Выбрать главу

Канстанцін Міхайлавіч адмаўляўся, як мог, ад усялякіх знакаў увагі, але цёпла размаўляў, хораша прывячаў усіх. Яму было добра сярод гэтых адкрытых здараўцоў, радых, як малыя дзеці, недалёкай сустрэчы з блізкімі і сябрамі, родным ялінкам і бярозам за акном.

Не магло вытрымаць, любуючыся на тых людзей, сэрца, і Колас сказаў, хутчэй здзіўляючыся, чым сцвярджаючы:

— Ну і асілкі ж вы, хлопцы! З вамі і я Гітлера раскалашмаціў бы!

Нейкім чынам з гэтых слоў перайшлі на ўлюбёную забаву Канстанціна Міхайлавіча: хто чыю руку перагне, прыцісне да стала. I, можа, толькі адзін ці два з усяго тлуму саракагадовых палкоўнікаў і падпалкоўнікаў пераборалі.

Колас смяяўся, падахвочваў:

— Толькі не махляваць, не паддавацца!

А раніцаю забыўся пра спаборніцтва і ўсё не мог дабраць ладу: як быццам цяжкае работы не рабіў, а правая рука нешта пабольвае.

Спыняўся ён звычайна ў гасцініцы «Масква».

— А ты дзе будзеш жыць?

— Паспрабую ў іншым месцы папытаць.

Канстанцін Міхайлавіч хвіліну падумаў:

— А то — давай разам. Згодзен?

Нумар быў не дужа вялікі і душны. Канстанцін Міхайлавіч пайшоў у цырульню, наказаўшы:

— Абед — у гадзіну. Не пазніся.

Еў ён мала, не перабіраючы і, як высветлілася пазней, больш за ўсё падабаў снедаць і вячэраць у нумары: сядзі па-хатняму і размаўляй, не трэба ўлазіць у пінжак і завязваць гальштук, глуміць час на чаканне. Вяртаючыся з горада, я заходзіў у магазін, пакаёўка прыносіла кіпень і заварку — і па ўсёй турбоце.

Але раз на дзень Канстанцін Міхайлавіч кіраваўся на рэстараннае свяшчэннадзейства, пры крухмальных сурвэтках і крышталёвым посудзе. Пачцівы метрдатэль Васіль Іванавіч, схіліўшы галаву, прымаў заказ, раіў, чаго варта пакаштаваць, сам раскладаў салат і наліваў чарачку з запацелага графінчыка.

Гэта была праходка, а больш забава, і хаць стамляла, але ж і відавочна падабалася. Як і няўпынная гамана знаёмага літаратара, звычайнага яго спадарожніка на абедах, які лічыў сябе, ды, мусіць, і быў такі, неблагім знаўцам кухні.

У адзін з бліжэйшых дзён высокі гурман абвясціў: «Сёння частую я!» Заказваў усё адменнае, ушчуваў афіцыянта, загадваў дадаць такіх і такіх прысмакаў у рыбу, такіх і такіх у соус, нават чай зажадаў піць з самавара. Словам, людзкаваўся, на поўную губу дэманстраваў кулінарны густ і асвечанасць. Так ён і трымаўся як гаспадар стала, пакуль не падышла грозная часіна расплаты. Не разгубіўся і тут: зірнуў на рахунак і зрабіў паўзу, каб афіцыянт адышоўся, тады сказаў Коласу, колькі трэба плаціць, папрасіўшы даць грошы яму: ён сам разлічыцца!

Такое частаванне Коласу, відаць, было не ўпершыню, вочы яго праз усю гэтую даволі працяглую працэдуру не трацілі вясёлых іскрынак.

Пасля першага нашага абеду, ведаючы чуткі пра ашчаднасць Канстанціна Міхайлавіча, я хацеў заплаціць ці хоць бы дакласці сваю долю. Гэта было адхілена, мякка і някрыўдна, але рашуча. На самым ад’ездзе я папрасіў прынесці абед у нумар, падгадаўшы, калі Колас вернецца з пасяджэння.

Канстанцін Міхайлавіч зірнуў з-пад акуляраў:

— Глядзі ты… Баішся, каб хаця чыё не перайшло… Ну, няхай сабе… А падвячорак усё ж за мною.

Сказаў зноў-такі някрыўдна, па-бацькоўску: і ўшчуваючы, і з ноткай здавальнення: правільна робіш, чалавеча, — шануй людзей і шануй сябе.

Нашы «хатнія» падвячоркі былі радаснаю нечаканасцю: тут, уласна кажучы, і пачаў «расказвацца» мне Якуб Колас. Піў чай, часамі піва, і не спяшаючыся гаварыў. З велізарным ахопам прасторы і часу: уласнае маленства і тут жа вайна ў Карэі, думкі пра твор, вылучаны на прэмію, і прагнозы, колькі збяром збожжа.

Адкрываўся яшчэ адзін, зусім новы, Колас, не падобны на крыху халаднаватую постаць са школьных падручнікаў, прадмоў і бясконцых крытычных артыкулаў, не падобны нават на тую мудрую, усмешлівую і дапытлівую асобу, якая малявалася пры чытанні яго кніг.

Ва ўсіх разважаннях ясна і незнарочыста, а можа, і насуперак волі апавядальніка, было відаць фармаванне яго асобы, цвет і завязь думкі, мужанне і сталасць душы.

Так і праседзеў я на мілых падвячорках, слухаючы, радуючыся і здзіўляючыся адкрыццю, усе свае маскоўскія вечары. I хоць ускладаліся на іх іншыя надзеі, не шкадаваў. Думалася паглядзець добры спектакль, каб перабіць несмач банальных пастановак, абавязкова дыхнуць паветрам мастацтва дзе-небудзь у музеі, каб не сыходзілі з вачэй эталоны сапраўднага, каб не здаліся часам залацінкамі бліскучыя падманкі. Адскрэбаць густ ад выпадковага і наноснага, вывяраць меру патрабавальнасці, у першую чаргу да самога сябе, трэба абавязкова і рэгулярна. Моцна дапамагалі тут, хоць і не вельмі частыя, паездкі ў Маскву.