Выбрать главу

I я пакінуў «Вожык», застаўшыся на скупенькай акадэмічнай зарплаце. Па гэта не зважалася. Пераважалі другія акалічнасці, карэнне іх ішло ў глыбіню, дзеля чаго можна і трэба было адкідаць усё іншае: я ўжо не меў права расставацца з Коласам.

Не ў крыўду нікому будзь сказана, пасля смерці Марыі Дзмітраўны ён пачуваў сябе адзінокім. Сем’і сыноў неслі яму хатнюю цеплыню, кола іхніх сяброў і знаёмых ахінала яго дружбацкім клопатам, але не так, як хацелася, не так, як пры жыцці сяброўкі. Усё гэта было блізкае, Канстанцін Міхайлавіч клапаціўся пра ўнукаў і нявестак нароўні з сынамі, быў рады маладому тлуму людзей у доме.

Але… Было і але…

Няўмольна прыходзіла часіна заставацца аднаму. Сам-насам з думкамі, развагамі, сумняваннямі, смуткамі. Радасць і поспех было з кім падзяліць, а ўсё астатняе?

Чалавек цэльнай душы і яснага розуму, Колас меў сілу авалодваць сабою ў тым, што называюць чалавецкімі слабасцямі. Аднак гэта каштавала багата ўнутранай сілы і змушала да пэўнай стрыманасці ў паводзінах і нават у вобліку.

А тут часамі, проста па-чалавечы, па-старэчы, хацелася гадзінку пабыць звычайным, без высокіх адзнак і пасад, без славы і вядомасці, дзядзькам, добрым і крыху бурчлівым. Паскардзіцца некаму на хворыя рукі, на спрытняка, які прабіваецца ў навуку з міліцэйскім свістком, пахваліцца ўласнаручна абструганым яблыневым кійком, пагусці так сабе, абы пра што, без аглядкі на вечнасць і значнасць сказанага.

Такую неабходнасць адчуваюць, мусіць, усе людзі, і нельга не прызнаць іх права на падобную разрадку. На жаль, вельмі скупа даецца яна асобам буйнога дзеяння, чый кожны рух і кожны крок абмежаваны ў часе. Яны не могуць дазволіць сабе працяглага расслаблення волі і мускулаў, бо менш за ўсё жывуць для сябе. I, тым не менш, імкнуцца ў прастор вось такой, можна сказаць, бязважкасці, каб там забыць звычайную сваю вагу і набыць іншую, куды больш важную: вагу вольнай ад усялякага клопату душы.

Тут няма мовы аб нейкай дваістасці ці ізаляцыі ад асяроддзя. Менавіта хвілінны прамежак вызвалення ад штодзённых турбот, разняволення ад усяго чыста, апрача свайго духоўнага і душэўнага свету, трывалей настройвае на працяг дзейнасці ў тым жа кірунку, што і раней, у імя другіх. I чым большы і святлейшы быў момант духоўнага спачынку і заспакаення ў чалавека, тым больш святла і дабра выстараецца ён у агульную скарбонку.

Цяпер ужо ўсе ведаюць: не па птушку або якую звярынку хадзіў Ленін на паляванне — вяртаўся дамоў з пустымі рукамі, затое з поўнай, асвежанай яднаннем з прыродай, душою.

Ці трэба казаць, што значыць для пісьменніка часіна абсалютнага спакою сэрца і думкі? Яно толькі здаецца, што гэта руплівая двоіца, на кім трымаецца наша жыццё, калі-нікалі прабаўляе час у легкадумнай безразважнасці. Розум і пачуццё заўсёды напагатове ўспрымаць і ператвараць успрынятае. Хіба што сцішацца крыху, на імгненне, каб лепей сабраць мускулатуру перад новым кідком у пошукі чалавечых светаў і неасвоеных даляглядаў.

Што ж было з Коласам?

Нельга сказаць, што яму бракавала самоты, здаралася, яна заварвалася загуста — у такім стане быў патрэбен душнік: магчымасць сказаць слова і пачуць адказ.

Часамі Коласава патрэба ў шчырасці трапляла на сардэчна глухіх, на выпадковых, хто здаваўся чаго-небудзь вартым пад добры настрой ці ў сілу шматгадовай прывычкі лічыўся нават сябрам. Яшчэ горай былі абыякавыя: яны ўсё слухалі з поснымі тварамі, спачувальна ківалі галавою, а за брамай іранічна падсмейваліся, палічыўшы чуласць душы за слязлівасць узросту.

А Колас зноў шукаў і чакаў суразмоўніка. Пад час пошуку разгаварыўся трохі са мною. Зусім трохі. А каб раскрыўся на ўсю душу, на ўсю шчырасць і глыбіню? Напэўна, мая кніга пра яго напісалася б цікавей і засталося б запісаў другім не на адзін том.

Чаму Колас разгаварыўся са мною? Не ведаю, дакладна растлумачыць не магу. А ў самога дзядзькі Якуба ўжо не спытаеш…

Праўда, у яго пыталі, і не раз, што ён знайшоў ва мне, і не раз раілі паказаць парог. Ды ўжо ж не скажуць тыя дарадцы, з чым выпраўляў іх, выслухаўшы, Колас, бо хутчэй за ўсё адыходзілі, не памачыўшы блінца ў смятану. Аднак яны ведалі, штó робяць: квэцні дзёгцем па белай сцяне — і пасмярдзіць, і не адразу адмыецца. А з чалавека — і пагатоў.

Вось, пасля такіх захадаў дзягцярнага квача, вызваляючыся, відаць, ад яго пахаў і слядоў, Канстанцін Міхайлавіч аднойчы спытаў: