Выбрать главу

Няўдалыя радкі якраз належалі мне. Пакуль разважаю, ці варта прызнавацца, Канстанцін Міхайлавіч здагадваецца сам.

— Вам жа тады, мусіць, і па дваццаць гадоў не было. А ў такім узросце ўсе, апрача самога сябе, старымі здаюцца.

Зрабіўшы мне палёгку, вызваліўшы ад непрыемнага прызнання, ён усё ж бязлітасна дадае:

— Чэхаў расказвае… Нібыта яму гэтак жа брыдка ўспамінаць пра свае першыя рэчы, як пра цётку, што забаўляла яго, трымаючы на руках, а ён у падзяку ўзяў ды сапсаваў ёй новую сукенку…

Ну, а цяпер трымайся: герой пачынае крытыкаваць пісьменніка. Кепска мець справу з такімі героямі. Я некалі не паверыў, што Талаш раскідаў пяцёх легіянераў, вырваўся ад іх і ўцёк. Думаю, прыманьвае стары. I напісаў у аповесці, што легіянераў было тры. Аж завальваецца да мяне ў Акадэмію дужы дзед і кажа:

«Гэта ты Колас?»

«Я».

«Дык што гэта ты пра мяне набрахаў? Хіба я ад трох палякоў уцякаў, га?»

У мяне будуць меншыя прэтэнзіі. Мне заўсёды было шкада, што ты забыўся на прозу. Хацелася як-небудзь нахінуць да яе пісання. Толькі меркаваў загаварыць пра гэта, а ты сам прыйшоў і абвясціў свае намеры. Мне здаецца, на правільную дарогу становішся…

I, не даючы апомніцца, учыніў форменны разнос за непаслядоўнасць пісання.

— Калі б ты на зборнік апавяданняў нацэльваўся, я б і слова не сказаў. А гэта ж — кніга. Як расце паступова чалавек, так і яна. Дадаеш сабе работы. Пасля галаву скруціш. У адным месцы пачнеш лапіць для сувязі, а ў другім крэсліць. Бо нагаварыў лішняга, што павінна быць вядома з папярэдняга, а ты ў свой час не напісаў гэтай часткі, пераскочыў, пабег далей. Вось і перарвалася нітачка. А трэба, каб яна цягнулася з раздзела ў раздзел. Тады глянеш назад — відно, што сказаў, глянеш наперад — выкладай усё недаказанае. Іначай і за героем не ўсочыш, прыпішаш яму няпэўныя думкі, прымусіш рабіць тое, на што ён яшчэ не здолен…

Чорны расказваў, як у яго адзін празаік пытаўся: «Чытаў ты, браце, мой раман?» А раман той быў доўгі, друкаваўся з працягамі многа год. Кузьма прызнаўся, што не браўся яшчэ. «I я ж не браўся, — кажа празаік, — і вось не ведаю, ці ўмёр адзін мой герой, ці жыве. Дык ты пачытай, калі ласка, бо ў мяне часу няма, пісаць далей трэба».

Канстанцін Міхайлавіч уважліва глядзіць на мяне, можа пакрыўдзіў новаспечанага празаіка параўнаннем.

— Так ці не?

Пачынаю пярэчыць. А як жа архітэктар? Плануе адразу цэлы горад: вуліцы, плошчы, праспекты. А дамы растуць дзе папала, сёння ў адным канцы, заўтра — у другім. На першы погляд — бязладдзе, калі ж забудуецца ўся вуліца, людзі ўбачаць задуму, што да чаго.

— Хіба мала бывае ў іх пралікаў? — круціць галавою Канстанцін Міхайлавіч і дадае зусім катэгарычна: — Проза не прызнае такой методыкі. I цябе нішто не змушае да яе: ні сродкі, ні матэрыялы, ні ўмовы будаўніцтва — што пачынаць у першую чаргу.

— А вам, дзядзька Якуб, не здаралася забягаць наперад? Часамі пішучы, упрэшся ў што-небудзь, не ўдаецца. А далейшае ўжо выразна малюецца, думка думку падказвае. Адкладзеш, а потым гэтак ярка не ўбачыш.

— Можа і было. Хіба што, як паэмы пісаў. Дый то накідаю дзесятак радкоў, каб не забыцца. Бо ўжо як выведзеш далейшую частку ў людзі канчаткова, дык на тую, што засталася, і глядзець не хочацца. Ад цяжкасцей не ўцячэш. А пачні абмінаць — яны вырастуць, страшна потым прыступіцца.

— Вось гэтаму я не даю браку. Перапішаш разок ці два — і з богам, Параска…

Ён перадае мне дзесятак старонак і гаворыць далей.

— Найболей удаўся табе салаўіны спеў. Там, бадай, нічога чапаць не трэба. Як паэта і твайго героя гэта мясцінка мяне здавальняе. А як празаік магу параіць, калі захочаш паслухаць. Вось ты пішаш, што салавей крануў дзюбкаю скрыпічную струну. Я абавязкова дадаў бы, каму належала скрыпка, у чыіх руках бачылі яе хлопцы. Тады ўвесь малюнак прымацуецца да дзяцей. Толькі зрабі гэта коратка, каб не парушыць мелодыі.

Канстанцін Міхайлавіч задумваецца, пасля пытае:

— А колькі кален можа выспеваць салавей? Кажуць, дванаццаць, а курскі, здаецца, яшчэ больш. Не ведаў я, што ты звернешся да гэтага спевака, а то б расказаў тое-сёе.

Я жыў на Куршчыне, праўда, тамтэйшых салаўёў не слухаў — хварэў, галадоўля ціснула, Дзянікін падпіраў. Але быў там адзін ахвотнік да салаўінай музыкі. Ён мяне адукаваў. Усе калены ведаў на памяць, нават высвістваў крыху. Я так не пасвішчу, а назвы, вельмі ж удалыя яны, успомню.

Спачатку салавей заводзіць з а ч ы н. Потым, памаўчаўшы, робіцца «о т т о л ч к а». Як гэта перакласці па-беларуску? Ну, так, як вершы пішучы — атрымліваеш пачатковы штуршок ад чаго-небудзь. Можна сказаць — з а ч э п к а.