Патрапала дадому шляхта пешкі за сваімі каламажкамі. I брыдка, і соль высыпаць не хочацца. А сяляне зараз жа мянушку прыляпілі: «Дома за капейку трасуцца, несалёным душацца, а соль з гасцей возяць. Чыстыя недасолкі!»
На гэтую мянушку крыўдзіўся семінарыст Міхайлоўскі. Яго брат служыў дзелаводам у нашай канцылярыі. Гэта яшчэ паддавала гонару Міхайлоўскаму. Быў ён хлопец цікавы, здольны, праўда, зубрыла і чэсталюбец. Скончыў курс першым. Меў вялікую вытрымку, не злаваўся, брыдкага слова ад яго не ўчуеш.
Аднойчы мы паспрачаліся. Я дражнюся: «Зраблю так, што ты засярдуеш і пачнеш лаяцца». «Не, не буду!» Я пайшоў з інтэрната, а хлопцам наказаў: «Перадайце Міхайлоўскаму, хай возьме ў мяне пад падушкаю паперку». А там было напісана: «Недасолак, на солі!» Міхайлоўскі прачытаў і не вытрымаў: забыўся на нашу спрэчку і аблажыў мяне на самым высокім узроўні…
«Ну і Стары! — падхвальвалі мяне таварышы. — Мы думалі, хутчэй замак абернецца, чым Міхайлоўскі зазлуе».
Потым мы памірыліся, я яго перапрасіў.
— Аднакласнікі амаль не звалі мяне па імені. Усё Стары ды. Часамі яшчэ гаварылі Бацька.
У нас у кожным класе быў свой Стары. Меў я тады немалую сілу. Дужацца са мной баяліся. Бывала, падыму рукі, падагну кулакі да плячэй:
«А ну, хлопцы!»
З кожнага боку навешаецца мне на рукі чалавекі па тры. I як ні пнуцца, не могуць адагнуць мае рукі ўніз. А я толькі крутнуся, і яны пасыплюцца, хто куды.
«Слухай, Стары, а можаш ты каня пакаціць?» — пытаюцца, паўставаўшы з падлогі.
«Магу! Вядзіце яго сюды!»
«Ты б і рад! А які дурань дасць жывёліну калечыць. Пакаці лепш Лычкоўскага».
— Лычкоўскі быў нашым класным настаўнікам аж да выпуску. Прыдзіра, крыклівы, а каб сам быў развіты, дык не надта. Выкладаў арыфметыку, геаметрыю, чарчэнне. Ён прапусціў цераз свае рукі багата вучнёўскіх пакаленняў.
«Вас яшчэ на свеце не было, калі я прыйшоў у семінарыю! — стукаў ён пальцам па стале і вымаўляў па складах: — У адна тысяча восемсот семдзесят дзевятым годзе! Можаце ўявіць, колькі ёлупняў перавярнулася перад маімі вачыма. Не ведаеце нічога, а запэўняеце, што ўрокі вучылі. Не тыя мазгі, каб мяне ашукаць».
Калі семінарыст адказваў няправільна, Лычкоўскі гаварыў:
«Кепска».
Хлопец спрабаваў паправіцца, яго амаль не слухалі:
«Яшчэ горш».
Нарэшце, прымусіўшы разы тры паўтарыць правільны адказ, Лычкоўскі падымаў руку ўгору і агалашаў:
«О-о-о! Так!»
Здаралася, што адказам яму ніяк нельга было дагадзіць. Тады наш настаўнік глядзеў на столь, складаў набожна рукі і хрысціўся:
«Во имя отца и сына…»
Аднак Лычкоўскі быў настаўнік не з горшых. Касцей не пераядаў, перабіраў толькі меру ў патрабаваннях. Хацеў, каб яго клас ішоў наперадзе.
Канстанцін Міхайлавіч спыняецца. Відаць, новы малюнак ажыў у яго ўяўленні. Ажывае і ўсмешка на вуснах.
— Чуў пра такое мястэчка — Бéздзеж? Яно часта ўспаміналася ў семінарыі. Калі хто-небудзь з семінарыстаў хітраваў, мы кпілі: «Э, хлопец, ці не з Бездзежа ты?» Гэта ў стары час быў Кобрынскі павет.
Пра мястэчка расказвалі, быццам бабы там такія спрытныя, што без дзяжы хлеб месяць. I хавай цябе божа што-небудзь у бездзежца купляць. Абавязкова ашукае. Будзе божкаць, клясціся, усё роўна не вер.
Кляліся бездзежцы, напрыклад, так: «Калі няпраўду кажу, дык не дай мне, божа, спажыць тое, што ў запазусе». А як «тое» спажыць, калі дзядзька, едучы на торг, хаваў пад кашулю цагліну. I гэтак яшчэ гаварылі: «Калі выйдзе на тваё, дай бог, каб я жонкі дома не застаў». Страшны праклён, але бездзежац і ў вус не дзьмуў. Ён жа ведаў, што жонка да сваякоў у другую вёску паехала. Як яе дома застанеш!
У 1863 годзе ў Бездзежы моцны паўстанцкі рух быў. Мураўёў пасылаў рэгулярнае войска на падаўленне. I яшчэ цікава: у тым мястэчку існавала адна з першых у Беларусі ланкасцерскіх школ. Настаўнік займаўся толькі з лепшымі вучнямі, а тыя ўжо вучылі слабейшых.
Я аднойчы, не ведаўшы ўрока, зарабіў у Лычкоўскага пяцёрку. Ён задаў мне пытанне, а сам заўважыў, што нехта з хлопцаў кнігу чытае. Пачаў крычаць. Я ў гэты час рэжу голасна, але адказваю зусім не тое.
Лычкоўскі ахаладаў, учуў толькі апошні сказ. Перапытваць было няёмка, вось ён і гаворыць:
«Добра! Вы заўсёды пашыраеце межы пытання. Навука грунтуецца на ўзаемных сувязях».
Папаздзекаваліся тады аднакласнікі:
«Абхітрыў Лычкоўскага! Па ўсім відаць, ты не мікалаўскі, а бездзежскі».