Выбрать главу

— Здароў, здароў! Што парабляю? Ды якраз пра цябе гаворка… Што гаворым? Праўду гаворым…

Няўлоўная ўсмешка падымае шчотачку вусаў. Канчаў размову, ужо выразна пасмейваючыся.

— А ты чаго рагочаш? Я ж ні на кроплю не зманіў. Я па ім акурат і цаляў, калі пра чайнік успамянуў. Якраз зараз сама кіпіць гэты чалавечына: ягоную раўню па службе адзначылі, а яму таго не папала. Не можа стрываць, бядак. Вось і абівае званкі і парогі, ану і ўдасца сабе чаго выстарацца.

Даволі доўга сядзеў, падціснуўшы ніжнюю губу, відаць, спакмячаў.

— А ці навука тлумачыць такія дзівосы? Кране твая думка выпадкам каго-небудзь, а ён, калі ласка, гатовенек — голас падае.

Зноў памаўчаў.

— Загадка — чалавек, загадка. Перш за ўсё — сам для сябе. Бацькі — хоць абразы з іх пішы, а сыны — шалапуты. I наадварот — па тату з мамай папраўчыя ўстановы плачуць, а дзеці — першыя ўсюды. Ведаем жа шмат як быццам: і з чаго тая клетка складаецца, і ў якой прапорцыі, а няма каб узняць яе да жывога стварэння: тупай, здаровенька! Сотні гадоў разгадваем галоўную таямніцу. Можа, яшчэ столькі будзем мазгамі круціць. Напэўна, многае раскрыецца-такі неўзабаве…

Маўчанне. Нечакана востры пераход:

— Абы толькі свет зноў у вайну не ўскочыў…

Гэта яму заўсёды рупіць, пра спакой для чалавечай працы ў свеце не абыходзіцца ніводная гаворка, часта піша, не абмінае ў выступленнях. I заглядае далёка ўперад: небяспека малюецца ў грозных колерах і невымерных памерах, амаль як нам сягоння.

Простым чынам пераход да вайны ў нашай размове звязваецца з адносінамі людзей адзін да аднаго, кожнага паасобку — да ўсіх разам і ўсіх разам да кожнага.

Першае месца сярод вартасцей, па якіх пазнаецца сапраўдны чалавек, Колас аддае добразычлівасці. Колькі ён змяшчаў у гэтае разуменне, проста не выявіш, — замнога закладзена ў нетрах.

Зноў перадаю выключна змест і часамі інтанацыю размовы.

Важна, ой як важна, — гаварыў тады Канстанцін Міхайлавіч, — па лісце, па складзе мовы, па непераможным смутку ўгадаць, якое ў чалавеку тоіцца няшчасце і што ў яго за патрэба. I не толькі прыкмеціць, а і паслаць капейчыну на хлеб і малако сіраце, выстарацца для хворага курорту ці якога іншага медычнага клопату. Не здолееш сам, папрасі таго, хто зможа пасабіць, словам, пастаў просьбіта на троп, дзе яна свеціць, чаканая паратоўля.

I другое не зашкодзіла б нам. Абавязкова падперці слабога на няпэўных кроках — тут на ўвазе маецца літаратура — з яго могуць быць людзі. Ды смялей трэба было б браць пад сваю засень тых, каму цяжка абараніцца ад ліхога наслання. Глядзіш, адужэе, вылюдзее, і сам так, як ты, зробіць, вось і не звядзецца добрае насенне.

Размова разгортваецца, робіцца шырэйшая і пакрысе глыбее.

А ці варта даваць адчуць сваю перавагу каму іншаму? Нікому і ніколі. Хай у цябе важыць патрыяршы ўзрост, становішча, што кіем носа не дастанеш, а жыццёвай ці літаратурнай дасведчанасці — на сямёра. Гэта ўсё — справа набытная, няма чым выхваляцца.

Канстанцін Міхайлавіч вымавіў «набытная» і пасмакаваў, — відаць, слова ўспомнілася ўлюбёнае, але прызабытае.

Далей гаворыцца пра няпісаныя нормы паводзін і абыходку.

Выкладае хто малады перад табою катэгарычныя занадта або не вельмі грунтоўныя погляды — змоўч, дый пры людзях не знішчай, не збэшчвай, асабліва калі катэгарычнасць ці грубасць тычацца цябе аднаго, — не зліняеш. Зразумець жа, што ты, дружа, яшчэ лапавухі, можна часам і даваць чалавеку. Падрасце, дык паразумнее, а не паразумнее, усё роўна не дажыве са сваймі набыткамі веку — асяроддзе прыкмеціць і не даруе, абмяжуе якую хочаш пыху.

Іншая справа, калі хто замахнецца на тваю і ўсіхную праўду. Тут няма чаго губу адвешваць, трэба наводліў ляснуць. Каб пошчак пайшоў і нікому спакусна не было…

Падбіў вынікі гэтай часткі гаворкі дзядзька Якуб вельмі сцісла:

— А што нядобразычліўцы? Яны таксама сабе адну крыўду робяць. Калі не зычыш дабра другому, не чакай яго і сабе. Стане табе кепска, хто ў твой бок галаву паверне?

— Вы, дзядзька Якуб, — дазваляю сабе жартліва запярэчыць, — вы — першы і павернеце.

Канстанцін Міхайлавіч маўчыць. Не грозна пасопваючы, а мякка дыхаючы, пазірае за акно, нібыта вымяркоўвае, ці не знойдзецца там хто-небудзь, у чый бок ён не захацеў бы і позірку кінуць.

— Ну, гэта ты ўжо, мусіць, замнога цукру ў пірагі сыплеш.

Абрывае нечакана.

— А можа, і праўда — павярну. Стары стаў, цвёрдасць у карку не тая, — заключае ён жартлівай прыгадкай з фальклору.

I адразу ж абвяргае кінуты сабе дакор у мяккацеласці:

— Чаму я напачатку сказаў, што абыякавы горай за ворага? Бо такому ўсё роўна: што град ніву малоціць, што сонца сена сушыць, б’юць каго або лашчаць. Хоць сам не вельмі падабае хадзіць у бітых, падстаўляць пад поўху і левую шчаку пасля правае. Такіх звычайна лічаць добранькімі для ўсіх чыста, а яны і хочуць здавацца гэткімі. Тым часам быць добрым для ўсіх — рэч немагчымая. Сапраўды, — немаведама чаго можна чакаць ад абыякавых? Хутчэй за ўсё — усяго: самага лепшага — дапусцяць у сэрца клопат пра бліжняга, кінуцца гасіць пажар — або самага горшага, да ўцёкаў з поля бою, здрады, забойства. Ім няма розніцы, каму яны дапамагаюць або шкодзяць.