— I чаму ты такі благі чалавек, Максім?
Пытанне ўдарыла збянтэжаннем і горыччу, я не здолеў разгледзець ні добрага позірку, ні іранічнай інтанацыі і моўчкі падаўся ў дзверы.
— Дзівак! — ён затупаў па сходах услед. — Гэта ж не я кажу… Хіба ты не ведаеш, што ёсць людзі — божыя сабакі? Ідзі сюды!
I ўзяўся загладжваць ненаўмысную жорсткасць. Уважліва частаваў, гаварыў з усмешкай, пакуль не заўсміхаўся і я. Тады пераказаў, не называючы прозвішчаў, як мяне размалявалі яго неблагія як быццам бы знаёмыя. Малярная работа была не з тонкіх, чорнай фарбы ляпалі чым паболей, і яна сцякала, не прыстаючы.
Адсмяяліся, і стала нявесела. А мне — і страшнавата: нават Коласу даводзіцца гаварыць, паціскаць руку… А каму?
— Ведаю, пра што думаеш… — Мяккая, крыху гарачаватая далонь легла на калена. — Горка? I мне горка. Што ты ні ў чым і духам не вінават, таксама ведаю. А можа, сапраўды надумаўся перабегчы дарогу каму?
I махнуў рукою, нібы выганяючы праз акно ўсю прыкрату.
— У цябе ёсць што рабіць, і не з пустою душою ходзіш каля свае работы. Вось яна і сплоціць за ўсё.
Мілы дзядзька!
Як хораша было слухаць добрыя яго словы. Не год і не два яны давалі сілу нешта рабіць.
Здавалася б, напсаваць мне ў вачах Коласа нічога не каштавала. Але я заскочыў наперад, мінуўшы час, пра які ўзяўся ўспамінаць, калі ён яшчэ не адчыняў мне свой дом, свой свет, не клікаў разам у дарогу.
Супроць мяне сведчыла шмат каго і шмат чаго. У тым ліку і ўласны характар. Колькі разоў жадаў сабе лагоднасці і пераступчывасці! I ўсё роўна пёрся на ражон, вылазіў на трыбуну, ды яшчэ і гаварыў тое, што не ўсім магло спадабацца. Рой неасцярожна зачэпленых за жывое гуў яшчэ мацней: як так? Хто даў яму права? У яго ж ні пасады, ні імя, ні твораў.
Сапраўды, унутраны, вядомы толькі самому сабе зарад у разлік не ішоў. Даваенныя мае кніжачкі даўно пазабываліся, дый было ў іх хіба што маладое прагненне гаварыць вершам. Зараз паспеў напісаць і выдаць мала, няроўнага.
Так я і жыў: неспакойны, нашатыраны, з чуллівасцю яшчэ больш абвостранай таму, што мяне лёгка было зачапіць без дай прычыны: не даставаў кіем па рэбрах хіба толькі ляны.
I нават у такой няпэўнасці існавання я доўга вагаўся: ісці ці не ісці на запрашэнне Коласа? Хай сабе ў мяне нешырокая сцежка, але — мая, хай сабе незайздросная доля, аднак зноў-такі мая. А як будзе, калі пайду?
Нарэшце, павага да чалавека, любоў да пісьменніка ўзялі верх. Самалюбства пабунтавалася і здалося пакрысе. А што ты людскае робіш сам? Можа, дапамога Коласу і будзе найбольш вартай справай твайго жыцця…
Тым больш мяне не рэкамендавалі, не ўладжвалі, не шукаў нічога і я сам. Прапанова выходзіла ад Канстанціна Міхайлавіча і ў далейшым, як мы ўспаміналі, ён не даваў у крыўду нашы адносіны.
I я пайшоў.
Тое, чаго найбольш баяўся — пабягушачныя функцыі сакратароў у вялікіх — нават не пагражала. Коласу, па яго духоўным складзе, было агідна слугаванне і падлешчванне. Ён трымаўся на роўнай назе, папярэдліва і далікатна. Мне давялося прыняць на сябе драбнейшы клопат літаратурных спраў, вызваліўшы яму як мага больш часу на пісанне.
Пачаў знаёміцца з архівамі, кнігамі, перапіскай. Канстанцін Міхайлавіч не выходзіў з кабінета. Гэта насцярожыла: няма веры. Ну, а што ж табе — выкласці ўсё адразу, ці што?
Але Колас не проста глядзеў, што я раблю, ён гаварыў. Не праз ветлівасць падтрымліваў размову, а думаў уголас, свабодна пераходзячы ад засмучэння неспакоем у свеце пасля вялікай вайны да смешных назіранняў на акадэмічных пасяджэннях.
А было чута не раз і не ад аднаго чалавека пра нейкую «замкнёнасць» і «сухаватасць». Дзіўна!
Мне пацяплела. Адно было няёмка — мае наведванні заставаліся бясплённымі: разгарнуўшы якую-небудзь папку, я завязваў яе ў тым самым выглядзе — за размовай нічога не паспяваў зрабіць.
Пакрысе стала ясна: Колас размаўляе, вызваляючыся ад неадчэпных разваг, у нечым шукае падтрымкі, у нечым хоча праверыць, ці не па часе з’яўляюцца яго меркаванні, ці слушныя.
«Бяры паперу і занатоўвай! — было сказана самому сабе. — Гэткія падарункі не так часта валяцца з неба».
Я атрымліваў яшчэ і значна большае, на што быў галаднаваты. Цёплай парадай і спагаданнем я не быў укрыўджаны дома, хацелася таго і за хатнімі сценамі: хоць бы крышку зацікаўленасці ў тваім лёсе ад добразычлівага літаратурнага чалавека.
Шчаслівы выпадак прыйшоў сам. Не зусім сам. Канстанцін Міхайлавіч даволі доўга прымяраўся, перш чым прыехаць да мяне на Палярную з бутэлькай барышу, як у сваты. I амаль з дакорам глядзеў, калі я папрасіў даць час падумаць. Праз тыдзень, пачуўшы па тэлефоне маю згоду, сказаў зараз жа прыязджаць, загадаў гаспадыні рабіць «хуткую», без парэбрын, мачанку, цягнуць на стол усіх гатункаў грыбы.