Выбрать главу

Браты прыглушана гулі пра неспакойнае леснікоўскае жыццё, як гаварылі заўсёды, дзень пры дні.

Здарэнне было звычайнае, нікога не здзівіла і не магло здзівіць. А што каму да таго, што дажджыстай кастрычніцкай ноччу ў лесніка Міцкевіча нарадзіўся яшчэ адзін сын? Ці адзін ён глянуў у гэты час на непрыветны свет і закрычаў, заплакаў, нібы спалохаўшыся цемры, куды ён з’явіўся?

Дзён праз дзесяць хлопчыка павезлі хрысціць. Расчухраны бацюшка адчуў, што на багатую заплату тут спадзявацца няма чаго. Таму ён не рабіў лішняга захаду на падрыхтоўку цёплай купелі, а проста абліў малога «святой вадою» са шклянкі. Але, папароўшыся папярэдне ў календары, імя даў добрае — Канстанцін. Што па-грэчаску яно значыць — трывалы, кумыʹ дарогаю забыліся. Дый каму яно трэба, гэта бацюшкава тлумачэнне! Самае галоўнае — імя складна вымаўлялася.

Ганна ўзрадавалася. Усё меркавала, як будзе ласкавей: Костуська, Кастусёк, Косцік. А як падрасце, дык і Костусь.

Так яна доўга прыгаворвала, стоячы над калыскай. А Міхал з Антосем зноў выпілі па чарцы. Без прыгавораў.

Першыя портачкі

Такога Костусю яшчэ не даводзілася чуць.

Сёння папаўдні ён упершыню ўпрасіўся на пасту. Трава ледзь толькі пракідалася: карова не магла як след заняць языком, ну але авечкі — колькі ім трэба! «Можна выпусціць на часінку», — так разважылі дзядзька Антось з дзедам.

Па абедзе старэйшы брат Алесь падняўся з лавы і, штурхнуўшы пад бок Костуся, зірнуў на маці.

— То, можа, будзем выганяць, мама?

Сумесны выхад за межы сядзібы ўжо быў дамоўлены паміж хлопцамі, а штуршок азначаў: «Прасіся!» На тварыку ў Костуся з’явілася благальная ўсмешка. Ён забег перад маці, нагнуўся і абхапіў яе за калені. Аднак і гэты манеўр, ад якога заўжды мякчэла матчына сэрца, не дапамог.

— Сказала не пушчу! I не хадзі за мною ўхвост, — прыкрыкнула Ганна. — От жа настырнае ўдалося. Выганяй, сынок! — кіўнула яна галавою Алесю.

Дзверы за Алесем зачыніліся.

Костусь скрывіўся, але не заплакаў, не захацелася. А на крык з сухімі вачыма маці не паддасца. Можна плескача зарабіць.

Хлопчык пацёр кулачком вочы. Слёз не было, толькі размазаў пісагі поту, што пачалі сплываць па шчоках, калі ён, спяшаючыся, каб не астацца ад братоў, сёрбаў гарачы крупнік з фасоляю. Узлез на палок і лёг ніцма, уціснуўшы зачырванелы ад крыўды твар у падушку.

Маленькая постаць выглядала сярод кучы лахманоў так беспарадна, што Ганна ўздыхнула і адпусцілася.

«Налета ўжо спагоніць ахвоту, — падумалася жанчыне. — Напасецца. Тады не дабудзішся ўранку».

— Ідзі хіба… Бяды мне з табою, не дай і не прывядзі!

Костусь кумільгом скаціўся з палка да дзвярэй.

— Чакай адно!

Ганна памкнулася спыніць яго, але хлопец нічога не хацеў чуць і ўжо моцна ўляпіўся рукамі за клямку. Дзверы, як на тое, не адчыняліся, і маці паспела схапіць яго пад пахі.

Скмеціўшы, што нейкае ліха зноў стала наўпоперак яго жаданням, Костусь зароў не на жарты. Прыдрамаўшы на покуці, дзед упусціў кульбу з рук і, трымаючыся за стол, сіліўся падняць яе з долу.

— Я б яго навучыў прававáцца! — Дзед зрабіўся ад натугі чырвоны і заперхаў дробным авечым кашлем.

— Не трэба! — Ганна падняла руку, нібы абараняючы сына. — Сціхні, я табе портачкі дам. Што з цябе за пастух без портак.

Справа павярнулася нечакана, але ў вельмі прыемны бок. На такую ўдачу Костусь не мог і спадзявацца. Бегаць у караткаватай кашульцы, паказваючы тугі, як бубен, жывот, ужо збрыдзела. Дый крыўдна! Апрача таго, кашулю было вельмі лёгка задраць і дабрацца да тае гаротнай часткі цела, якая чамусьці заўсёды вымушана адказваць за шкоду, учыненую рукамі ці злізаную языком. Порткі — нешта іншае! Гэты ўбор ставіў яго ўпоравень не толькі з Алесем, але і з фанабэрыстым Уладзем. А той брат ужо ўмеў крыху чытаць і пісаць. Яно, вядома, і порткі не так ужо моцна трымаюцца на клубах і ў выпадку чаго могуць ссунуцца на пяты вінаватаму. Але гэтак заходжваўся толькі бацька. Ні маці, ні тым болей хворы дзед, ад іх часцей можна было дастаць чосу, на порткі замахаў не рабілі. Праўда, Алесь жаліўся, што папружка баліць і цераз світачку. Але бацька мала бывае дома, і бярэцца ён толькі за Уладзю. Кажа, што ў яго навука з духам выходзіць, а трэба, каб у галаве заставалася.

«У галаве, — думае Костусь, — а пры чым жа тут сцёгны?»

Зрэшты, ён пакуль што не вучыцца, і баяцца няма чаго. Калі яшчэ тое будзе! Сама горш, што маці, як назнарок, доўга порацца, падняўшы века, у сваім пасажным дзявочым куфры. За гэты час Алесь адгоніцца з авечкамі немаведама куды. I ўсё прапала.