А гэты чалавек абыходзіцца з усім так вольна, здаецца — волат перастаўляе дзіцячыя пабудовы з карт, гаворыць лёгка і горача, быццам б’е ў яго з грудзей несутрымны струмень, і воку адкрыты яшчэ большыя скарбы. Ён стаіць дзесьці высока-высока, зірнуць на яго можна, добра задраўшы галаву і абавязкова прыжмурыўшыся, як на сонца.
Некаторыя выразы з кнігі хочацца запісаць. Гэтага, кажуць, рабіць не варта, лепш завучыць. I калі запомненыя мясціны па некалькі разоў паўтараліся самому сабе, супастаўляліся, расчытваліся глыбей, стала відно: іх злучае вострая, сліпучая, як пошуг маланкі сярод цёмнага лесу, думка.
Тут семінарыст неспадзявана адчуў, нібыта ў рукі пашчасціла залавіць меру для багата чаго: перш за ўсё для ўласных трывог і разваг, для напісанага ім самім і другімі, а найбольш — для паднесенага яму ў выглядзе спрадвечных і непарушных ісцін.
Што ні прыкідалася на той аршын, усё ляцела потырч! Звышпатрыятычныя старонкі падручнікаў, ялейная філасофія «айцоў царквы», на што трывалыя, здавалася б, асновы праваслаўя і самаўладства, закрашаныя подліўкай веры і пададзеныя моладзі з абавязковым гарнірам вернападданніцтва праз дагодлівых пісак, — усё гэта рассыпалася на пацяруху ад першага ж дотыку магутнай крытычнай думкі.
Паглыбляйся ў яе, калі забракуе дасведчанасці, не стане сілы дадумацца самому, не знойдзецца спрактыкаванасці сабрацца з доказамі, абвергнуць недарэчнае, крыўднае, несправядлівае, супраць чаго абураецца пачуццё, але не можа раструшчыць жалезная логіка разважання. Насустрач табе заўсёды выйдзе, падтрымае і, калі трэба, пасвеціць на дарогу ясны розум вілюйскага выгнанніка з поўным патайнага значэння, абкружаным арэолам падзвіжніцтва і прыхаванай любві адных і адкрытага зневажання і здзеку другіх, яшчэ крыху страшнаватым, але ўсё больш і больш павабным іменем — рэвалюцыянер.
Менавіта так: пасвеціць на дарогу. Бо ён жа ўвесь час гукае на яе: ідзіце, праторвайце шырэй!
Гэтак думалася і адчувалася колішняму семінарысту.
Цяпер народны паэт успамінае аб сваім раннім душэўным узрушэнні, удзячны таму, хто клікнуў яго ў сваю дарогу.
— Неяк у Мінску, — кажа Канстанцін Міхайлавіч, — мне захацелася глянуць на тыя артыкулы Чарнышэўскага. Пачаў гартаць і забыўся, чаго шукаю. З тыдзень праседзеў чытаючы. Затое знайшоў цікавы ўрывачак. Там Чарнышэўскі адным сказам акрэсліў постаць Гогаля.
I адразу ж прыгадвае амаль слова ў слова:
«Ён сказаў нам, хто мы такія, чаго не хапае нам, да чаго павінны імкнуцца, чым грэбаваць і што любіць».
Пазней Колас у артыкуле пра Гогаля вернецца да многіх з выказаных толькі што думак. Зараз яны змяняюць адна другую, перапыняюцца развагамі аб ролі і значэнні настаўніцтва ў розным разуменні гэтага слова.
— Настаўнік не той, перад кім ты сядзіш на лаўцы або стаіш на каленях. Сапраўдны настаўнік уваходзіць у душу і ўжо не расстаецца з табою. Не ведаеш, што рабіць, — папытай, а не спытаеш — ён усё роўна параіць, моўчкі.
Гэтак ён працягвае думаць пра вялікіх, каго звычайна па-руску называе, ужываючы стары націск, «учители». Але Канстанцін Міхайлавіч не хоча такім чынам зневажаць тых, перад кім сядзеў на парце. Як ні кажы — настаўнікі! Якія б ні былі благія, з вымудрамі, няхай абдзеленыя жывым імкненнем да лепшага, заціснутыя службовымі абавязкамі, скалечаныя прагаю да рубля і кар’еры, але ўсё ж людзі. I нечаму ж, вольна ці не вольна, навучылі. Недзе ў глыбіні істоты ён ставіцца да іх лагодна, не з любасцю, вядома, як да Яські Базылёвых, а з пэўнай цеплынёй.
Іначай дзеля чаго б яму было цікавіцца лёсам сваіх семінарскіх выкладчыкаў у далейшым. А то ж ведае, што Меліяранскага, дырэктара, перавялі ў Магілёў, паставілі таксама дырэктарам, але над народнымі вучылішчамі. І праз гэта выпускнікі не шукалі пасад у Магілёўскай губерні, не хацелі быць пад тым самым вокам. Справа змянілася, калі Меліяранскі быў прызначаны начальнікам жаночай гімназіі ў Брэст.
Вось Лычкоўскі так увесь час і пратрымаўся ў Нясвіжы. Болей за стацкага саветніка не выслужыў, але атрымаў прыстойную пенсію і яшчэ адзін ордэн, здаецца, Уладзіміра.
Старыя званні — калежскі асэсар, калежскі сакратар, стацкі саветнік — выклікаюць жартлівы каментарый:
— Саветнікі былі розных рангаў — тытулярныя, надворныя, стацкія, сапраўдныя, тайныя… У «свіныя галасы» — гэта пара на захадзе сонца, калі свіней гоняць з пашы і яны працяжна вішчаць і рохкаюць, — сядзелі мы, будучы семінарыстамі, у гумне аднаго з нашых хлопцаў. Я вызірнуў на вуліцу, убачыў статак і хацеў сказаць: ідуць надворныя свінкі, а вымавіў саветнікі. Ад таго часу, як пачую гэты тытул, забірае смех.