Твой Якуб Колас».
Неўзабаве з’явіўся аўтар запіскі, не хаваючы ўсмешкі на вуснах.
— Не трэба жаваць перажованага. Давай пойдзем далей. Я ноччу мала спаў і тое-сёе ўспомніў. Па якіх кнігах я вучыўся? Дома па Ушынскаму, чытаў «Родное слово» и «Детский мир». У школе я пазней натрапіў на хрэстаматыю «Северо-западный край» Адзінцова і Багаяўленскага. Жывучы ў Мінску, пасля прыезду з Куршчыны, бачыў гэту кнігу ў аднаго з настаўнікаў педагагічнага тэхнікума. Паглядзеў яе, і здалося — як быццам усё сваё маленства перагарнуў. Была ў гэтай хрэстаматыі байка Крылова «Леў і воўк». Дасюль яе помню.
Хоць, вядома, ніякіх доказаў не патрабавалася, Канстанцін Міхайлавіч прачытаў байку без запінкі.
Байкі Крылова падараваў мне дзядзька Антось. Як ён дагадзіў мне! Пабудзіў на досвітку і даў у рукі: «На, цешся!» А купіў ён кнігу ў нядзелю на кірмашы. Быў гэта, помніцца, дадатак да «Нівы», на кепскай паперы, з цьмяным шрыфтам. Але даражэйшага падарунка ў той час я сабе не ўяўляў. Кнігу ў Стоўбцах пераплялі, і я клаў яе ў торбачку, выбіраючыся на пасту.
Праз некаторы час у маёй пастухоўскай торбе з’явіўся Пушкін. Як я чытаў яго! Наўзахапкі і шкадуючы, пакідаючы на заўтра. Умацую кнігу дзе-небудзь у развіліне дрэва, у расошцы, і стаю ці ківаюся перад ёю, як перад абразом або перад люстэркам. Чытаю-чытаю, аж пакуль не вывучу старонку на памяць. Тады перагарну і бяруся за другую.
Гэта дапамагло мне перакладаць «Палтаву». Відаць, тады ўжо, у гады маленства, прымяраў я да Пушкіна беларускае слова. Некаторыя мясціны «Палтавы» даліся перакласціся лёгка, з першага чарнавіка. А наогул пасядзеў над гэтай работаю доўга.
Паэма так аўладала мною, што нічога іншага рабіць не мог, ні аб чым не дбаў і не помніў. Начамі не спаў. Толькі прымружу вочы — пачынаю сніць, нібы пераклаў якраз тое месца, што не ўдавалася. А зараз ліецца свабодна, роўна, лёгка. Адна бяда: прачнешся — і забыў усё чыста. Тады я навучыўся прымушаць сябе прахватвацца і запісваць тое, што сасню.
Марыя Дзмітраўна трывожыцца пачала: «Спі ты, Костусь, а то ўсшалееш, чаго добрага». Я нават думаю, што яна мне цішком падсыпала ў чай парашкоў на сон. Трэба сказаць праўду, што высненыя радкі раніцай здаваліся не такімі ўжо і ўдалымі. Я іх амаль не скарыстаў. Адна толькі мясціна пайшла ў друк. Я вельмі доўга думаў над ёю і запісаў, прачнуўшыся ноччу:
А як скончыў работу, стала і радасна і сумна: няўжо гэта ўсё? Хацеў брацца яшчэ за якую пушкінскую рэч. Аблюбаваў сабе «Домік у Каломне». I зрабіў бы, ды нешта адцягнула, перашкодзіла.
Але ў маленстве і потым у юнацтве, хоць прыйшлі і ўзварушылі ўсю душу Пушкін, а за ім Гогаль, Крылоў надоўга заставаўся недасяжным літаратурным богам.
— На Арцюхаўскіх азярынах мой бацька з Антосем часцяком лавілі рыбу. Дзядзька тут цалкам перакінуўся на рыбацтва. Не помню нават, ці захавалася ў яго ў Альбуці стрэльба. Перад дажджом рыба добра ловіцца. Неяк у другой палавіне лета ўдвух цягалі сетку, а я ішоў па беразе. I што, ты думаеш, рабіў? Чытаў ім уголас крылоўскае «Да салаўя»:
Багата тады налавілі рыбы. Дзядзька Антось усё жартаваў: «Рыба заслухалася салаўя і сама палезла ў сетку».
Другі раз пайшлі мы на рыбу толькі з дзядзькам. Нічога не лавілася, я ўжо вылез з рэчкі, а ён пужаў рыбу з «рáсы», гэта такая доўгая рачная трава. Хацеў і дзядзька выбірацца на бераг, а потым усміхнуўся і гаворыць: «Ану, зачні свайго „Салаўя“!» Я завёў:
Дзядзька пужнуў раз, пужнуў два — і тут проста на бераг, мне пад ногі, выкаціўся мянёк фунты на чатыры. От пасмяяліся мы тады…
Дзядзька кажа: «Ён сілá збаяўся ды скок проста на бераг». I кладзецца ад рогату.
Канстанцін Міхайлавіч таксама смяецца, нібы яшчэ і дасюль шчаслівы той дзіцячай рыбацкай удачай.
— Школу я скончыў, калі мне было гадоў дванаццаць. Вучыўся толькі дзве зімы, пачаў адразу з другога аддзялення: ад навукі Яські Базылёвых нешта ўсё ж такі засталося ў галаве.
Настаўнікам у нас быў нейкі Корзун, чорны, як цыган. Каму больш дзякаваць за першыя барозны навучання, Яську ці яму, не ведаю. Адно скажу, калі я, ужо будучы настаўнікам, злаваўся на вучняў і гатоў быў выкпіць каго-небудзь з іх або пакараць, дык заўсёды стрымліваў сябе: «Ты ж не Корзун».