Выбрать главу

Раз у Пінску нейкі чыноўнік адрэкамендаваўся ў кампаніі: «Надворны саветнік такі і такі». Я не ўтрымаўся і запытаў: «А ў кормныя хутка трапіце?» Той прыняў усур’ёз: «Хіба, кажа, уведзена такая ступень?»

Хацеў я яму растлумачыць, што надворныя ў статку ходзяць, а кормныя ў катуху сядзяць, шванкі чакаюць. Спыніў сябе: бяды, думаю, не абярэшся.

Перад самай вайною ў нас гадаваўся ўласны «кормны саветнік», белы япручок. Не так, каб на патрэбу трымалі. Мар’я Дзмітрыеўна і хлопцы мае любілі жывёлу, і мне хацелася, апрача сабакі, нешта жывое мець у дварэ.

Мінск ужо гарэў, мы збіраліся ад’язджаць. Паадчынялі ў доме вокны і дзверы — можа людзям што спатрэбіцца, хай забяруць. Я хацеў сядаць у машыну, ды ўспомніў: яшчэ ж адна істота засталася — япрук. Выпусціў яго з хлеўчука. «Ідзі, кажу, белы, згарыш, а так недзе да гаспадара прыб’ешся».

Канстанцін Міхайлавіч змаўкае.

Цяжкая прыгадка павяла ўяўленне па дарогах вайны ў Ляўкі, дзе, сеўшы над Дняпром, думалі разам з Купалам адну бясконцую думу, як дапамагчы радзіме. Аб гэтым яны не раз гаварылі і пісалі ў Маскве, там і апошні раз абняліся.

Потым быў Ташкент, прыветны і гасцінны. Не так і многа пражыў у ім, але як на нецярплівае сэрца — вякі!

Нарэшце — дарога назад, зноў жыццё ў Падмаскоўі, Мінск. Немаленькі шлях, але не гэтак здоўжыўся ён, таму што быў — зваротны.

Усе на свеце ведаюць: дарога дадому — карацейшая. Другая праўда: не заўсёды лягчэйшая бывае яна. Родны горад ляжаў у цяжкіх руінах, толькі пачыналі станавіцца на ногі змучаныя няволяю людзі.

Колас горка тужыў над магілай дома найлепшага друга, чыё сэрца ператварылася ў камячок попелу, над труной дарагой спадарожніцы, па кім смуткуе кожны дзень і скардзіцца на адзіноту, і над папялішчам свайго дома, прытулку поўнай сям’і і творчай думкі. А пад якім курганам ляжыць у жвіры сын Юрка? Каб можна было адшукаць!

Канстанцін Міхайлавіч ходзіць па пакоі, адсякаючы праз хвіліну, а то і праз дзве кароткія, адрывістыя сказы. Потым кідае позірк на выразаны пад час летняга адпачынку кіёк.

— Выйдзем на хвіліну.

Марозіць. Рыпіць снег пад белымі валёнкамі на тоўстай падэшве. Проста за брамаю на рэдкім аранжавым воблачку пакалыхваецца бліскучы паўмісак з адбітым бокам. Рушыла з поўні. Канстанціну Міхайлавічу месяц уяўляецца булкаю хлеба.

— О, нехта ўжо добры акраец адхваціў. Можа змяніцца надвор’е. На глум ідзе месяцава работа: свеціць, калі людзі спяць. Але няхай свеціць, можа і спатрэбіцца калі. Ён жа бліжэй за ўсе нябесныя целы. Да яго першага і дабірацца давядзецца.

Мы некалькі разоў даходзім да будынка Акадэміі і вяртаемся назад. На бровы асела шэрань, ад гэтага вочы яго здаюцца суровымі. Суровей гучаць і словы:

— Чалавек народжаны для таго, каб перамагаць. Цяжкасці, няўдачы, прыроду. А найбольш самога сябе. Многа нязведаных закавулкаў яшчэ ў чалавечай душы. Вылезе часамі адтуль страшыдла. Падаб’е руку на благі ўчынак, падбухторыць язык на кепскае слова. Астыўшы, гляне чалавек на сябе збоку і не пазнае: я гэта ці не я? I каецца, дае зарок, каб заўтра нарабіць большага глупства. Немалая гэта перашкода ў нашай вялікай рабоце.

Узяць уладу над сабою цяжэй, чым камандаваць, загадваць, кіраваць кім-небудзь іншым. Хіба не клаліся на вагу лёсы краін, жыццё многіх тысяч людзей праз хвілінны настрой, страх страціць уладу, а то і проста жорсткасць аднаго. Гісторыя знае выпадкі… Зрэшты, я не пра Грознага гавару… Мог і не быць крывавы апошні дзесятак гадоў…

Амаль з досвітку ў нумар гасцініцы «Масква» Канстанціну Міхайлавічу носяць тэлеграмы, няма ўпынку тэлефонным званкам. «Рыбакова хата» атрымала Дзяржаўную прэмію.

Пад вечар крыху аціхае. Частка наведвальнікаў затрымліваецца: Аркадзь Куляшоў, ён сёння таксама стаў двойчы лаўрэатам, Іван Няхода, С.М. Гарадзецкі, старэйшы сын Канстанціна Міхайлавіча Даніла са сваім школьным сябрам, як і ён сам, хімікам. На хвіліну заходзіць Алесь Ганчар, жадае здароўя і знікае. Нікому больш з прысутных Канстанцін Міхайлавіч не дазваляе і паварушыцца:

— Сядзіце! Адпачнём і зноў пачнём.

Ён расказвае пра хлопца, што ўжо вырас даволі вялікі, а ўсё ніяк не адвыкаў ад матчыных грудзей. Аднойчы прыйшлі сваякі, пачалі сарамаціць малога, калі той стаў дакучаць маці. I хлопец адчапіўся. «От, бачыш, — пахваліла адна з цётак, — як добра. Сядзіш за сталом, як усе людзі, матчыну пазуху не дзярэш і жыў…» А хлапчына басам адказаў: «Адпачну ды зноў пачну».