Выбрать главу

— Глядзі ты, яшчэ растуць!

Міхал прыгнуўся і па лясной звычцы — не рушыць грыбніцы — падрэзаў карані прывязаным да пояса нажом у жалезных тронках.

— Спарышы! — усміхнуўся ён. — На прыплод.

Хацеў пакласці ў кішэню халата, але раздумаў: яшчэ патруцца. Зняў шапку з пазелянеўшымі і крыху пагнутымі лацінскімі літарамі «KR»: гэта азначала прыналежнасць да лясной аховы князя Радзівіла.

Міхал глянуў на гэты знак са злосцю. Праклятая цэшка звязвала яму рукі, рабіла яго, чалавека, князевай уласнасцю, як і ўсе неаглядныя шчырыя бары, што даводзілася пільнаваць, спраўляючы абавязкі лесніка. Яны сядзелі — ужо вось тут!

«Так і прабасцяешся ўсё жыццё панскім сабакам, — злаяў Міхал сваю леснікоўскую службу. — Вартуй чужога, хадзі па чужым, жыві не ў сваёй хаце. А грызіся з сваімі! Выходзіць, што і сам не свой».

Ён ледзь утрымаўся, каб не бразнуць шапку вобземлю, плюнуць і патаптаць нагамі. Але дождж не ўпыняўся, намакалі валасы. Міхал абцёр далонню галаву, схаваў грыбкі ў шапку і націснуў яе на самыя вушы.

Прыкрае, надакучаўшае пачуццё трывогі ўзрастала. Каб перабіць яго, прыбавіў кроку. Пачаў думаць — як прыйдзе дамоў, скіне з сябе ўсё мокрае, павячэрае, а заразом і паабедае гарачай капустай ды палезе пагрэцца на печ.

Міхал не любіў восені. Слата мучыла яго, набівалася ў грудзі. Хочацца кашлянуць, прачысціць сярэдзіну, ды хіба выкашляеш камякі халоднага туману.

Хутчэй бы снег!

З узгорка бліснуў агеньчык у крайнім акне ягонай хаты. На момант нейчы цень перакрыў палоску скупога святла.

«Мусіць, Ганна паглядзела ў акно, — здагадаўся Міхал. — Прачакалася».

Ногі пайшлі шпарчэй.

Цяўкнуў сабака і адразу змоўк, кінуўся насустрач. Збянтэжана скавытнуў — даруй, не пазнаў па кроку! — і прылёг перад гаспадаром.

На панадворку стаяў Міхалаў брат, Антось. Чамусьці ён быў з голай галавою, але ў світцы, не надзетай у рукавы, а толькі ўскінутай на плечы.

— Чаго ты мокнеш? Пасварыліся?

— Не-е! — працягнуў Антось, і ў голасе яго Міхалу пачулася радасная нотка.

З дзвярэй выскачыла сухенькая, вёрткая, як мыш, бабка Тэкля і шабоўснула пад плот начоўкі вады.

Прысутнасць абавязковай селавой павітухі, а яна сама гаварыла, што абмыла тры калены мікалаеўскіх жыхароў, канчаткова паказала Міхалу прычыну яго трывожнага настрою.

— Ідзі, ідзі хутчэй, бацька! — сказала бабка, націскаючы на апошняе слова.

На парозе Міхала сустрэў слабы дзіцячы піск.

Ганна ляжала на ложку, захінаючы ў кавалак мяккай старызны чырвонае цельца.

— Хлопчык! — хутчэй прашаптала, чым прамовіла, ледзь паварушыўшы белымі вуснамі, што амаль не вылучаліся на змарнелым твары.

Міхал падступіўся да парадзіхі і адгарнуў пялюшку.

Малое піснула мацней.

— Карэнкаваты малец, — пахваліў ён. Дастаў з шапкі знойдзеныя спарышы і паказаў Ганне: — Як баравічок. Хай гадуецца, пастухом, пэўна, будзе. Бо крычыць хвацка!

— Адступіся! — засыкала з-за плячэй бабка. — Наследніка застудзіш!

Міхал махнуў рукою і павесіў халат на ашэстак каля коміна. Пайшоў у качарэжнік і над вядром перш паліў сабе на рукі, а потым доўга, са смакам, абмываў твар.

— Дастаньце, бабка Тэкля, капусту з печы, — папрасіла Ганна. — Няхай ядуць. I Антось жа галодны яшчэ. Нічога болей няма. Кашы не зварыла. Схапіла болем з раніцы…

— Яно б не шкодзіла абмыць хлопца і чым іншым, — быў заікнуўся Міхал, але зірнуў на змучанае аблічча жонкі і змоўк.

— Паспееш яшчэ! — бабка паставіла на стол міску ў воблаку гарачай грыбной пары. — Хрэсьбіны будуць, тады. Адкуль цяпер чаго возьмеш?

— Я схадзіў, — абазваўся Антось, ён усё яшчэ не знаходзіў месца і таптаўся ў парозе. — Ты ўжо, Ганна, гэтае… — Яму не хацелася растрывожваць братавую, але ў такі дзень нельга было не ўважыць і настрой Міхала.

— Мы патрошкі… — Антось паставіў на стол бутэльку. — От і бабцы нальём… За клопат. А табе, Ганна, я ўзяў абаранка. З’еш з малачком.

— Дзе ўжо мне! — адмахнулася бабка. Аднак чарку прыняла і выпіла яе па-мужчынску, адразу. Нават прысела на хвіліну, пакачала па бяззубых дзяснах кавалачак мякішу, адшчыкнуты ад лусты даўгімі, паўсыхаўшымі ад веку пальцамі.

У хаце было ціха. Мужчыны елі моўчкі, час ад часу пускаючы з рук у рукі чарку з абавязковым: «Ну, то будзь здаровы!» і адказным: «Няхай вялікі расце».

Спаў, угрэўшыся каля матчыных грудзей, «наследнік». Хіліла на сон і парадзіху. Бабка паслалася на заслончыку — яна засталаcя нанач, можа, што памагчы прыйдзецца, — і ўжо соладка пасопвала.