Выбрать главу

Граматна пісаць навучыўся сам. Рабіў такім чынам: перапісваў байкі па памяці, а пасля правіў па кнізе. Добрую памяць меў, дапамагала.

— Школа была ў Мікалаўшчыне. Туды нас спярша вазілі, потым сялілі ў бацькавых братоў ці наймалі кватэру за натуральную плату: дровы, бульба, мука.

Я любіў альбуцкую хату і сумаваў па ёй. У суботу пад вечар, адвучыўшыся, мы беглі дамоў. Лугам, лугам! Хораша было. Тут табе і лес, і Нёман. Зімою, калі хутка цямнела, нас баяліся пускаць адных. Але ж мы былі хлопцы-лесавікі, валілі цераз лес смела. Нават касавурыліся, калі перад нядзеляю, у асабліва цёмныя піліпаўскія вечары, прыязджаў па нас дзядзька.

Канстанцін Міхайлавіч паглядзеў на маю папяросу. Ён ужо кінуў курыць, але заўсёды прасіў гасцей не зважаць на гэта.

— Мне ўжо не хочацца курыць, а дым нюхаю з задаваленнем, — казаў ён.

На гэты раз, відаць, яго пацягнула закурыць. Пакруціў у руках пачак з папяросамі, прамовіў.

— Скончыўшы школу, я легалізаваў курэнне. Праўда, толькі перад маці. Бацькі баяўся, хоць ведаў, што ён нейкім чынам вылучаў мяне сярод братоў і сясцёр і мякчэў, гаворачы да мяне. Бачачы маю прагу да чытання, ён стараўся кніжак, нават купляў іх тады-сяды.

А расстацца з капейкаю было яму не так лёгка. Дый капейкі тыя цяжка даставаліся, і шчадзіліся яны на зямлю. Колькі ні ўспамінаю гаворкі дзядзькі з бацькам, заўсёды ў іх была адна турбота: хоць драбочак, хоць сіняпёсу, але свайго.

Бацька шкадаваў мяне. У сялянскім разуменні шкадаваць важыла больш, чым любіць. Помніш народную песню?

Канстанцін Міхайлавіч хвіліну падумаў.

— Матыў яе нагадвае «Ці свет, ці світае».

Не будзі мяне рана, А прысні мяне, мілы, Не любі мяне сёння, А шкадуй мяне заўтра…

— Я быў міжвольным сведкам бацькавай размовы з Антосем. Яны сядзелі ў хаце ўдваіх, выпілі паўкварты цішком ад маці і не заўважылі, што я ляжу на печы пад халатом.

«Шкада мне Костуся, — так і сказаў бацька. — Школа скончана, а яму яшчэ хочацца навукі. З тым, што ён умее, і ў пісарчукі не выб’ешся. Дый што гэта за доля пісарская! П’юць яны, бо ад зямлі адарваліся, а да неба не ўзляцелі.

I кожнаму, хто ў воласць прыйдзе, так і глядзяць у кішэню: ці не тырчыць адтуль корак. А гаспадара з хлопца таксама не будзе. Хоць ён і рупны, і старанны, а пра сваё думае, усё цікуе, каб аднаму застацца».

Дзядзька Антось слухаў, ківаў галавою і, мне здалося, хліпнуў носам: ён быў вельмі чулы і скоры на слязу.

А бацька гаварыў далей: «Можа, і разумна ты зрабіў, браце Антось, што не ажаніўся. Бо я от напладзіў поўную хату жабракоў. Нават калі б удалося зямлі купіць, усе яны на ёй не пракормяцца. Трэба па свеце разганяць. Ну, дзяўчаты замуж павыходзяць, каб толькі пасагу ім наскрэбці, беспасажных не надта хапаюць. А хлопцы? У прымы прыстануць хіба. Прымачы хлеб сабачы, а ўсё ж лепш, чым ніякі. I я такі думаю — пускаць Костуся ў навуку. А куды і за што вучыць будзем, не ведаю».

Дзядзька Антось яшчэ раз хліпнуў носам: «Падцягнем, Міхале, тужэй папружкі, а нешта зробім для хлопца. Наш век ужо канчаецца, а ён, можа, што людскае ўбачыць».

Тым часам у хату зайшла маці, гаворка перабілася. Але гэта дало мне магчымасць смялей загаварыць з бацькам пра настаўніцкую семінарыю. Відаць, і ён думаў аб гэтым. Прыклад быў, мікалаўцы прабілі ўжо сцежку ў гэтую ўстанову. Туды не толькі прымалі сялянскіх дзяцей, а і дармова вучылі. Каб адно паступіць, я б тады не вісеў каменем на шыі ў бацькоў.

Ахвотнікаў вучыцца ў Мікалаўшчыне ставала, наогул шмат пісьменных людзей у нас было. Штурхала на гэта тое ж малазямелле: не дае зямля кавалка хлеба — шукай іншага ратунку. I шукалі. Той-сёй знаходзіў.

Уважаючы на гэта, бацька даў мне дазвол рыхтавацца ў семінарыю.

— Дзве зімы я вучыўся самастойна. Пачаў з таго, што схадзіў у Нясвіж і купіў сабе граматыку Говарава. Я аб гэтым успамінаў ужо недзе. Але граматычныя правілы чамусьці не лезлі ў галаву. Яны чаргаваліся з урыўкамі цудоўных твораў. Я прабягаў вачыма тое ці іншае правіла і адразу ж хапаўся за радкі Пушкіна або Лермантава.

Терек воет, дик и злобен…

Чытаю і чытаю, адарвацца не магу. Гэта падабалася незразумеласцю, непадобнасцю да таго свету, які быў навакол мяне. Вычытаныя ў граматыцы і запомненыя мясцінкі я сустракаў пазней, чытаючы ўжо цэлыя творы, адкуль яны былі ўзяты, як добрых, даўно знаёмых сяброў. I ад гэтага, як мне здавалася, твор набываў яшчэ болей і сілы і хараства.

Адным словам, падрыхтоўка мая была неважнецкая, саматужная. Дый перарывалася яна хатняю работаю. Я ўвесь час пасвіў жывёлу.