Выбрать главу

Вось як багата намералася мераў часу і адлегласці з першага да апошняга спаткання з ім!

А раптам пачуеш з чыіх вуснаў, або з радыёгаласніка, ці сам вымавіш — Якуб Колас! — і адразу ўстае, узнікае, матэрыялізуецца перад вачыма ўся постаць.

Крыху каржакаваты, лесавога заводу дзядзька, дужы на рукі і ўпраўны на хаду: паўсажня дроў паколе і хіба калі-нікалі ўтрэ пот з чала, пойдзе са Смольні ад брата пабачыцца з сябрамі ў Стоўбцах, туды і назад — ладны кавалак дарогі — і разу не пасядзіць.

Твар? Не мудруючы майстравала яго прырода, затое асвятліла няўпыннаю працаю вачэй: яны пераказвалі ўсё чыста, што б ні рабілася ўсярэдзіне ў чалавеку.

Гэтак мала будзе сказаць на тыя дзівосныя вочы, каб не пакінуць іх у крыўдзе. Як быццам зусім звычайныя яны, карыя, на дні ці раз такія сустрэнеш.

Аж, не! За нейкія паўгадзіны маглі змяніць безліч адценняў: захопленасць празрыстай, з каменьчыкамі на дне, ручаінай і гнеў, літаральна гнеў, калі трапіць на вочы ў бары ссечаная ў палавіне нядбалай ці зухаўской турысцкай сякерай яліна альбо хвойка.

Гэтак і з людзьмі: глядзіць на суразмоўніка і дагаворвае сам сабе ўтоенае тым, недаказанае. А ведання свайго схаваць не ўмее ці не хоча і гэтым змушае на адкрытасць: чырваней, небарака, выкручвайся, як можаш, за наблытанае, але выгортвай адну праўду, без астачы.

Або ўгневаецца на заакіянскага грабежніка з пароды прэзідэнтаў, які мерыцца на паўсялюдскае знішчэнне ўсяго жывога на зямлі, і вочы яго тады смальнуць маланкай, пратнуць наскрозь, праз нейкі час іх зацьмяніць непрыхільнасць да некага несумленнага, нетрывалага на слова.

А як асядзе пакрысе каламутнае пачуццё нездавальнення, чыстае вока надарыць кропляю ласкі сябра і стане лагодным, пачне прымаць у сябе рух аблачын на небасхіле, гульні дзяцей, лёт ластавак у гняздзечка, будзе свяціць у ціхманай, усёдаравальнай дабраце.

Чамусьці думаецца, духоўнае жыццё ягонага аблічча найлепей выявілася б не ў мармуры і ў бронзе, не ў фарбе і ў сепіі, а прарасло ў звычайным дрэве — у якой-небудзь узгоркавай бярозе ці ў кругляку векавога дуба.

…Усё меншае і меншае неапісаных падзей, дзе былося поруч з ім, чаму здаралася быць сведкам, ходзячы поруч, радзеюць залатыя запасы і запісы пачутага ад яго, створанага самім і паднятага на дарогах народа.

Не забываюцца, не! Адно перайшло на паперу, другое — не даецца дастойна зрабіць гэта, а тое-сёе павінна добра паветраць у цяньку.

Колас не можа саўладаць з нервовым узбуджэннем. Кожнае слова, скіраванае, каб супакоіць яго, выклікае яшчэ большае абурэнне.

Хто ўгнявіў Канстанціна Міхайлавіча? Навошта называць тое імя! Скажам хіба — асоба пры пасадзе пакрыўдзіла беспасаднага, нават бездапаможнага ў параўнанні з сабою.

— Кім можа быць чалавек чалавеку?

Колас перабірае мноства негатыўных якасцей, быццам кладзе кожную на далонь, важыць і здзіўляецца, як гэта мова назбірала столькі?

— Ворагам, ненавіснікам, здраднікам, зласліўцам, зайздроснікам… Вунь колькі «з» налічылася, а гэты гук не сказаць каб з добрых быў. Кім яшчэ? Нядобразычлівым, абыякавым… Не, не! — перапыніў сам сябе і ўзгарэўся зноў.

Пачаў, прыгадаўшы зачэпку размовы, сцвярджаць і зараз жа абвяргаць сцвярджэнне — так у яго канчаткова фармуюцца думкі.

Перадаю не тую працяглую спрэчку з самім сабою, не сам працэс выпрацоўвання погляду, а ўсяго — сэнс выказанага — толькі перадаю: цяжка зрабіць іначай цяпер, па часе, паводле канспектыўных нататак. Ад аднаго ўсё ж не ўдалося ўсцерагчыся — і ў пераказе сям-там пракідаецца коласаўская інтанацыя. А гаварылася той парой вось што.

Абыякавыя не такія небяспечныя, як прыкрыя. А можа, і не гэтак: яны найбольш небяспечныя. Калі ты адчуваеш у некім ворага, дык сказаў гэта сабе ці перад людзьмі, і нічога болей тлумачыць не трэба. Адно не дай яму падняць галаву і дбай, каб абясшкодзіць яго намеры, зброя хай будзе напашэве.

Узрушэнне ў голасе Канстанціна Міхайлавіча ніяк не ўціхае. Па-ранейшаму горача ён даводзіць, што зласліўцы і шкоднікі найгоршую шкоду робяць самі сабе: іржа злосці і зайздрасці пераядае іхнія нутры…

На хвіліну Колас спыняецца і пытае, ці здаралася мне забывацца выключыць электрычны чайнік нанач? Пачуўшы адказ, усё ж тлумачыць: кіпіць-кіпіць, а выпарыцца апошняя кропля вады, тады вядома што. Паказвай не паказвай майстрам, служыць не будзе — перагарэў. Добра, што пажару не нарабіў.

Рысы падабенства закранутых у размове людзей з электрычным прыладдзем падагульваюцца: і тых і тых нельга з вока спускаць.

У гэты час звоніць тэлефон. Колас падымае трубку і даволі ветла з некім вітаецца.