Потым успамінаецца прыказка: «На каня трэба дубец, а на гасця прымус» і ці мала падобных.
Гасцям, нарэшце, удаецца адпрасіцца. Канстанцін Міхайлавіч бярэ з кожнага слова спаткацца тут жа заўтра.
Ён усё яшчэ не можа ўтаймавацца. Тупае па пакоі, час ад часу паглядае цераз акно. Апусцелая Манежная плошча з рэдкімі тралейбусамі, якія менш затрымліваюцца на прыпынках, кіруючыся ў парк. Каля Крамлёўскай сцяны паварушвае чорным, яшчэ голым галлём сад. Але нездарма красавік некалькі дзён запар то прыграваў дрэвы сонцам, то, надзьмуўшы шчокі, апырскваў іх вільготнай сінечаю вясны. Галіны здаюцца ажыўшымі, на іх прадчуваецца зеляніна.
На некаторы час гэта затрымлівае ўвагу Коласа. Ён выказвае жаданне выйсці на паветра і абкружыць колькі разоў гасцініцу. Аднак садзіцца ў мяккае крэсла і задумваецца.
— Чалавек мае дзіўную натуру, — ці то кпліва, ці то сумнавата гаворыць ён. — Сядзеў бы з людзьмі, гаварыў бы. Бо, застаўшыся адзін, мусіш нешта рабіць, думаць. Мала спачываюць людзі, вельмі мала. Іначай нельга. Мы працуем не толькі дзеля сябе, а каб сённяшняй працай падрыхтаваць чалавека да працы заўтра. Каб ён быў заняты, скажам, адну гадзіну на суткі. Рэшта часу павінна быць вольная. З гэтага стану заўсёды нараджалася вялікае. Закон сусветнага прыцягнення… Пушкінская «Восень».
Колас падняўся, зазірнуў у другі пакой. Яго сын з таварышам ужо спяць.
— Дзе яшчэ тая ноч, а яны ўжо хвасты адкінулі. От і чакай прагрэсу ў хіміі! Адна нетрываласць.
Нязлосна — гэта адразу чуваць — пабурчаўшы, ён паварочвае да мяне ўсміхнуты твар.
— Зрэшты, і добра, што мы адны. Ціха, можна спакойна пагаварыць.
Спасылаюся на позні час, на змору…
— А хто змарыўся? — падымаюцца светлыя вочы.
— Я, вядома…
— Ну, хіба што ты!
Канстанцін Міхайлавіч нібыта прымае жарт усур’ёз і пачынае збірацца на сон.
Спускаюся ў вестыбюль заказаць на раніцу тэлефонную размову з Мінскам. Пасля асцярожна, каб не рыпнуць, прачыняю дзверы і заходжу ў нумар. Дарэмная перасцярога! Ложак Канстанціна Міхайлавіча пусты.
Няўжо-такі пайшоў на праходку? Не, паліто на месцы. Саджуся за тэлефон і абзвоньваю нашых нядаўніх гасцей і знаёмых, што спыніліся ў гасцініцы. Потым пачынаю абход паверхаў: на кожным знаёмыя дзяжурныя, з імі ён любіць паразмаўляць. Нарэшце, заходжу ў рэстаран. Як быццам і тут няма. Але, у самым кутку, падалей ад уваходу, дзве вельмі прыметныя галавы з паважнай сталасцю і нейкай мілай нестарэчай сівізной, Колас і Каўпак.
Канстанцін Міхайлавіч заўважае мяне і паказвае на мігі, каб ішоў да іх. Пакуль падыходжу, ён нешта гаворыць Каўпаку. Я кланяюся Сідару Арцёмавічу, па вачах суразмоўнікаў адчуваю: пахне нейкай змоваю.
Каўпак крыху затрымлівае руку ў поціску і гаворыць мне, як даўно знаёмаму:
— Здароў, здароў! Дзе ж ты бавішся? Мы цябе тут даўно выглядаем. Няўжо не ведаеш, дзе шукаць дзядоў апоўначы? У партызанах не быў? Вось я і бачу, што не быў.
Магутныя старыя рагочуць.
Радыя сустрэчы, яны не нагаворацца. Пра ўсё думаюць, пра ўсё дбаюць. А найбольш пра чалавека. Каб яму добра было.
I як тут не здзівіцца яшчэ раз з іхняга крамянёвага заводу, з замесу, на якім зроблены гэтыя асілкі-людзі…
Гэтыя радкі падабаюцца Канстанціну Міхайлавічу.
— Некалі і сабе будзем старацца бляхі, — смяецца ён.
На пачатку 1945 года мы змовіліся сустрэцца з Петрусём Броўкам у маскоўскай гасцініцы «Еўропа», дзе ён жыў з сям’ёю да пераезду ў Беларусь.
— Дзядзька Якуб абяцаў заехаць.
Хвілін за дзесяць да дамоўленага часу, ведаючы крыху педантычную пунктуальнасць і гасця і гаспадара, я стукаў у нумар да Броўкі. У падрыхтоўку стала ўносіліся ледзь улоўныя, пэўней, даступныя толькі гаспадыням, удакладненні і палепшанні.
Коласа яшчэ не было. Што ж, едучы з Клязьмы, мог і прыпазніцца. Аднак мінула гадзіна, павярнула на другую, а госць не з’яўляўся. Такое спазненне было не па Коласавай натуры. Толькі паднялі чаркі за здароўе адсутнага, як на парозе з’явіўся сам дзядзька Якуб. Затрымала яго, наколькі ўспамінаецца, змена ў раскладзе прыгарадных цягнікоў.