Канстанцін Міхайлавіч парушае свой працоўны расклад і не расстаецца з дзецьмі. Падараваў кніжкі з надпісамі, вечарам расказвае пра хараство родных палёў і лясоў над Нёманам, прыгадвае Піншчыну, дзе ён калісьці настаўнічаў.
Дзеці слухаюць уважлівыя, пасур’ёзнеўшыя. Іх упершыню так вучаць, не навучаючы, а паказваючы, малюючы жыццё.
Надыходзіць час расставацца. Канстанцін Міхайлавіч бярэ ў абедзве рукі працягнутыя да яго загарэлыя лапкі. Пасля не вытрымлівае і прыціскае да сябе нейчую ўскудлачаную галаву.
— Ну, шчасліва, шчасліва!
Развітаўшыся з гасцямі, ён хмурнее. Прыслухоўваецца да цішыні раптоўна змоўкшага дома, нібы выклікае сюды водгулле дзіцячых галасоў.
— Прыляпіўся, — Канстанцін Міхайлавіч падкрэслівае даўняе значэнне гэтага слова, — прыляпіўся да іх душою. Сяджу і чакаю: зараз прыбягуць, пачнуць церабіць: пачытай, раскажы!
На некаторы час ён змаўкае.
— У педтэхнікуме сярод маіх студэнтаў на кожным курсе былі выхаванцы дзіцячых дамоў. Мне заўсёды хацелася, каб яны не адчувалі сябе сіротамі. Ды хіба пакінула пасля сябе хоць адна з мінулых войнаў столькі абяздоленых, столькі сірот?
Колас паглыбляецца ў развагі.
— А як надзяліць іх усіх добрым клопатам, абкружыць цёплай чалавечай спагадай? Некаторыя бяруць дзяцей з дзіцячых дамоў на выхаванне, у сямейнае кола. Гэта добра, але не ўсім пад сілу. Што, каб арганізаваць нешта накшталт грамадзянскай апекі? Напэўна, знайшліся б людзі з дастаткам і душэўнай прыхільнасцю да гэтай справы. Наведвалі б хлопчыка ці дзяўчынку ў дзіцячым доме, пісалі б ім лісты, спраўлялі б тады-сяды адзежыну або даравалі якую дробязь — шапачку, хусцінку. А пад час вучобы запрашалі б да сябе на вакацыі. Глядзіш, і дзіця жыло б пры сям’і. I апекунам была б уцеха пад старасць. Дабро, яно ж не гіне, дабром і абзываецца.
— Зусім забыўся ты пра мяне, — Канстанцін Міхайлавіч сустрэў мяне ўсмешлівым дакорам. Ён ведаў, што я на некалькі дзён выязджаў у вобласць, выступаць перад чытачамі.
— За гэта пасядзі тут адзін, я на паўгадзіны з’езджу ў горад. Трэба таму-сяму грошай паслаць.
I паказаў некалькі паштовых пераводаў.
— Гэтаму — трэба хату перакрыць, — Канстанцін Міхайлавіч пералажыў верхні перавод уніз, — а вось, — ён паказаў пальцам на наступны перавод, — жанчына пісала, што на карову не хапае. Тут — дзецям крыху пасылаю, засталіся без бацькі па вайне, а нядаўна і маці памерла. I яшчэ ёсць просьбы, ды ўсіх не адзеліш. Можа, і пакрыўдзіцца хто, скажа: глухі стаў Якуб Колас. Але мне здаецца, што на сапраўды пільныя патрэбы я адгукаюся.
Справа з асабістымі пазычкамі і дапамогамі вялася здаўна: калі гаварыць пра вядомы мне час — дык ад выкладання ў Мінскім педагагічным тэхнікуме.
Канстанцін Міхайлавіч часта падтрымліваў студэнтаў. Але гэта была іншая справа. Ён тады добра ведаў і мог дапэўніцца, каму і ў якой меры дапамагчы: у аднаго пазнілася дапамога з дому, у другога стыпендыі не хапала, каб замяніць порткі, што пачыналі свіціцца на каленях, трэці кволіўся здароўем і меў патрэбу ў шклянцы малака.
Цяпер у сяброўскіх гаворках яму часта раілі перад пасылкай грошай хоць бы спытацца ў райвыканкоме ці сельсавеце: пражывае такі і такі ў такім і такім месцы, якое ў яго матэрыяльнае становішча. Можа, гэта проста дармаед, якому не хочацца працаваць.
Буду я яшчэ задаваць людзям работы, — звычайна адказваў Канстанцін Міхайлавіч. — Каб у раёне маглі дапамагчы, дык дапамаглі б. Пасля такой вайны гора і нястач у людзей не абярэшся. I людзям трэба верыць. Думаеце, хлопцы, лёгка разявіць рот, каб папрасіць што-небудзь? Ой, цяжка! Ну, няхай я раз памылюся, затое дзесяць разоў падам руку тым, каму яна трэба.
I сапраўды, амаль беспамылкова выбіраў з свае агромністае пошты лісты, якія патрабавалі грамадскай, дзяржаўнай ці асабістай дапамогі. Гэта не раз пацвярджалася. У адказ прыходзілі падзякі і запрашэнні на ўлазіны ў перасыпаную хату, на свежы тварог ад купленай з яго дапамогай каровы ці на клубную вечарынку, дзе будуць танцаваць пад нядаўна набыты гармонік.
Аднойчы да Канстанціна Міхайлавіча, проста ў Акадэмію, з’явіўся малады чалавек, даволі добра апрануты, падчапураны, са свежым пахам парыкмахерскага адэкалону. Хвалюючыся, але ўсё ж цвёрда, хоць на шчоках успыхвалі ружаватыя плямы, загаварыў:
— Пяць гадоў назад вы памаглі мне… Я скончыў школу… Зараз на добрай рабоце… Прынёс вам пазыку… I хацеў бы паціснуць руку, якая…