Скраўся на пальчыках да стала, адгарнуў настольніцу, але цэлай буханкі не зачапіў. Адкроіў лусту ад чэрствага акрайца. I, не скідаючы з плячэй шарачковай торбы з кнігамі, — на двор.
У сенцах рука з лустаю застыла каля самага рота. Так і не ўкусіў. Прамень, заляцеўшы цераз шчыліну, пазалаціў кропельку смалы на счэсаным сучку ў бервяне. Прыляпіўся да сцяны і не можа выцягнуць са смалы тонкую камарыную ножку.
«Няхай бы ён і застаўся тут. На ўсю ноч. Людска было б! Выйдзеш з хаты, а тут відната. От злавіць бы гэты прамень!»
Костусь зачыняе наглуха дзверы, амаль маючы пэўнасць, што калі прамень прыліп да сцяны, дык ужо не адарвецца. Але знікла шчыліна, уцёк і прамень.
Хлопец выходзіць з сянец і садзіцца на парозе. Пачынае паволі есці.
I вось ужо здаецца іншае. Дубы наўкол сядзібы ўзяліся за рукі, каб перагарадзіць дарогу сваім лясным сваякам на гэтую, адваяваную ў векавое пушчы, шмацінку грудавое зямлі.
З усіх бакоў, як казачныя ваякі, стоўпіліся ў чаканні бронзавыя атрады волатаў, старасвецкіх хвой. Чаго добрага, падасць знак невідочны лесавы атаман, яны пераступяць цераз выбегшую з лазняковага гушчарніку ручаінку, рынуцца да дубоў — і пачнецца бойка…
«Не, — усміхаецца сваёй уяве хлопчык, — не пярэйдуць! У лесе яшчэ растае снег, і наша ручаіна глыбокая-глыбокая».
Ён глядзіць на канец сцежкі, дзе драўляны масток злучае сядзібу з грунтавой дарогаю. Вада падымаецца ўсё вышэй і вышэй, вось ужо яна ліецца цераз маснічыны. Жоўтыя шапкі шумавіння, пакружыўшыся, адносяцца за плынню і завісаюць на ўзбярэжным парасніку шчаціністых елачак і хісткіх, як дубчыкі, асін.
«За ноч вады яшчэ прыбудзе, — думае Костусь. — Добра, што ў школу не трэба, а то б не перабраўся на той бок».
Ён падымае з-пад ног сваю школьную торбачку, дастае кнігу і сшыткі і зноў паглыбляецца ў мары.
Бор шуміць па-вясноваму, радасна і як быццам густа; увосень, калі ападуць лісты, зусім іншы гэты шум, рэдкі і неспакойны.
Хлопчык цяпер бачыць, што дубы і не збіраюцца кідацца ўрукапашную. Яны проста грэюць на сонцы перамёрзшыя за зіму, не паспеўшыя зазелянець галіны.
Любае і звыклае абуджэнне суровай і ласкавай беларускай прыроды на гэты раз поўніць душу дзіўнай трывогай і хваляваннем.
Нібыта ўпершыню слухае Костусь і таемнае шастанне хваін, і перагукванне плытагонаў на недалёкім Нёмане, і шчабятанне ранняга жаўранка ў сіняй высачыні.
Раптам, ці гэта зноў здаецца, перастала біцца растрывожанае хлапечае сэрца, і ўжо не на небе, а дзесьці глыбока ў грудзях узмахнуў крыльцамі жаўранак.
Узмахнуў і заспяваў…
Песня звінела, не змаўкаючы, срэбная трэль цудоўна ператваралася ў родныя і знаёмыя словы… Так гаварыла з ім маці!
Костусь схапіў сшытак і, спяшаючыся, пачаў запісваць гэтыя словы. Хоць бы не расталі яны, як тая жаўранкава песня, што ўсё аддаляецца, адлятаючы ў вышыню.
У гародзе гарлае певень. Рыжы хвост яго зіхаціць праўдзівым золатам, як добра начышчаная ягадамі бузіны мядзяная міска.
За ўтульны дамок на ліпе сварацца з вераб’ямі шпакі. Яны вярнуліся з выраю і адразу ж узяліся высяляць крыклівых кватарантаў. Вераб’і яшчэ грозяць і лаюцца, аднак хапаючыся перабіраюцца пад застрэшша ў гумно і цягаюць туды пух і сухія травінкі. Ад птушынай мітусні прачынаецца прыдрамаўшая на сонейку крываногая Тэпця і ляніва пазяхае, касавурачыся на свайго няўважлівага гаспадара. Яна ўстае, павільваючы хвастом, падыходзіць да яго, прынюхваецца і асцярожна забірае пакладзеную на торбачку недаедзеную скібку.
Костусь нічога не бачыць і не чуе.
Над сядзібай робіць плаўныя кругі пара буслоў. Яны прыглядаюцца да гнязда на старой бязверхай бярэзіне, пазнаючы, ці хоць тая самая гэта буслянка, дзе яны бестурботна жылі летась і выгадавалі сваіх даўгалыгіх дзяцей.
Нішто не можа адцягнуць яго, Костусь піша і піша. Нарэшце адрываецца ад паперы і, нічога не разумеючы, аглядаецца на бакі. Дзе ён быў, што адбылося тут?
Цудоўны жаўранак у грудзях змоўк. А ў сшытку засталіся няроўныя радкі, вельмі падобныя да вершаў са школьнай чытанкі.
Костусь прачытаў і яшчэ больш здзівіўся: сапраўды, ён злажыў верш! I гэтак лёгка, неўзаметку, не думаючы, агледзецца не паспеў. Не так, як тую байку пра варону і лісіцу! Цэлы тыдзень калупаўся… Радок да радка не прыставаў, словы не змяшчаліся ў іх, прыдумваліся, як назнарок, такія доўгія, хоць ты колькі складоў сякераю адсячы. I калі ён, горды сваім тварэннем, прачытаў брату, што пачалося! Якіх толькі кпін не наслухаўся. «Не будзе з цябе пісакі, хоць бы ты ў порткі мокра зрабіў». А потым: «Пісаў пісака, а не разбярэ і сабака». I многа нагаварыў яму Алесь яшчэ больш крыўднага.