Выбрать главу

Дапэўніўшыся, што хворы пачаў хадзіць, дзед паклікаў унука і сказаў: «Ідзі на могілкі і выкапай пад крайняю бярэзінай яму. Толькі сам капай, каб ніхто не памагаў. Выкапаеш, пакладзі мяне ў труну, яна ўжо гадоў дзесяць пад паветкаю стаіць, сам рабіў, браку няма. Ідзі, а я тым часам памыюся, чыстую кашулю ўзлажу».

Пацалаваў унука, а калі той вярнуўся з могілак, дык дзед сядзеў у садку пад яблынькай, проста на траве, чысты, светлы, з усмешкаю на твары. Давай унук гукаць, а стары ўжо не адказвае: адбыў у невядомыя краі.

— Што тут праўда, што не — цяжка сказаць, — Канстанцін Міхайлавіч пасунуўся ў цянёк, — за што куплена, за тое і аддадзена. Я гэта з дзесятых вуснаў чуў, людзі людзям гаварылі, але ўсе версіі зусім аднолькавыя. А як табе перадавалі?

Біяграфія сакольніка была для мяне ў навіну. Мой бацька спыняўся толькі на незвычайным умельстве дзеда: у тых выпадках, калі пасавалі найлепшыя хірургі, звярталіся да сакольніка. Ён састаўляў косці рукі ці нагі, густа намазваў зверху прынесенай з сабою маззю і браў у лубкі — кляновыя дошчачкі, таксама свае работы.

Канстанцін Міхайлавіч выслухаў і паківаў галавою.

— Так. Не помню, ці ў самой Мікалаўшчыне, ці ў якой з суседніх вёсак канчалі будаваць хату, заводзілі бервяно на апошні вянец. Яно сарвалася і перабіла хрыбет пажылому ўжо чалавеку. Дактары асудзілі яго на вечную нерухомасць. Тады сваякі кінуліся да сакольніка. Ён паслухаў і кажа: «Добра, заўтра пад вечар я ў вас буду».

Сапраўды, не паспела назаўтра зайсці сонца, прыджгаў. Ды яшчэ два гаршкі мазі фунтаў па дзесяць прынёс у торбачцы. А з Нягневіч у нашыя мясціны за суткі і добрым канём толькі-толькі прыехаць. «Я, кажа, напрасцякі, дзе лугам, дзе разоркаю».

Палажыў ён таго чалавека, як ты казаў, на кляновую дошчачку, другою прыціснуў зверху, вымазаў на яго адзін гаршчок мазі і моцна ўкруціў хворага ў ручнікі. Другі гаршчок аддаў гаспадыні: «Пастаў у склеп, цераз тыдзень здымі верхні ручнік, абкладзі хворае месца маззю, як гразёю, і зноў закруці. I няхай ён ляжыць на сонцы».

Выпіў дзед паўкварты гарэлкі, пажаваў гурочка і за работу нічога не ўзяў.

«Калі ён паправіцца, кажа, няхай прывязе мне пуд пшанічнай мукі, не куплёнае, а свайго памолу. У мяне зубоў мала, я цяпер больш зацірку ем».

Цераз месяц хворы пачаў хадзіць і першым чынам запрог каня і павёз муку ў Нягневічы. Сустрэў яго сакольнік і дзякуе: «Добра, што слова трымаеш. А муку вязі назад, я свае намалоў. Мне ж толькі трэ было дазнацца, ці хутка паправіўся ты. Каб гадоў дзесяць назад, я сам бы адведаў цябе, а зараз цяжкавата, дзевяты дзесятак размяняў».

Напаіў, накарміў ён прыезджага і толькі тады адпусціў дадому. «Жыві, кажа, і падбрыквай, толькі пад бервяно лішне не лезь. Ад паўторнага палому і я не вылечу».

— Паходзім яшчэ, Максіме! — Канстанцін Міхайлавіч падняўся і не міргаючы паглядзеў на заход сонца. — Адвячорак добры.

Ён ішоў, пільна прыглядаючыся, па сцежачцы ў глыбіню парасніку.

— Вось так і нам бы трэба, — раптам загаварыў ён, падразаючы рыжык, — не паміраць, пакуль не скончыш галоўнае справы.

У машыне Канстанцін Міхайлавіч сядзеў, выставіўшы правую руку на вецер.

— Гэтую гісторыю пачуў я ўжо, калі мы пераехалі ў Альбуць. Казалі, што віленскія дактары давалі старому вялікія грошы за сакрэт ягонай мазі. Я б яму і годнасці акадэміка не пашкадаваў. I за лекі, а больш за навуку на свеце жыць.

— Жыццё ў Альбуці ўзбагаціла мяне веданнем людзей. Тут я спачатку пачуў бясконцыя апавяданні пра Дзынгалу, а потым і пабачыў яго самога. Так дражнілі аднаго з мікалаўскіх сялян, бо ў маленстве ён спяваў:

Дзілін-бом, купляй мак За тры грошы альбо так.

Гаварыў Дзынгала смешна шапялявячы. Ніколі не паўтараўся, і слухалі мы яго разявіўшы рот. «Паефалі, — „х“ і „ш“ Дзынгала вымаўляў як „ф“, — мы з братам араць. Аралі-аралі, назаўтра пафлі сеяць — няма раллі. Чорт раллю ўкраў. Пасеялі мы на месцы ўкрадзенай раллі гароф.

Зарадзіла так, што няма куды падзець таго гарофу. Пачалі карміць ім кабана. Вырас кабан, раз’еўся. Паклікалі дванаццаць чалавек біць яго. Мужчыны закурылі, а маці ўпусціла кабана ў фату. Пакурылі, пара кабана біць, а яго няма. Фукалі-фукалі, трафа галоў не паскручвалі. Дзе кабан? Тады нефта адгарнуў венік у качэргаф, аж япрук пад венікам».

I яшчэ гэтак расказваў Дзынгала: «Раней цяжка жылося, ой, як цяжка! Вядома: панскае горла — як суконнае бёрда: колькі ні дай, усё глыне. А мужыку — ні абразоў памаліцца, ні нажа зарэзацца. Зямля — адзін пясок. Дый колькі тае зямлі — як старой бабе сесці. А тут яшчэ гора: дзед нарадзіўся, а бацька памёр. I немаведама, што рабіць: ці дзеда хрысціць, ці бацьку хаваць. У хаце грошай ні капейкі. Маці кажа мне: „Ідзі на плыты“.