Мне падабалася такое тлумачэнне. Некалі на месцы Нясвіжа было гарадзішча крывічоў, недаступнае для заваёўнікаў. Аўладаць ім ніхто не мог, не ўдавалася заслаць лазутчыкаў — віжоў. Падкупіць на гэтую ролю каго-небудзь з абаронцаў таксама было нельга. «Несть віж!» — няма віжоў, казалі тады. Два словы зліліся ў адно і сталі назваю. Калі мае таварышы і выдумалі гэтую гісторыю, дык зусім верагодна.
Народ мала абыходзіла назва, ён бедаваў у песні аб тым, што кепска жыць:
Гэта складзена пра пераход Нясвіжа ад роду Кішак ва ўладанне князёў Радзівілаў. I пачатак добрай прымаўкі пра тое самае помню: «Кішка без дна, ды была адна». Далей гаварылася, што ў Радзівілаў ненаедных кішак безліч было. А вось, мусіць, самая ўдалая прыпеўка:
Семінарыст К., потым яго выключылі за непаспяховасць, нават матыў да яе падабраў. Ён быў выдумшчык і бажыўся, нібы так спяваў сам Сымон Будны, калі падпіў, замочваючы выхад свайго катэхізіса ў Нясвіжы.
— Залазіць самому ў гісторыю ахвоты не было, не хапала і часу. Вучыцца, асабліва на першай пары, даводзілася многа. Не зразумееш якога-небудзь тлумачэння, глядзіш у падручнік і адчуваеш сябе, як у цёмным лесе.
Але маё навучанне штурхалі ўперад тры рэчы. Перш-наперш — уласнае самалюбства. Як гэта я магу атрымаць двойку, а сусед па лаўцы аграбае пяцёркі. Потым — кожны з нас баяўся, каб не зволілі, калі пачнеш адставаць. Прыдраўшыся да выпадку, выкідвалі і здольных хлопцаў за іх яршыстасць.
Самае галоўнае, што ў мяне пакрысе пачало абуджацца замілаванне да выбранай прафесіі. Мне было ўсё роўна, куды паступіць, абы вучыцца, бо ведаць заўсёды хацеў пабольш. Я пачаў па-сапраўднаму старацца, калі ўбачыў магчымасць прыкласці і перадаваць свае веды.
Паспрыялі гэтаму таварышы, сярод іх былі сапраўдныя энтузіясты настаўніцкай справы. На такі троп стаў узыходзіць і я. Разважаў наіўна, але недзе і правільна. Скончу семінарыю, атрымаю школу, вывучу некалькі соцень чалавек. Сярод іх знойдуцца такія, што праслепяць столькі ж сама невідушчых вачэй. I мае таварышы, аднакласнікі, будучыя настаўнікі, не менш зробяць.
Сіла! Ёю ўжо тое-сёе можна падважыць. I пераменіцца ўсё наша жыццё. А што падважваць і мяняць жыццё трэба — мяне пераконвалі вясковае гібенне і нягоды нашай сям’і.
Рабілі сваю справу і гаворкі семінарыстаў. Не ўсе мы і не адразу зразумелі, куды кіруецца наша выхаванне. У нас зводзілі на нішто асобу. З раніцы да вечара ўсё адно: бог і цар, цар і бог. Адзін на небе, другі на зямлі, роўны богу. Але бог надакучыў нам з маленства, а ад цара ніхто нічога людскага не бачыў. Вынікалі пачуцці, непажаданыя і богу, і цару, а найбольш нашым выхавальнікам.
Мітрапаліт Філарэт з яго «Начертанием церковно-библейской истории» нам згадзеў. Мы ненавідзелі і яго, і яго кнігі самай чорнай нянавісцю. Гатовы былі расправіцца з «Начаткамі» па ўзору майго брата Алеся і злажыць віну на пацукоў, бо катоў у семінарыі не было.
Прыпомніўшы эпізод з «Новае зямлі», Канстанцін Міхайлавіч паглыбіўся ў развагі. Відаць, перад ім узнавіўся час, калі ўяўленне непакоілі незабыўныя малюнкі маленства, выклікаючы яшчэ не акрэсленае і не ўсвядомленае памкненне даць ім форму, замацаваць у слове.
Ён адсунуўся ў куток канапкі, да балконных дзвярэй, успёрся локцем на падушку і сядзеў нерухома, не адрываючы вачэй ад верхавін маладога саду і клубястых воблакаў, што раіліся, даганялі адно другое і адплывалі з поля зроку.
Сядзеў, стараючыся не варушыцца, і я. Мінула з паўгадзіны.
Канстанцін Міхайлавіч не змяняў паставы, не абзываўся. Можа яму стала блага? Але гэтая трывога зараз жа развеялася: грудзі яго падымаліся лёгка, правая рука пачала адстукваць такт, потым знайшла левую, і пальцы скрыжаваліся. Аднак усё гэта рабілася як быццам у сне, у рухах не было пэўнай выразнасці. Так чалавек спрасонку абганяе з твару дакучлівую муху ці пераварочваецца на другі бок.
Рыпнула крэсла — я неасцярожна ўспёрся на спінку. Канстанцін Міхайлавіч падхваціўся на ногі і падняў на мяне адсутныя вочы.
— А-а, і ты тут. Я не чуў, калі ты зайшоў.
Ён зараз жа адмахнуўся рукою ад гэтых слоў, варочаючыся ў сцены свайго кабінета, да не так даўно перапыненай гаворкі.
— Выбачай. Я зараз зрабіў падарожжа на паўсотню год назад. Сядзеў у семінарскім класе і рашаў трудную задачу. Побач хлопцы пацеюць: адзін язык на губу палажыў, другі нос у атрамант упэцкаў. Лычкоўскі за настаўніцкім сталом цікуе: хто першы знойдзе адказ і пачне пасылаць шпаргалкі. А з задняй лаўкі нехта кулаком пад рабрыну совае: «Стары, давай рашэнне!»