Выбрать главу

— Былі пад маім началам у нашым невялічкім статку бугай і баран. Вельмі ў згодзе жылі паміж сабою. Бугай надзвычай любіў біцца. Згледзіць на другім беразе чужы статак — і туды. Тут ужо ні пугаю, ні калом не запыніш. Пераплыве раку і пачынае ўсё мэтлашыць.

Баран хоць і не любіў вады, але неяк усё ж плыў за ім услед. Калі два бугаі браліся ў рожкі, баран разганяўся і біў чужога бугая пад рабро. От такая была непераможная пара.

З гэткімі пастухоўскімі прыгодамі многа не навучышся. Пасля кожнага бугаінага паядынку ўсчыналіся сваркі, уздымаўся вэрхал. I перш за ўсё пападала пастуху.

— Зімою мне было зацішней вучыцца. Узяўся памагаць мне другі Антось, дзядзька па матчынай лініі. Паганяў ён мяне па граматыцы, а пасля даў дыктоўку. I здзівіўся: правіл не ведаю, а памылак няма. Гэта мне тое перапісванне твораў па памяці памагло: я запомніў, як пішуцца асобныя словы і цэлыя сказы, хоць і не ведаў, чаму гэтак трэба пісаць.

Вывезла мяне гэта і на прыймовым экзамене. Нам дыктавалі «На тяге» Тургенева. Я напісаў дыктоўку без памылак, усяго адну кропку забыўся паставіць.

— А вось спяваць я зусім не ўмеў і больш за ўсё баяўся экзамену па спевах. Думаў, правалюся. А бацька падбадзёрваў: «Нічога, разяўляй рот на вярсту і цягні. Паступіш».

— Нарэшце прыйшоў трывожны і чаканы час. Падапранулі мяне чысцей, сабраў я свае кніжачкі, маці перахрысціла на дарогу.

Пасадзілі на воз і — на экзамен. Выязджалі мы ў Нясвіж нанач. Па дарозе папасвілі каня ў лузе, а прыехаўшы ў мястэчка, спыніліся ў заезджай. Там — духата, смурод. Пасля нашага ляснога паветра я ніяк не мог заснуць. Сядзеў там на лаве і толькі слухаў, як гэта салодка храпе бацька. Вядома, трывожыла мяне таксама іншае: што будзе, ці ўдасца хаця паступіць.

Я цвёрда наважыў: калі не паступлю — сыду з хаты, не стрываю, калі мне ў вочы пачнуць пароць за невуцтва. Куды я пайду — сам не ведаў. Чамусьці думаў, што наймуся на пабудову чыгункі, буду сыпаць пясок на наспу і ўкладаць шпалы.

А яшчэ больш вабіла жыццё на смалакурні. Цішыня, адзінота. Можна думаць і запісваць усё, аб чым памарыцца.

Перамучыўся я ноч у бруднай і смярдзючай заезджай. У семінарыю прыйшоў, як у храм. Няўжо ж я тут буду хадзіць І жыць, у такім дзівосным месцы? А настаўнікі? Няўжо гэтыя людзі, непрыступныя, як міністры, будуць гаварыць са мною?

Праўда, міністраў ні тады, ні пазней аж да цяперашняга часу я ніколі не бачыў. Толькі паступіўшы, напаткаў у нейкім часопісе з нашай семінарскай бібліятэкі партрэт міністра народнай асветы Дзялянава з выкалатымі вачамі. Гэта яму адпомсціў хтосьці з семінарыстаў за тое, што не дапускаў да асветы «кухарчыных дзяцей».

Нарэшце экзамен. Папродаў я тут дрыжыкаў. Але паступіў усё ж такі.

Не хутка аціхлі нашы хваляванні і ўтаймавалася радасць. Потым нам абвясцілі, што можна на некалькі дзён пайсці дадому, забраць патрэбныя рэчы.

Выйшлі мы з хлопцамі пад вечар. Адышліся крыху, селі адпачыць ды ўзялі і паснулі. Прахапіліся і ашаламаніліся: давай ісці назад у Нясвіж! Спынілі нас начлежнікі: «Дык вы ж не ў той бок прастуеце, хлопцы!»

З-за семінарскіх сцен

Адкуль пайшла назва — Нясвіж? Падарожжа ў маладосць. Атос Мушкецёркін. Уэлс і Грын. «Слесар» у лесе. Матчына мова за руку павяла. Мы едзем на Нарач. Вецер і вершы. Танк ведаў, дзе нарадзіцца. Легенда пра Паненскае возера. «Божыя сабакі» і іх настаўнікі. Бязлітасны выкрывальнік. Вілюйскі выгнаннік. Чалавек народжаны перамагаць. Колас і Каўпак.

Ранняя вясна.

Канстанціну Міхайлавічу не сядзіцца ў пакоі.

— Як там, прыбыла вада ў Свіслачы?

Невыразнасць майго адказу — я такі не паглядзеў на рэчку, забыўшыся, што перш за ўсё ён спытае аб разводдзі, — выклікае скептычнае слоўца:

— Эх вы, моладзь. На галоўнае не ўважаеце. Давай з’ездзім хіба…

Аднак тут жа адхіляе свой намер:

— Няма чаго глядзець. Кожную раніцу хапаюць прымаразкі. Не будзе паводкі. Няма вады ў рацэ, няма і збожжа на полі.

I ўспамінае, як бушаваў Нёман, больш чым на вярсту заліваючы сенажаці.

— Для гэтага трэба раптоўная вясна. Некалькі цёплых хмарных дзён. I каб дожджык церусіў. Тады снег з’ядаецца ў момант, і перавалы равуць, быццам ім хто пяты падпякае.

Была адна такая вясна, калі я вучыўся ў Нясвіжы. Нічога не мог рабіць, — вось, думаю, вазьму пад вечар ды ўцяку дадому. Гляну на Нёман і ноччу ж назад. Ого, каб зрабіў так! Моцна нас трымалі ў шорах.

Якраз тады маю ўвагу мімаволі прыцягнула мінулае нашага гарадка. Семінарскія знаўцы гісторыі спрачаліся адносна яго назвы.