— Неяк пад Новы год атрымаў Лычкоўскі ордэн Станіслава. Цешыўся, як дзіця. А мы разоў дзесяць віншавалі яго. Калі баімся, што пачне выклікаць, адразу хто-небудзь устае з лаўкі і давай адчытваць віншаванне.
Лычкоўскі расчуліцца, пачне гаварыць, што ордэны даюцца за заслугі, а каб мець заслугі — трэба добра вучыцца. Тым часам палавіна лекцыі і пройдзе.
Потым ён гэтыя хітрыкі разгадаў і перапыніў аднойчы віншавальніка:
«Чакайце, я ж новай узнагароды не атрымліваў…»
А хлопец не разгубіўся:
«Тое, — кажа, — гаварылася ад нас усіх, а цяпер прыміце мае асабістыя пачуцці…»
Ідучы за плынню гаворкі ў юнацтва, Канстанцін Міхайлавіч на вачах змяняецца. Званчэе голас, маладзеюць і робяцца шырэйшымі рухі, мова бяжыць лёгка, без паўз на падшукванне вастрэйшага выразу; нават крок, калі ён набліжаецца да стала ці кніжнай шафы, здаецца пружыністым, нібы цела страціла вагу сёмага дзесятка.
Тое, што трэба было б даручыць пяру, усё, чаму належыць стаць старонкамі будучай кнігі, выкладаецца вусна. Не проста расказваецца, а пішацца фарбамі слова, часамі жорсткага і грубаватага, але заўсёды скупога і дакладнага, як праўда бачання, тая самая, што неадступна стаіць перад вачыма, вядзе ад карціны да карціны, калі ён, паводле кплівай заўвагі школьнага таварыша, пераходзіць «у стан іёгаў», аддаецца ўяўленню.
Хутка, энергічна, густа, рукой, да якое прыйшла шчаслівая пэўнасць, кладуцца мазкі на невідочнае палатно. I каб майстар мог адысці ад работы, кінуць на яе позірк прыжмуранага вока — ці ўсім відно тое, што яму хочацца? — ён застаўся б здаволены. Відно. Уся душэўная мускулатура прыведзена ў дзеянне.
Апавядальнік, а за ім і слухач міжволі пераносяцца на паўстагоддзя назад. Яны пачынаюць убірацца ў пер’е жаўтаротых выхаванцаў настаўніцкай школы ў маленькім, заштатным, выключаным са спіса павятовых гарадоў імперыі напаўмястэчку, напаўгарадку.
Маладыя трывогі і радасці, нявінныя забавы і падманы, уласцівыя ўсім чыста студэнтам і вучням, душы, шырока адчыненыя для жыцця і яго праяў, і — перад усім — маладосць! Уся ў пошуках дарог, у імкненні пазнаваць, у безразважным бунтарстве, прагавітая на дасведчанне, несутрымная, з сінцамі ад першых няўдач, з паапяканымі пальцамі, бо не ўмее яшчэ перш падзьмуць, а потым хапацца за гарачае, аднак незраўнаная, незраўнаная ні з чым!
Так, з гэтае пары ён пачне новую кнігу. Ужо вымаўляецца яе назва: «За 50 год». Толькі б завяршыць «На ростанях» — і за працу.
У рэзкім тоне асуджэння «семінарскай прамудрасці» не-не дый пракінецца нотка добразычлівасці да свае першай і адзінай школы. За грунт для наступнага засеву, які здолела прырыхтаваць маладая ненатольнасць да навукі, вылузваючы зернеткі яе з сухіх, прасмердшых казённым накірункам лекцый і кніг. За тое, што нарадзіўся ў тых душных сценах пратэст супраць увязнення чалавечай волі ў мурах яшчэ большай турмы, турмы народаў.
За таварыскі гурт верных сяброў, з кім давялося шукаць сцежкі ў рэвалюцыю.
I яшчэ за адно…
Гэта ж пад нізкаватым семінарскім дахам адкрылася яму магчымасць прыкласці неакрэсленую здольнасць да цвёрдай дзейнасці, якая потым зрабілася стрыжнем жыцця.
На самоце, застаўшыся адзін праводзіць вакацыі ў інтэрнаце, меўся праглынуць ён найменей паўсотні кніг. Аж і аднае было занадта. Узяў яе ў бібліятэцы, ды так і не выпусціў з рук. Перагорне апошнюю старонку і зноў вяртаецца да пачатку.
Дзіўная неадхільная ўлада генія паланіла магутнымі відовішчамі прастору сонечных стэпаў у незлічоных колерах, казачнай шырынёю Дняпра, да сярэдзіны якога далятае не кожная птушка, вадаспадным шумам сельскага кірмашу, дзе «валы, мяхі, сена, цыганы, гаршкі, бабы, пернікі, шапкі — усё ярка, страката, бязладна мітусіцца кучамі і снуецца перад вачыма».
Бязмежная, здавалася б, весялосць дзіканькаўскіх вечароў то змушала рагатаць, то чамусьці шчымліва сціскала сэрца, і яно рвалася і рыдала, паспытаўшы на смак няўроненую слязу бацькоўскага гора ў развітальным Тарасавым поклічы: «Чую!»
Як блізка і знаёма ўсё гэта!
Можа той дзівосны кірмаш грымеў і палыскаваўся не ў Сарочынцах, а ў Стоўбцах ці ў Свержані? Можа ў майскую ноч не парубак Леўка пазнае вядзьмарку сярод тапельніц, а ён сам бачыць, як бедная дзяўчына вучыць паненак хадзіць па нясвіжскім возеры? Чаму невыгойны смутак засцілае пялёнкай святло і радасць, на якія нібыта так багата кожная гогалеўская старонка?
Гэта глядзіць проста ў душу непрыфарбаванае, неаздобленае, сапраўднае жыццё народа.
«Бязлітасны выкрывальнік», паводле пазнейшага азначэння Якуба Коласа, быў вельмі шчодры ў адносінах да семінарыста Міцкевіча. Гогаль як бы прачыніў перад ім дзверы ў запаветнае, адхіліў заслону ў невядомае, куды больш за ўсё хацелася зазірнуць, — у сакрэты неўміручага майстэрства маляваць словам. Больш таго: падзяліўся гэтым сакрэтам, хутчэй — даў зразумець, што яго тварэнні — верх магчымай для чалавека дасканаласці! — ёсць усё ж праца чалавечага розуму і пачуцця, вынік настойлівасці чалавечай рукі.