Костусь нецярпліва пераступае з нагі на нагу. Аднак спакуса апрануць доўгачаканую навіну ўтрымлівае яго на месцы.
— Дзе ж яны маглі падзецца? — маці перабірае рэчы, некаторыя падымае і глядзіць супраць святла.
I чаму ж гэта яна, заўсёды такая ўвішная, ледзь-ледзь варушыць рукамі? Хлопец няўрымстуецца, але маўчыць. Каб не папсаваць інтэʹрасу, маці нельга церабіць і падганяць.
— Я ж іх напрадвесні пашыла. Павінны недзе зверху ляжаць… Ага…
Атрымаўшы нарэшце немалаважную прыналежнасць мужчынскага адзення, Костусь адчувае сябе назаўсёды прылічаным да кола дарослых і міжволі сталее. Калошыны з калянага шарачку стаяць, не ўгінаючыся, на худзенькіх ножках, жываток выпінаецца наперад яшчэ больш прыкметна, але твар, твар! Ён ззяе ад радасці і ў той жа час сур’ёзны, не менш, чым у Калумба перад яго славутым падарожжам.
Адчуванне толькі што набытай вагі стрымлівае рухі. Хлопец хоча падскочыць, але спаважна перастаўляе нагу за высокі сенечны парог. Тут жа яго сустракае вясёлае вока дзядзькі Антося.
— I што гэта за важны кавалер завітаў да нас у хату? — нібыта здзіўляецца Антось. — Напэўна, са Свержаня, а можа, з самога Нясвіжа? О-о! Гэта ж Костусь! Не пазнаць цябе, далібог, не пазнаць, такі прыгожы.
Костусь мінае без увагі свайго найлепшага прыяцеля дзядзьку Антося. Задраўшы ўгору нос, ён кіруецца пад плот і падымае лазовы дубчык. I тут ужо «важны кавалер» не вытрымлівае: сядлае дубчык і подскакам кідаецца з двара даганяць невялічкі статак, за якім ідзе, паляскваючы пужкаю, Алесь.
Хлопцы сядзяць пры нізінцы на старых пяньках.
Адсюль добра відна іхння хата; можна пазнаць, хто праходзіць па двары. Проста перад хатай, за балацянай лугавінаю, заросшай кустамі алешніку, стаіць цёмная града яловага лесу. Сонца пакрысе хаваецца за яе. Цені дрэў пабольшалі і, нібы збіраючыся перасягнуць лугавіну, паўзуць да хаты.
Можна было б пазаганяць авечкі ў хлеў і чакаць вячэры, паглядаючы, як весела трашчаць смалякі ў печы. Там закіпае вялікі чыгун. Бульбіны зверху ўжо зарумяніліся і пачынаюць падгараць. Гэта будуць самыя смачныя — прыгáркі.
На стальніцы ляжаць тонкія скрылёчкі ружовага сала. Маці зараз пачне скварыць яго. А можа, уб’е на патэльню яшчэ пару яек ці ўкіне ў гарачы тлушч колькі лыжак смятаны. Хоць на гэта мала надзеі. Каб была нядзеля або пара цяжкое работы, касьба ці жніва, тады можна паласавацца і кавалачкам высушанай на гарышчы каўбасы…
Хлопцы ведаюць хатні распарадак на памяць і не спяшаюцца дадому.
Вечар цёплы, зямля пачынае густа параваць. Костусь і не прыкмеціў, што босыя ногі аж па костачкі ўехалі ў жоўты пушысты мох. Хлопчык падкурчвае іх і стаўляе на пянёк. У выціснуты след зараз жа пасцілаецца воблачка туману. Зверху напаўзае другое воблачка, і вось ужо яны распушыліся, як кужальная барада на матчынай прасніцы. Костусь апускае ногі і стараецца папасці ў свае старыя сляды. Папаў! Падэшвам робіцца мякка і цёпла-цёпла!
— Глядзі, Алесь! Зрабі гэтак, от добра!
Толькі паспеў гэта сказаць Костусь і ўбачыў, што авечыя кажухі сталі шэрыя, амаль зліліся з туманам. Не разбярэш ці то авечкі, ці, можа, павыдзіраліся з зямлі старыя абымшэлыя камяні і перакочваюцца з боку на бок па нізінцы.
Трэба было б збегаць, дапэўніцца, ало туман займае ногі ўжо да каленяў. Вымаць іх не хочацца, дый страшна: а што, калі сапраўды камяні пааджывалі і сунуцца на іх?
Праз момант Костусь забывае гэты страх, захоплены новым малюнкам. Гэта ж ён ступіў не ў туман, а ў воўну! Маці толькі што абгаліла вялікімі канчастымі ножнамі спутаную авечку, і шэрсць ляжыць на посцілцы злямчаная, цэлымі палосамі, быццам тую авечку но абстрыглі, а далікатна распранулі, знялі цёплы кабат. I добра ж бегаць па гэтым кабацé: нага топіцца, як у падушцы!
Але і гэта перастала забаўляць хлопчыка. Заманулася дадому. Надурэўшыся за дзень, ён захацеў спаць.
Костусь падняўся і адразу ж зноў сеў. З алешніку ляцелі ніколі не чутыя гукі: свіст не свіст, спеў не спеў, гранне не гранне. Ён знерухомеў, заслухаўся, але не ўтрываў, каб пошапкі не запытацца:
— Хто гэта?
— Салавей, — гэтак жа ціха адказаў Алесь.
А салавей нібыта прапаласкаў халоднаю вадою горлейка, і так хораша забулькацелі ў ім празрыстыя кроплі. Потым пазваніў у маленькі срэбны званочак, сціх, паслухаў і як быццам чокнуў чарачкай аб чарачку. Пачакаўшы крыху, ён пачаў званіць аж у дзесяць званочкаў і чокаць у безліч крыштальных чарачак. Нацешыўшыся гэтым, закінуў галаву, хутка апусціў яе, і здалося, на звонкі медзяны ліст пасыпаліся тысячы шкляных гарошынак. Скончыўшы перасыпанне, салавей нібы крануў дзюбкай басовую струну на скрыпцы вясковага музыкі Тамаша, прабегся лапкамі па высокіх галасах гармоніка і, нездаволены, падзьмуў у дудачку: перш паволі, а далей — усё мацней і мацней, спрытна перахватваючы лады. Нарэшце ён пачаў стукаць па малюпасенькім кавадлечку доўгім тонкім малаточкам, асцярожна і далікатна, акурат майстар гадзіннікаў, пры будцы якога Костусь стаяў, разявіўшы рот і не выпускаючы дзядзькавай рукі, на стаўбцоўскім кірмашы.