Пагналі мы плыты ў Коўню. Усё добра было, узялі разлік у падрадчыкаў-шафароў. Ідзём назад. Ідзём дзень, ідзём два. Я быў малы, стаміўся. Кажу сваім плытагонам: „Вы ідзеце, а я адпачну“. Пайшлі яны, пакінулі мяне аднаго.
Тут нахапіўся вечар. Страшна ў лесе. Я ўзлез на елку, сяджу і калачуся. Аж прыйшла нейкая пара, паніч і паненка. Селі яны пад маю елку. Выпілі віна, з’елі панскіх марцыпанаў дый давай цалавацца. Паненка і гаворыць: „Слухай, кахане! А хто ж будзе наша дзіця гадаваць?“ Ён падняў вочы на неба і адказвае: „Той, хто над намі“.
Тут я не ўтрымаўся ды як гукну: „А ліха ж вашай галаве! Вы будзеце любіцца, а я вашы дзеці гадаваць!“
Яны перапалохаліся і паўцякалі. А я скок з елкі. Папіў віно, паеў марцыпаны — і ў Мікалаўшчыну…»
Канстанцін Міхайлавіч зрабіў перапынак. Пазваніў, умовіўся наконт заўтрашняй сустрэчы ў Акадэміі для рэдагавання чарговага раздзела руска-беларускага слоўніка.
— З Дзынгалы, — вярнуўся ён праз некаторы час да няскончанай размовы, — калі помніш, у мяне ўзяты эпіграф да апавядання «Калектыў пана Тарбецкага». А наогул я шмат смешных апавяданняў запісаў і перад семінарыяй і ўжо навучаючыся ў ёй. Адзін сшытак назваў: «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле». I псеўданім сабе прыдумаў «Карусь Лапаць». Той сшытак павінен недзе ў Вільні быць, калі не загубіўся.
На маю заўвагу, што апошняе апавяданне, праўда, крыху ў сціслейшым выглядзе, я чуў ад настаўніка, Канстанцін Міхайлавіч сказаў:
— Такія рэчы па свеце вандруюць… Адзін злажыў, а дзесяць паправіла…
Верагодней за ўсё, што мой настаўнік чуў гісторыю з тых самых вуснаў, што і я, калі Канстанцін Міхайлавіч выкладаў методыку роднай мовы на настаўніцкіх курсах у Слуцку.
Я назваў прозвішча настаўніка. Канстанцін Міхайлавіч пакруціў галавою:
— Не ўспамяну. А ў Слуцку я шмат чытаў і расказваў… Жыў і такі чалавек у Мікалаўшчыне. Толькі Дзынгала быў павольны і ляны, а гэты — другога гатунку: гарачы і порсткі. Паехаў ён зімою па сена. Пакуль пароўся каля стажка, кабыла не захацела мерзнуць, адарвала повад, завярнулася і ходу дамоў. Дзядзька за ёю. Як ідзе павольна — і кабыла рушыць ступою, а паспрабуе падбегчы, дагнаць — і яна шыбчэй. Гэтак дражнілася да самага дому. Дзядзька задыхаўся, увапрэў, ад злосці аж дрыжыць. Не трапіла пад рукі попліскі на дварэ, дык ён ускочыў у хату і крычыць жонцы:
— Давай сякеру!
— Нашто табе?
— Засяку кабылу.
Добра ведаючы мужаў характар, жанчына не адгаворвала яго, а наліла вялізную міску гарачай-гарачай капусты.
— На з’еш, а то здарожыўся. Падмацуешся, тады і засячэш.
Пакуль ён скідаў кажух, мыў рукі і ўпраўляўся з капустай, прайшло добрых паўгадзіны.
Жонка дастала з-за лавы сякеру і падала яму, а сама пасміхаецца:
— То ідзі ўжо хіба, засячы.
Дзядзька глянуў на яе, усё зразумеўшы:
— Хітрая ты!
I пайшоў выпрагаць кабылу.
Канстанцін Міхайлавіч сядзіць на лаўцы пад вязам, паглядаючы на сцірту свежанапілаваных і наколатых бярозавых дроў. Раскалоў і я некалькі паляняк і зараз прысеў каля яго пакурыць.
— Не тая сіла ўжо. Раней я да гэтай работы нікога не дапускаў. Сам і пілаваў і калоў. Яшчэ ў вайну колькі карчоў навыварочваў на паліва ў Клязьме. А ў цябе сіла ёсць, колеш хвацка. Нарыхтаваў ужо на зіму паліва?
Я прызнаўся, што гэта зрабілі пільшчыкі.
— Часу шкада, дзядзька Якуб.
— А здароўя не шкада? — крыху нездаволена перапытаў ён. — Зарадку ж робіш? Дык коліва — самая лепшая зарадка.
I загаварыў на іншую тэму.
— Неўзабаве навучальны год пачынаецца. Вось ужо колькі часу я нічога не выкладаю, а надыходзіць гэтая пара — і агартае мяне нейкая турбота. Прачнуся раніцаю і ўсё не магу зразумець, што мне рупіць? Добра ведаю, ніякага клопату няма: ні ліста неадказанага, ні артыкула недапісанага, ніводнай справы недакончанай. А душа свярбіць. Потым пачынаю здагадвацца, гэта мяне цягне ў клас. Паглядзець, ці лаўкі ў парадку, ці печы добра паляцца, вучнёўскія спісы праверыць. Відаць, недзе ў косці ўелася настаўніцкая закваска…
Пацягнула вячорным халадком. Канстанцін Міхайлавіч падняўся разам са мною.
— Правяду цябе.
Дарогаю зноў загаварыў пра школу:
— Лёгка цяпер вучыцца дзецям. Кніжак — колькі хочаш, паперы і сшыткаў — хоць заваліся, настаўнікі — усе з вышэйшай адукацыяй. Калі дзіця не пойдзе ў час у школу, адразу ледзь не следства наладжваецца. Дамоў прыходзяць, апытваюць.