Выбрать главу

Гэтак і я: гавару ўсё чыста зямлі і яму і — хай ратуе лёс чытача ад таннага разумення, бо не маю на ўвазе нічога звышнатуральнага, а тым больш містычнага! — часамі чую адказы на звернутыя да яго запытанні. Доўгае жыццё поруч з ім навучыла разумець, што ў яго можна запытаць і як ён будзе адказваць.

У пошуме дрэў, у павеве ранішняга ветру нязменна чуецца яго голас:

— Жывіце даўжэй, хлопцы! Дагледзьце на свае вочы ўсё, чаго не давялося мне, і заўсёды помніце: хай кожны дзень ваш сябруе ці з пачаткам, ці з заканчэннем якой-небудзь справы.

Гэтыя словы я чуў ці раз ад яго — добрага дзядзькі Якуба, светлага Канстанціна Міхайлавіча, мудрага Коласа. Дык якое дзіва, што будзяць яны поначы і цяпер, гучаць у полі, у лесе, на гарадскіх плошчах, скрозь пад небам бацькаўшчыны, якую любіў ён аддана і верна неабдымнай любоўю вялікага сына народа.

1952–1962, 1967–1982

Дадатак

«Імправізацыя» — такая рабочая назва дадзена прыведзенаму ніжэй урыўку пад час апошняй аўтарскай праўкі. Гэта — раздзел пад нумарам IV трэцяй часткі паэмы, надрукаваны ў першым выданні (Мн., 1918) і апушчаны ў чатырох наступных выданнях, а таксама ў зборах твораў Я. Коласа.

У апублікаваным у якасці першай рэдакцыі варыянце паэмы (т. VI, 1974) названы раздзел значна адрозніваецца ад выдання 1918 г., выпушчанага, як відаць, па часопіснай публікацыі і без непасрэднага ўдзелу аўтара — яго тады не было ў Мінску.

Уласна імправізацыя — перакладзены ў словы спеў скрыпкі — напісана пяцірадкоўямі. Пасля кожнага з іх ідзе прыпеў іншага рытмічнага ўзору, з усхваленнем творчага духу, божага, паводле Сымонкавага ўяўлення.

На усходзе слуп агністы Ўстаў ад неба да зямлі, I паліўся бляск празрысты, Свет жаданы, свет прачысты, Цені чорныя сышлі.
Хвала светламу дню, хвала!
Шлі дарогамі без долі Людзі, пасынкі зямлі, Дзеці здзеку і патолі, Што знявагай і злой воляй Цяжка скрыўджаны былі.
Радуйцеся, ўсе пакрыўджаныя!

Прыпеваў, а ўсяго іх дзевятнаццаць, у варыянце паэмы, пададзеным у т. VI, няма. Калі лічыць гэты варыянт першай рэдакцыяй, выходзіць, існавала яшчэ адна, прамежкавая, якая трапіла ў выданне 1918 г. і пры апрацоўцы паэмы ў 1923–1925 гг. была Коласам апушчана. Як і чаму пачалося аднаўленне і праўка апушчанага раздзела, расказана вышэй у кнізе.

Неўспагаднасць, насміханне!.. Спавівалі часта вы Смуткам шэрага змяркання Дух шукання, дух жывы. I апойвалі атрутай Сэрцы згнаннікаў святых, Пацяшаліся пакутай, Нешчаслівай доляй іх. А за тых, з чыйго вы сэрца, З чыіх вуснаў вы ішлі, — У пагардзе, ў паняверцы, Цяжкі крыж яны няслі, I дарогі пракладалі Праз гушчары у глушы, Зерне праўды засявалі, I ўсе сілы аддавалі, Сокі сэрца і душы. Беглі дні, ішлі нядзелі, — Не змянялася карчма: Так жа сцены тут глядзелі, Дзверы гэтак жа рыпелі, — Ім упынку ўсё няма. I таксама, па заказу, Граў Сымон па вечарох, Дзе дух творчасці ні разу Крыл сваіх разняць не мог. I на волю хлопчык рваўся, Толькі б зіму перабыць, I памалу ён збіраўся Долі новае ужыць. Справіў вопратку на лета, Грош такі-сякі урваў I прастору, волі, свету Зноў з надзеямі чакаў. Меў тады адзін прыпынак Для душы свае Сымон, Гэта светлых мар будынак, Дзе лунаў у думках ён. I дзе толькі ні насілі Мары-думачкі яго! І аб чым ні гаманілі Ні расказвалі чаго!
Раз карчма была паўнютка I старых і маладых, Вышаў хлопчык і ціхутка Кінуў вочкамі на ўсіх; На хвіліну завагаўся, Потым скрыпку ўзяў і смык, Усім сэрцам ім аддаўся,  I паліўся ціха зык. Скрыпка штораз галаснее, Прыямней звініць струна, Скрыпка плача, скрыпка млее, Выгаварвае яна:
«Творчы дух лунаў у высі; Светы дзіўныя прад ім Ў багнах тайнасці нясліся, Песні светлыя ліліся У прасторы векавым.
I збіраліся ў чароды Хмары ў цёмнай глыбіні, I вадзілі карагоды, Шчасця поўныя і згоды, Зоры, ззяючы ў агні.
Выплыў месячык двухрогі — Тонкі срэбраны сярпок — У неаглядныя разлогі, Асвятляючы дарогі, Сумны бляск яго пацёк.