Выбрать главу

Значыць, можна і трэба рызыкаваць! Быць смялей, напісаць аб тым, хто зараз, воляй часу і лёсу, бізуна і штыка, загнаны на самы спод жыцця і хоць прыроўнены ў правах і магчымасцях да жывёлы, але куды прыгажэйшы сэрцам, багацейшы парываннямі за ўсіх, каму, не праўдай, а толькі крыўдаю, удалося ўгібаць кіраўнічы кій і рассесціся зверху. Прыдушыць так, каб нішто, барані божа, не пусціла зялёнага парастка.

Пара такі праўдзе браць верх! Яна — у народзе. Значыць, пісаць пра народ і для народа.

На гэты раз намер выспеў канчаткова. Якім жа чынам ажыццявіць яго? Раней за ўсё авалодаць умельствам кантрасту, якое раскрыў вялікі настаўнік.

Велічна-супакойнае хараство прыроды — і панурае гібенне абяздоленага чалавека.

Шырачэзныя палеткі, неабсяжныя бары, паўнаводныя рэкі — да паслуг пана, князя, чорта, д’ябла, і неўрадлівы — з вераб’іны скок — загончык, мала шырэйшы за адвечны надзел на вясковых могілках — тры аршыны ў даўжыню, два ў глыбіню, гнілая сажалка, дзе ні напіцца, ні ўтапіцца, нарэшце — распараныя бярозавыя дубцы ў валасным праўленні — для задавалення мужыка, бедака, абадранца, бесхацінца.

Галодныя вочы дзіцяці — і хцівая ўчэпістасць тлустых шчэлепаў, якія, бачыш ты, не могуць есці іначай, як на залатым посудзе…

Навошта ж лічыць тыя кантрасты, калі іх безліч, глянь уважлівымі вачыма каля сябе і пішы! Дармо, што ў пачатковых спробах будзе адчувацца настаўнікава прысутнасць. Кожнае дзіця, становячыся на ногі, самастойна адольвае цяжкую навуку хады, хоць ужо існуе тысячагадовы вопыт чалавецтва перасоўвацца пешкі. Тут не выкруцішся: не зрабіўшы першага кроку, хадзіць не навучышся.

Некалі, яшчэ ў маленстве, на пісанне баек падштурхнуў Крылоў. I ў дзесятку вершаў, пазапісваных у сшыткі пазней, лёгка пазнаецца рука літаратурнага павадыра. А калі ты носіш у сабе толькі табою ўбачанае і пачутае, дык, напэўна, і будзеш гаварыць пра гэта па-свойму!

Хіба ж мала гаруе і радуецца ён, Костусь, запісваючы тужлівыя песні і апавяданні аднавяскоўцаў? Хіба ж не горкім жалем і смехам дыхаюць гаворкі блізкіх яму людзей? Хіба не бляднеюць іх твары ад гневу і лютасці, калі прыгадваюцца бясконцыя пакуты, калі пераліваецца глыбокая мера цярпення і прыгнечання?

Простыя людзі даўно ўжо размежавалі два светы: чужы — са збыткаваннем нажытага з уціску і гвалту багацця і свой — мужыцкі, бядачы, галодны і халодны. Яны гавораць стрымана, інакшсказальна: «Бог няроўна дзеліць». А колькі акіянаў чалавечага гора закіпае ў гэтых словах, колькі сонцаў распаленай нянавісці гарыць у іх!

Значыць, не дашукацца праўды мужыку ні на зямлі, ні на небе! Начорта ж тады той бог, калі ён, стварыўшы першага чалавека і даўшы яму ва ўладанне зямлю з усімі выгодамі, раптам не хоча дзяліць усё пораўні між ягонымі нашчадкамі! Што ж яны — зрабіліся горшыя? I калі адбыўся яго, божы, падзел на горшых і лепшых? Ён, хто мусіць быць увасабленнем справядлівасці, не выконвае сваіх уласных запаветаў. Тады выходзіць, што бог і ёсць найпершы крыўдзіцель чалавека.

Дык прэч такога бога, бо ён толькі хітрая выдумка тых, хто прагне падперці сваю гвалтам узятую ўладу наказамі і ўстанаўленнямі сілы звышнатуральнай, якой быццам бы павінны падпарадкоўвацца ўсе і не пераступаць яе волі.

— З гэтым я і выйшаў да свядомага пісання, — кажа Канстанцін Міхайлавіч. — Так што пэўная пашана да семінарыі ў мяне ёсць. Хоць бы за тое, што здабылося насуперак яе клопату. Сеялася там пакора, а вырастаў бунт.

I далей успамінаецца яму…

Невядома адкуль, але не з бібліятэкі, трапіла ў інтэрнат і пайшла вандраваць з-пад адной падушкі пад другую зачытаная кніжачка. Лепш сказаць — сшытак, абгорнуты ў моцную сінюю паперу і змацаваны тоўстай суравою ніткаю. А ў ім — адбіткі з часопіса, асобныя артыкулы.

Таварыш шапнуў, перадаючы: «Не трымай навідавоку: Чарнышэўскі!» Прозвішча не растлумачыла, чаму трэба таіцца. Тады, таксама ўпошапкі, пераказалі біяграфію: рэдактар «Современника», рэвалюцыянер, сядзеў у крэпасці, пасля амаль да канца жыцця гараваў недзе за светам, у Вілюйску.

Пачаў чытаць і збаяўся: не, не дабярэшся да сэнсу, не сягнеш у такую глыбіню! Паралелі з розных галін навукі, вандроўкі ў гісторыю чалавецтва і грамадскіх ладаў, нечаканыя параўнанні. Як зразумець іх, калі для гэтага трэба перавярнуць гару кніг, каб дазнацца, што з чым параўноўваецца. Да таго ж яшчэ імёны філосафаў, аб іх у семінарыі нават не чулі.