Падрыхтаваныя загадзя словы пераселі ў яго горле.
— …якая… — паўтарыў ён, зрабіў рашучы крок да Канстанціна Міхайлавіча і закончыў зусім нечакана: — …якую я хацеў бы пацалаваць.
Канстанцін Міхайлавіч разгубіўся не менш за наведвальніка, скоранька адышоўся да сцяны і схаваў рукі за спіну.
— Ну, ну, — сказаў ён. — Ты, брат, цалуй рукі сваёй дзяўчыне… А я… Ну, дзякуй, што прыйшоў, што ўспомніў.
Малады чалавек пырснуў светлым хлапечым смехам. Кара надзіманасці злузалася, ён пачуўся свабодна і прамовіў:
— А я жанаты! — і зноў засмяяўся. — Вось вам ад жонкі гасцінца.
I вылажыў са скрутка на бліскучы віцэ-прэзідэнцкі стол белы сыр і пляйстру пахучага мёду.
Канстанцін Міхайлавіч зірнуў на мяне. Вочы яго весела паблісквалі, відавочна, цешыўся са слаўнай непасрэднасці гэтай сустрэчы, з маладога чалавека, які стаў на троп, мае сям’ю, а выглядае як шчаслівае хлапчанё.
Адчуўшы ў Коласе ветлівую прастату і ўлавіўшы яго лагодны настрой, наведвальнік не адступаўся:
— То ад жонкі, а гэта, калі можна, ад мяне, — і выцягнуў з кішэні пляшку недарагога ягаднага віна.
— Гэтак шчыруючы, ты, браток, усе свае набыткі на вецер пусціш, — пасміхнуўся Канстанцін Міхайлавіч. — Ты ў партыі?
— Кандыдат, — не разумеючы, куды хіліцца размова, адказаў малады чалавек.
— Гэта добра. Але чаму ж ты прыходзіш з выпіўкай да старога ды яшчэ ў рабочы час?
Не адчуўшы жарту, той памкнуўся апраўдвацца, а Канстанцін Міхайлавіч, пазіраючы з-пад брывей, удавана строга адчытваў:
— Што ў цябе, свята якое?
— А такі свята. Сына ў загсе запісаў, — твар маладога чалавека зрабіўся яшчэ больш шчаслівы, — і з вамі гавару…
— Гэта свята малое… Вось хіба — сын. Як жа назваў яго?
— Так, як вас. Мы з жонкай даўно прымералі: будзе хлопец — значыць, Якуб, а калі дзяўчына — назавём іменем вашай маці.
Канстанцін Міхайлавіч быў расчулены. Адышоўся да акна, правёў рукою па вачах.
— Вось што, — ён павярнуўся да маладога чалавека, — згортвай свае пачастункі ды кіруйся да мяне ў хату. Можа, пакажаш дарогу? — папрасіў ён мяне.
Правёў нас да дзвярэй кабінета:
— Я хутка вызвалюся. Пасядзіце, пагутарце там. — І ўжо зусім весела дадаў: — Толькі пляшкі без мяне не адкаркоўвайце. Чокнемся разам за малога Якуба.
Ідучы насустрач людской патрэбе, Канстанцін Міхайлавіч не любіў марных патрат, неразважлівага выдаткавання ніякіх сродкаў і мог здацца, што называецца, скупаватым. Ён патрабаваў акуратна гасіць святло, выходзячы з пакоя, і дома і, яшчэ больш, у гасцініцах, не напальваць залішне печаў, не марнаваць і не выкідаць рэчаў, прыдатных да ўжытку.
Сам ён у побыце здавольваўся да смешнага малым: еў мала, без асаблівага выбару, абы гарачае, гарнітур, да якога прывыкаў, гатоў быў насіць некалькі год, так што сынам амаль сілком даводзілася змушаць яго апрануць новы. Нават пісаў і то на другім баку сваіх чарнавікоў: гэта яшчэ задасць немалога клопату даследчыкам.
Ва ўсім гэтым адгукалася здабытае ўласным гарбом у першай палавіне жыцця веданне, чаго варта праца. Калі куплена рэч, скажам, крэсла, пачак паперы, чаравікі, значыць, яна павінна служыць доўга, на ўсе закладзеныя ў ёй магчымасці. На тую ці іншую рэч, разважаў Колас, затрачаны матэрыял, сродкі, а галоўнае — чалавечая праца.
Іменна працу шанаваў Колас, і толькі гэта пабуджала яго да ашчаднасці. Во іначай не падпісваўся б ён на пазыку амаль на палавіну ганарару за свае творы, не адсылаў бы і не аддаваў просьбітам значную частку акадэмічнай зарплаты кожны месяц.
Колас не быў добранькі слязлівай дабратою, ён адчуваў унутраны абавязак падтрымаць, а часамі і выратаваць чалавека. I зрабіць гэта моўчкі, каб не пакрыўдзіць таго, каму дапамог.
Вось і зараз ён неахвотна паказваў мне падрыхтаваныя да адсылкі пераводы. Для яго гэта была пільная справа, а далікатнасць не дазваляла проста, без тлумачэння пакінуць аднаго чалавека, які зайшоў у хату.
Чакаючы Канстанціна Міхайлавіча, я дастаў кнігу «для ўсяго, што лезе ў галаву», каб прачытаць паабяцаную мне «цыдулу». Але там ляжалі вырваныя з «Новай зямлі» раздзелы: «Дарэктар» і «Начаткі».
На аркушыку, прыколатым да ўкладкі, было напісана і закрэслена некалькі радкоў, як відаць, пачатку «цыдулы»: «Вучыліся мы ў свайго „дарэктара“ па-рознаму, пэўней кажучы, як хто мог і хацеў. Праўда, хацення паддавала бацькава папружка…»
Ніжэй ішлі радкі з буйных літар:
«Даруй, Максіме! Цыдулы не атрымалася. Чытай гэта. Лепей я не напішу.