Выбрать главу

Гадзіны праз дзве, калі была скончана вячэра і неблагія такі, на ваенны час, прыпасы вычарпаны, Колас падняўся. Мы памкнуліся праводзіць.

— Не трэба, — запярэчыў ён, — я цвёрда на нагах стаю. А вось вы, чакаючы мяне, мусіць, здорава дзюбнулі.

I не паверыў, што мы ўсяго толькі чокнуліся…

Урок майстэрства

Ці ў тую торбу сыплецца аброк? Я чытаю раздзелы аповесці. Паэт Міцкевіч з-пад Стоўбцаў. Герой крытыкуе пісьменніка… Што цяжэй пісаць? Зноў Гогаль. Як глядзець на срэбны рубель. «Людскія хвалі».

— А ці не даволі ўжо калупацца ў старызне? — спытаў Канстанцін Міхайлавіч, падвёўшы больш-менш мяжу пад успамінамі пра настаўніцкую семінарыю. — Для твае мэты як быццам хопіць. Ты ж не збіраўся цягнуць кнігу да нашага знаёмства. Мала цікавага тут. Жыву, як усе людзі жывуць. Ды ты, мусіць, напісаў ужо з палавіну…

Вочы яго робяцца хітраватыя, у іх прабягае лёгкая смяшынка. Значыць, сцеражыся: зараз пачне кпіць ці скажа што-небудзь нечаканае. Так і ёсць.

— Вось што, — чую я, — хачу ведаць, ці ў тую торбу аброк сыплю. Прынось усё напісанае, будзем чытаць.

Адгаворкі, што зроблены толькі першыя накіды, нічога не перадрукавана і цяжка разабраць чарнавікі, — не памагаюць.

— Дармо, сам пачытаеш. Я дык магу кожным радком з табою дзяліцца, нават недакончанае паказваю…

— То ж вы…

— А то ж — ты…

У голасе гатова прарвацца нездавальненне. Яно — рэдкі госць і такімі дробязямі звычайна не выклікаецца. Аднак усе добрыя сябры ведалі, што хаваецца пад лагоднай стрыманасцю Канстанціна Міхайлавіча, калі ён раптам перапыніць гаворку, кашляне, устане. Значыць, недзе пракінулася няўдачнае слова, нехта зрабіў ненатуральны рух, у газеце надрукаваны легкаважны артыкул, не ў часе прыйшоў непрыемны яму, лішні чалавек.

Як цяжка маўчаў ён тады! Гаслі жарты, не давалі вынікаў ніякія спробы развесяліць, адхіліць яго ўвагу. Аж покуль непажаданы наведвальнік, адчуўшы ўвесь цяжар ягонага маўчання, не выскакваў, як корак, з пакоя. Тады ўсе ўздыхалі лягчэй, Канстанцін Міхайлавіч першы абзываўся вясёлым словам, і размова плыла, як быццам нічым і не азмрочвалася.

Гэта было вядома ўсім, і мы стараліся асцерагчы яго ад непрыемна ўражаўшых рэчаў. Заўважыўшы гэта, Канстанцін Міхайлавіч пачаў яшчэ глыбей хаваць адзнакі свае нездаволенасці. Аднак адрозніць, калі ў яго псуецца настрой, было няцяжка. Постаць яго быццам бы ахіналася пялёнкай аддаленасці, здавалася — у пакой раптам насоўваецца духата і цісне на плечы, асабліва душна яму самому ад сілком надзетай брані стрыманасці.

Нешта падобнае да гэтага стану пагражае нашай размове і цяпер. Ён не можа не разумець майго нежадання выносіць на яго вочы недавершанае. Аднак не адступаецца. Напэўна, ёсць падстава, трэба згаджацца.

Назаўтра прыношу рукапіс і выбіраю лепш апрацаваныя раздзелы. Пачынаю чытаць і тут жа кляну сябе за няўмельства. Усё, што выглядала прыстойна, нават здавалася добрым, перад ім ліняе, робіцца бездапаможным. Не трэба чакаць прысуду, ён вядомы і так.

Канстанцін Міхайлавіч не спяшаецца парушаць маўчанне, і мне робіцца яшчэ больш непамысна. Няхай бы хутчэй зганіў! Можна было б забыць і кінуць у кошык.

— Прачытай яшчэ раз пачатак. I самае апошняе, на чым пакуль што спыніўся.

Чытаю, мінае яшчэ паўгадзіны.

— Пакінь мне ўсё гэта, — кажа Канстанцін Міхайлавіч. — Пагляджу сам.

Я вярнуўся дамоў з адчуваннем поўнай няўдачы. Кепска, безнадзейна кепска! Ён нават не захацеў нічога сказаць. Проста адсунуў убок, як часта робіць з не вартымі ўвагі лістамі, графаманскімі вершамі, кнігамі-скараспейкамі. Што гаварыць, ім нічым не дапаможаш. Лепш перачакаць маўчком, і так забудуцца.

Я выцягнуў першыя чарнавікі, пачаў пераглядаць. Гэта — сапраўды няважна, а з гэтым, бадай што, можна пагадзіцца. I гэта, мусіць, нядрэнна. Аўтарская прыхільнасць да ўласнай працы ўсё пашырае кола «нядрэнных» раздзелаў. Пераглядаю яшчэ раз і канчаткова спыняюся на пяці замалёўках. Вырашаю іх адстойваць. Не можа ж быць, каб ён так і змоўчаў. Паспеецца кідаць у печ.

Перагорнем раздзел аповесці, аб якой ідзе гаворка, папраўлены па заўвагах Коласа.

На прыплод

Міхал варочаўся дадому ўстурбаваны. Невыразнае прадчуванне не пакідала яго ўвесь дзень на лясных абходах пад неадчэпным асеннім дажджом.

Змок. Здарожыўся.

Перад самым вечарам выйшаў на ўзлесак. Пад яловаю лапай з сонечнага боку адскочыў кусцік зялёнай, па вясноваму свежай травы. За ёю нешта блішчала.

Спрактыкаванае леснікова вока не магло памыліцца. Два чорнагаловыя баравічкі прабіліся праз гліцу і, радуючыся з удачы свайго позняга нараджэння, нібы пасміхаліся зморанаму чалавеку.