Выбрать главу

Як і калі прыглядаўся Канстанцін Міхайлавіч да мае асобы? Давядзецца перабраць звенчакі сустрэч, дарма, што мімаходзь закранецца і расказанае ўжо ў розных раздзелах кнігі.

Наўрад ці ён мог чым-небудзь вылучыць мяне са стракатай і шумнай пісьменніцкай моладзі пад час даваенных паездак у Полацк і на Асінбуд. Дома ў яго тады пабыць не здарылася, і гэтага нават не палічыш за пачатак знаёмства.

Першы раз даволі доўга і весела паразмаўлялі ў маскоўскай гасцініцы «Еўропа», дзе жыў наш агульны знаёмы. Час — няпэўны: хутчэй за ўсё зазімак 1943 года. Снежань сорак чацвёртага прынёс некалькі сустрэч, ужо ў Мінску, — ён прыехаў пакуль што са старэйшым сынам у розгляды: дзе жыць і працаваць. Канстанцін Міхайлавіч часцяком заходзіў на вуліцу Берсана, там змяшчаўся Саюз пісьменнікаў, і ў адным з пакойчыкаў туліўся я.

Дзвярэй тады, не распытаўшыся, увечары не адчынялі — у горадзе было не вельмі спакойна. Канстанцін Міхайлавіч стукаў і смешна, тонкім голасам, прасіўся: «Гэта — я, Якавец!»

З перамоў наконт «Адплаты», дзеля чаго і прыйшоў першы раз Колас, я, кажучы праўду, збег, адгаварыўся работай. Права ўдзельнічаць у размове, калі ацэньваўся новы твор, трэба было заслужыць. Дый з паэмы я чуў усяго некалькі лірычных адступленняў.

На завяршэнне сустрэчы мяне ўсё ж выцягнулі з пакоя. Колас і Лынькоў размаўлялі. Гаворка не магла мінуць увесь той клопат, што паўставаў перад краінай: ні жытла, ні цяпла, ні адзежыны. Адна надзея на мужнасць народа, на яго трываласць — не адну адолеў бяду! Праўда гэта — самая горкая.

Ну так, нашы справы выкіраваліся на перамогу, але вайна не скончана, значыць, будуць і ахвяры і новыя ваенныя высілкі. А тут — хутчэй бы ўвайсці ў распарадак мірнага часу, аднавіць страты і забыцца пра іх, узяцца за новыя набыткі. Народ, як і ў вайну, вылучыць зараз мноства талентаў: будаўнікоў, арганізатараў, людзей пяра, смыка і фарбы.

У гэтым быў пафас невялікай рэчы, што мелася неўзабаве сысці з майго стала, і я кінуўся пераказваць Маркса, з чыімі думкамі не расставаўся працуючы: прыгадваў словы, якія ён любіў паўтараць, што праца ёсць бацька багацця, зямля — яго маці.

Колас здаваўся зацікаўленым.

— I гэта ўсё — Маркс? — ён узяўся за папяросу.

— Амаль слова ў слова…

— Тады я ўжо гадоў сорак, як пачаў вызнаваць ягоную веру. Калі і не чуў пра яго самога і не натрапляў на гэтыя думкі. — I тут жа лагодна пакпіў: — Дзе ўжо за вамі ўгонішся, за маладымі.

Госць пачаў пабірацца дамоў, і тут наведаць «Рыбакову хату», халодны драўляны дамок каля Акадэміі, быў запрошаны і я. Не абдзяліў ён увагаю і на бяседзе: не-не дый падымаў вочы і на мае словы.

Неўзабаве Колас выехаў у Маскву: жонцы пагражала бальніца і аперацыя. Следам я прывёз пеніцылін для хворай.

Канстанцін Міхайлавіч наведаўся да нас на Смаленскі бульвар, быў у добрым настроі і ўсё падхвальваў гаспадыніны галубцы. Але прыйшло і засмучэнне. Што такое пеніцылін, толкам ніхто з нас не ведаў, і вялікая ампула, хутчэй — колба, здалася пустою. А колькі было намаганняў дастаць гэты цудадзейны сродак! Няўжо стукнуў як-небудзь і ўсё вылілася?

Назаўтра адлегла ад сэрца — Колас пазваніў з самай раніцы.

— Цэлы пеніцылін, колюць ужо. А што мы яго хацелі ўбачыць, дык гэта праз сваю цемнату.

Перамогу нашай зброі, аб чым нязменна гаварылі пры мінскіх сустрэчах, яму давялося святкаваць у Маскве. Хворай не лепшала, аб пераездзе нельга было і думаць. Я ведаў пра ўсё гэта, бо застаўся на вуліцы Берсана адзін. Гаспадар кватэры паляцеў у Амерыку, пакінуўшы мяне пільнаваць тэлефон і маёмасць Саюза пісьменнікаў, у тым ліку «віліс» з хітраватым шафёрам. Званкі, паперы, даручэнні — хочаш не хочаш — валіліся сюды.

У вялікім горы, так і не пазбытым да канца жыцця, пазваніў з Масквы Колас.

З камяком у горле я хадзіў на могілкі, склікаў хлопцаў на пахаванне, нават гаварыў нешта каля труны.

Колас крыху затрымаў маю руку, развітваючыся на памінках. Яму стала лягчэй з людзьмі, а ці мала нас было гатова раздзяліць з ім частку смутку.

I яшчэ адзін звянчак…

Прыйшло запрашэнне ехаць у Ленінград, і Канстанцін Міхайлавіч нечакана згадзіўся. Напэўна, павялі ўспаміны, заманулася ў тыя мясціны, дзе быў у маладыя гады, са спадарожніцай, якую доўга помніла сэрца. Дый з Аляксандрам Пракоф’евым пабачыцца не шкодзіла, вельмі ж яны ўпадабаліся адзін аднаму пад час першага пасляваеннага пленума ў Мінску.