Спалоханымі галасамі абазваліся нашы спадарожніцы — жанкі. Стала страшна і не жанчынам.
Нашы трывогі не зачапілі Канстанціна Міхайлавіча. Ён сядзеў спакойна і, здавалася, як заўсёды, радаваўся сліпуча сінім пісагам маланак, цяжкім ударам грому і даўгому раскацістаму водгуллю іх на вадзе. Толькі настаўляў руку супроць асабліва буйных пырскаў, якімі няскупа залівала нас возера.
Вецер пагнаў хмары далей, ваганне скончылася. Абтрасаючы пінжак, Канстанцін Міхайлавіч дабрадушліва жартаваў з Лынькова, якога ён называў то шкіперам, то сухапутным адміралам:
— Я думаў, Міхась гэта ўсё сумысля падстроіў, хацеў мяне напалохаць. А потым бачу, ён больш, чым я, калоціцца.
Гэтая прыгода, вядома, была расказана хатнім і ўсім сябрам у Мінску.
— Час Нарач людзям аддаць. Пакуль што яна нічыя. А лепшай курортнай мясціны пашукаць трэба. Забудаваць берагі, каб можна было блізка і нядорага адпачыць. Толькі спачатку парабіць добрыя дарогі. I вада лячэбная можа знайсціся. Рукі прыкладаць пара.
З такімі прапановамі Канстанцін Міхайлавіч звярнуўся да ўрада рэспублікі. Год ад году Нарач пачала асвойвацца і засяляцца.
— Некалі мне вельмі прыгожай мясцінай здаваўся Нясвіж, — кажа Канстанцін Міхайлавіч, адышоўшы ад нарачанскіх прыгод і прыгадак. — Падабалася возера пры замку, Паненскае. Усё хацелася дазнацца, чаму яго так назвалі. Спрабаваў дадумацца і выдумку сваю доўга помніў.
Быццам у замку жыла дзяўчына. Вучылі і выхоўвалі яе разам з князевымі дочкамі. Яна не помніла свайго роду. Маці рана памерла, а бацьку забіў князь на паляванні, калі той наганяў яму пад стрэльбу лася. Нічога гэтага дзяўчынка не ведала. Думала, што яна дачка збяднелага князевага сваяка. Так ёй гаварылі. Толькі і ў выгодзе парывала яе туга. Убачыць вясковых дзяўчат у касцёле ці пачуе, як жанчыны пяюць у полі, і затужыць.
Князь прысватаў ёй жаніха з радавітае шляхты. Сабралася панства з усяе акругі гуляць заручыны. Многа прыехала маладых паненак. Уначы дзяўчына не магла заснуць, выйшла ў парк і спалохалася. Насустрач сунулася жаночая постаць.
«Здань!» — падумала дзяўчына і хацела ўцякаць. Аж гэта была тая жанчына, што выкарміла князя грудзьмі. Звалі яе мамкаю. «Не палохайся, — кажа мамка, — я мужычка, дый ты ж не паненка. Ты родная дачка майго няшчаснага брата, што загінуў ад князевай рукі». I расказала дзяўчыне ўсю праўду. «Мае дзеткі, табе хочуць зрабіць злое: каб стала ты паняю, напладзіла панянят і аглухла да гора бедных людзей. Слухай, можа зварухнецца ў табе мужыцкая крыўда. Няма ў мужыка другое затулы, толькі лес, поле і вада. Вось вада табе і дапаможа».
Надышла другая ноч. Заручылі дзяўчыну і перакінулі банкет на возера. Можа сто лодак пусцілі туды. Наперадзе плылі маладая з маладым, за імі панічы з паненкамі.
На самым глыбокім месцы паднялася дзяўчына. Запляскала ў ладкі і гукнула: «Паненкі! Я навучу вас хадзіць па вадзе!» Бацька маладога буркнуў пад вусы: «Гэта толькі пан Езус мог рабіць».
Дзяўчына глянула на яго і адрэзала: «А сёння будзе новы цуд!» Скок з лодкі і пайшла, лёгенька, на пальчыках, але ўсё роўна як па сухім. А ніхто не ведае, што дзяўчыне возера памагае, бо мамка заваражыла ваду. «За мною, панны, не бойцеся!» — кліча яна і ўсё далей ідзе.
Пачалі паненкі адна за адною скакаць у возера. Як толькі з лодкі, дык і на дно. Паны былі добра паўпіваўшыся, кінуліся на ратунак і самі сталі тапіцца. Толькі жаніх даплыў да дзяўчыны. Хацеў схапіць, але яна павяла рукамі і ўзляцела лябёдкаю. Пакружылася над возерам і крыкнула не птушыным, а сваім, дзявочым, голасам: «Прыйшоў звод на панскі род».
Стары князь схапіў стрэльбу, злажыўся, ды штурхнула яго пад руку мамка. Пацэліў ён не ў дзяўчыну-лебедзя, а ў свайго адзінага сына-падлетка. «Прыйшла табе, княжа, адплата за майго брата», — паспела сказаць мамка і ўпала нежывая.
— Вось табе і Паненскае возера. — Канстанцін Міхайлавіч хвілінку перачакаў. — Не зусім самастойная гісторыя, крыху з фальклору пазычана. Я мерыўся ўвесці гэта ў «Сымона-музыку».
Пачалі глядзець паэму. На першым раздзеле апошняе часткі ён спыняецца.
Прачытаўшы, нібыта яшчэ раз узважвае, ці правільна адмовіўся ад гісторыі пра возера.
— Яно-то было б да месца, каб паэма не набліжалася да заканчэння. Гэтая прыгода магла закасаваць ігру Сымонкі перад князем. А тут было важней, каб ён расказаў, як з дуба састрэлілі галінку з жолудам. Увесь сэнс у Сымонавых словах: «Думка ходзіць, дзе захоча». У яго ўжо спее намер уцячы…