць: пакой — адразу направа ад увахода, лаўка пад старой ялінай — месца адпачынку на сцежцы са сталовай у дом — і лаўка за газонам, дзе штодня палілі касцёр. Тут ён гаварыў з маладымі, вучыў іх і, як прызнаваўся, больш вучыўся сам — гэта пакаленне было багатае на вопыт вайны і працы.
Неўзаметку, можна сказаць, на нашых вачах, ён перайшоў з мінулага стагоддзя ў цяперашняе і ўжо размаўляе з наступным, не ў прыклад шмат каму з шумлівых і порсткіх, даўным-даўно забытых прэтэндэнтаў на літаратурнае даўгалецце.
Амаль шэсцьдзесят разоў гартаўся каляндар, напамінаючы, як у гарачы дзень жніўня мяне калаціла над чарнавіком пісьмовае работы пра Лабановіча на экзамене ў педагагічны тэхнікум, і, падняўшы вочы ад паперы, я знерухомеў ад здзіўлення і нечаканасці: пры настаўніцкім століку сядзеў аўтар, той самы цудадзей, хто навекі замацаваў у свядомасці незраўнаныя краявіды палескай глушы, хараство палескай душы, першае калючае каханне палескай дзяўчыны Ядвісі.
Без малога тры дзесяцігоддзі мінула ад апошняга, слуханага разам з ім плюскатання нарачанскай хвалі пры невялікім, з пахам смалы, іскрыстым вогнішчы і слупком дыму над полымем, які хорашанька, быццам скачаная з сіняга воску свечка, раставаў у высачыні, куды не маглі сягнуць нават яго прытомленыя, але зоркія вочы.
I яшчэ, тады ж сама.
Паехалі правесці яго да недалёкага паселішча, адкуль меў пакіравацца ў сталіцу на высокі форум рэспублікі. Тую адлегласць праскочылі няйначай за хвіліну, машына прыпынілася. Ён падаў руку ўсім праважатым, не моцна, але паціснуў: на далоні засталася лёгкая цеплыня дотыку.
I ўжо астатняе з тае расстайнай часіны.
На завароце дарогі ён нізка апусціў шкло ў пярэдніх дзверцах машыны, чаго ніколі раней не здаралася — не любіў чуллівых праводзін, — памахаў рукою і, здалося здалёк, пасміхнуўся. Не толькі ўсім, хто стаяў, не чуючы пад падэшвамі гарачага жвіру прасёлачнай дарогі, а пасылаў усмешку і вузкай палосцы прымглёнай Нарачы, лесу, што заставаўся леваруч, і таму, што расхінуў прахалоду галін, выводзячы да ўздарожных прысад, на гасцінец.
Не ў той момант з’явілася, пазней прыйшло і ўжо не адступілася адчуванне: гэта быў міжвольны, неўсвядомлены рух расставання назаўсёды. Нахлынула ў душу цьмянае прадчуванне блізкай ростані і папрасіла выйсця на людзі.