Вось якія паперы, Максім! I не пярэч. Гаворка — не ўся.
Некаторы час мы не бачыліся. Канстанцін Міхайлавіч пабыў у Маскве. Лясны санаторый зноў звёў яго з даўнімі добрымі знаёмымі, а праз іх — з прыгадкамі пра ўсё, што было, з угадкамі — што будзе…
Як быццам завершваючы тамашнія размовы і нашы колішнія, ён павёў мяне на захадзе сонца пад свой вяз пасядзець на лаўцы.
— Помніш, некалі мы гаварылі пра людзей? Больш пра благіх чамусьці…
— А дзе ж іх падзець, дзядзька Якуб?
— Нідзе не падзенеш. Дый не трэба, шкада. Калі з тысячы хоць адзін на добрае пакіруецца, дык усю тысячу варта хлебам карміць. Ведаю, на гэта можна махнуць рукою: усёдараванне, гуманізм задрыпаны… — Колас ужыў абыходкавы сялянскі эпітэт. — Не, браток, самы сапраўдны гуманізм: шанаваць усё жывое. Не знішчаць нічога жывога без канечнай на тое патрэбы, хіба што ў імя справядлівасці ўсіх. Ну, дык цяпер кажы: кім павінен быць чалавек чалавеку?
Амаль услед вымаўляе, відаць, доўга ношаную і нарэшце даросшую да выражэння думку:
— Чалавекам. А далей лічы сам: сябрам — па духу, братам — па ўчынках і духу, бацькам — па духу, учынках, па клопаце.
Колас набірае поўныя грудзі паветра.
— От бы ўсюды наўкол бачыць шчаслівыя твары… Ды ўмець расхмарваць чалавечыя вочы, каб у кожнага ў грудзях па птушцы спявала! Можа б, і стаў тады чалавекам чалавеку.
Так, ён быў — чалавекам чалавеку, — дзядзька Якуб.
Не якім там шрубікам, а мозгам і рукамі народа, які даў яму жыццё, падняў па-над прорвамі і вяршынямі і, маючы права чакаць сынавай адплаты, уклаў у вусны слова, каб даастатку выказаў, удзячны, годнасць нашу, гордасць нашу, дужасць нашу.
1981–1982
Раздзел, якога не магло не быць
Першыя звенчакі знаёмства з Якубам Коласам.
Чаму, калі, якім чынам я трапіў у дом да Коласа? Як сталася, што ён даверыў рукапісы і перапіску, абавязваў браць удзел у падрыхтоўцы артыкулаў, у выданні кніг. Ды яшчэ: перадаючы для друку напісанае ў апошнія гады жыцця, хацеў чуць маю, часта не згодную з ягонай, думку?
Пра самую складаную з гэтых работ — рэдагаванне «На ростанях», ужо расказана. А былі ж і «Адшчапенец», «П’есы», «Казкі жыцця» і сямітомнік.
А можа, і не трэба тлумачыць усё гэта? Адказ жа гатовы, ляжыць на паверхні. Коласу патрэбен быў памочнік: граматны — гэтай умове я адпавядаў; з пэўным літаратурным густам — у ім мне таксама не адмаўлялі; гаспадар свайму слову: сказана — зроблена; апошнюю якасць дапамог развіць Канстанцін Міхайлавіч.
Можна адказаць так, але гэтакі адказ — вонкавы бок праўды.
Уся праўда, цалкам, ляжыць зусім у іншым месцы, і перад тым як паказаць — дзе, мушу спыніцца яшчэ на адным. Якім бы лабавым ні здавалася прыведзенае меркаванне наконт вытокаў знаёмства з Коласам, яно ў аснове сваёй — добрасумленнае і можа задаволіць не толькі позіркі, што слізгаюцца па паверхні фактаў.
А бытуе ж — сам чуў! — і адказ адваротнага парадку. Мяшчане смакавалі чуткі пра нейкія звышверагодныя заработкі Коласа. Па-іхняму, іхнімі ж словамі кажучы, таму і падаўся «на лёгкі хлеб» да Коласа Лужанін.
Мераючы ўсё і ўсіх на сябе, яны не маглі ўявіць, што Колас з году ў год падпісваўся на пазыкі, аддаючы дзяржаве не менш чым дзве зарплаты і добрую палавіну выдавецкіх ганарараў. А колькі пазычак ішло з яго рук, беззваротных, вядома! Выручаў людзей ад суду за выпадковыя нястачы, дапамагаў у скрутным становішчы сіратам, удовам, студэнтам. Каб жа захаваліся хоць цэтлікі ад паштовых пераводаў…
Не буду больш пра гэта, гаварыў ужо, успамяну свае заработкі. Зарплата рэферэнта ў Акадэміі — тысяча рублёў, сто на цяперашнія — акурат столькі сама, як і ў Коласавага шафёра, і я працаваў у «Вожыку» ды яшчэ рабіў пераклады.
Пісаў я тады марудна, часта трацячы веру ў свае сілы: што ні надрукуй, адразу ж знаходзіліся прычэпкі. Праўда, дзверы ў газеты і часопісы — дзякуй ім — не зачыняліся, аднак я не выкарыстоўваў цалкам усе магчымасці. Канстанцін Міхайлавіч сам не заўсёды мог управіцца, задаволіць усе выданні, якім хацелася выйсці да выпадку з ягоным імем. Тады прасіў дапамагчы, падрыхтаваць прамову ці артыкул. Рабіць абы-што і абы-як для Коласа я не мог, а падняць гэту работу, ды сваю, яшчэ рэдакцыйную не стала б ні сілы, ні душы.