Колас аглядаў сховішчы карцін і скарбаў, месцы пахавання і зняволення, а то і проста так блукаў па вуліцах і плошчах вялікага горада ці па ўзмор’і, прыслухоўваючыся да пашумлівання лянога мора. Ласкавым гаспадарам было што паказаць нам, і яны стараліся, каб усё, чым яны даражацца, запала і ў нашы душы.
I Колас шырока расчыніў сваё сэрца.
Хадзіў і ездзіў, жартаваў і маўчаў, смяяўся і ўціраў слязу.
Выступленні, бяседы ішлі шчыльна адна за адною. У Камарове, прагаварыўшы ўсю ноч, праўда, нядоўгую, белую, на дачы ў А.А. Пракоф’ева, калі ўсе маладзейшыя ўжо ледзь трымаліся ад зморы, Канстанцін Міхайлавіч падняўся і, свежы, вясёлы, пацалаваў руку гаспадыні: «Давайце падымем першую чарку за Насцю!» I нібы сур’ёзна, у адказ на ўсмешкі сяброў, спытаў: «А хіба ж гэта не першая на світанні?»
Смешныя гісторыі, чытанне вершаў, сяброўскія кепікі, усё гэта пачалося наноў, як быццам бы людзі сапраўды толькі што спаткаліся. Канстанцін Міхайлавіч вёў рэй, ён любіў гэта старое слова: узяў графін — пінгвіна з паваротнай галавою — і па чарзе накіроўваў на прысутных дзюбаю: «Гавары, але каб было весела!»
А наперадзе яшчэ было некалькі сустрэч, дый гарадскі вечар наастатак. Але ўсюды мы паспявалі ў час — ён усё помніў, нават у гасцях не дазваляў пазніцца ні сабе, ні гаспадарам. I скрозь са здавальненнем гаварыў, выступаў з добрым поспехам, заваёўваючы ўсё шырэйшае кола прыхільнікаў.
Нарэшце, ад’езд… Часіны, афарбаваныя лёгкім смуткам развітання…
Светлы двухпакаёвы нумар гасцініцы. Твары даўніх і толькі што знойдзеных сяброў. Нам хораша разам у гэты апошні вечар…
I трэба ж было… Як на тое! Сюды трапіла непажаданая асоба. Усё азмрочылася. На Коласа, асабліва чулага ў такіх выпадках, было цяжка глядзець. Дзе падзеўся той неўтаймоўны філосаф і вастраслоў, па-эпікурэйску шырокі, жыццярадасны паэт, якім мы прызвычаіліся бачыць яго ў гэтыя дні? Каля высокага акна стаяў раптоўна пастарэлы чалавек і сумнымі вачыма пазіраў на шумную плошчу, нібыта трацячы сілу ад непамернага, раптоўна ўпаўшага на плечы грузу.
Добрыя нашы гаспадары як быццам нічога не разумелі. Некаторыя асобы з нашай групы відавочна пагадзіліся з прысутнасцю таго, непажаданага, — у свой час ім давялося разам напінаць адны гужы і пастронкі. А многія не жылі яшчэ ў Мінску і не ведалі, як размашыста гасіў аглобляю ён, няма знаць адкуль выплыўшы на раппаўскую плынь у рангу першага крытыка. Пасля кожнай праходкі яго па загонах айчыннай славеснасці заставалася здратаваная рунь, збітыя з ног аўтары і кнігі. У тым ліку Купалавы і Коласавы.
Пасля арганізацыі Саюза пісьменнікаў яму давялося пакінуць Мінск. Але, выштурхнуты самім паветрам новага літаратурнага ўкладу, гэты чалавек не растаў, як бурбалка, хоць і ўзнік акурат так. Пачаў з’яўляцца на нашых сходах і пленумах, пераплятаў у каленкор, рыхтуючы да выдання, таўшчэзныя, хвалебныя манаграфіі ўсё пра тых жа Купалу і Коласа. З ім вымушаны былі лічыцца знаўцы літаратуры, стваральнікі музеяў, выдаўцы — трымаў у руках матэрыялы. Кватэра яго была напакавана рукапісамі, фатаграфіямі, рэдкімі выданнямі, нацяганымі невядома якім шляхам з мінскіх, вільнюскіх і шмат якіх іншых дзяржаўных і прыватных сховішчаў. Ён угібаў у рукі нават перапіску Коласа з жонкай і не выпускаў, набіваў цану на памятку пасля нябожчыцы ці, можа, вышукваў спосаб выкарыстаць лісты якім-небудзь не вельмі прыемным для адрасата чынам.
А зараз ён сядзеў і выгінаў хрыбет — вельмі ж хацелася ў Мінск! Згодна і ўхвальна ківаў галавою, пасміхаўся на кожнае сказанае слова. Праз паказную ветлівасць было яшчэ больш прыкра. Але Колас трываў, дый нікому не хацелася псаваць сяброўскае свята.
Цярпелі… Пакуль той, каго мы назвалі непажаданым, вычакаўшы хвіліну, калі бяседа ўшуміцца і палагоднее, не ўстаў. I з бакалам у руцэ завёў: маўляў, папрацуем яшчэ разам, таксама дружна, як працавалі некалі… Ён меў неасцярожнасць папытаць у мяне пацвярджэння. «Праўда?»
Што можна было адказаць таму, хто з бруднымі ботамі таптаўся па «Новай зямлі» і «Безназоўным»? Ды яшчэ з поўнай аддачай рабіў высілкі, каб сапсаваць жыццё і працу нам, маладзейшым. Ён атрымаў адказ, але не тое, чаго чакаў. I выйшла няёмка. Мы былі ў гасцях: пакрыўдзіш каго-небудзь з прысутных — глядзіш, пакрыўдзіў і гаспадароў. Прамоўца сеў, працяўшы мяне пранізлівым позіркам чараўніка са «Страшнай помсты», ён у нечым быў падобны да гэтага гогалеўскага персанажа.
А гаспадары і не думалі крыўдзіцца! З аднаго боку паціснула руку Марыя Камісарава, з другога нахіліўся Павел Кабзарэўскі і прыемным баском праказаў: «Дзякуй…»