Выбрать главу

Далей ідуць: п у л ь к а н н е, п л ё н к а н н е, к л ы к а н н е. Тут ужо цяжка зразумець значэнне. Мусіць, проста гукапераймальныя словы. Затое назвы наступных кален — само хараство: р а с к а т, з я з ю л і н_п е р а л ё т, л е ш а в а_д у д к а. Так што дудачку ты да месца ўставіў. А чаму «лешава»? Можа гэта вымаўляецца «лешева», а пісаць трэба «лешего»? Тады па-нашаму будзе «лесунова дудка». Ёсць сэнс.

I яшчэ адно калена: ю л і н а я_с т у к а т н я. Гэта ўжо ад слова «юла» — ваўчок. Калі яго моцна пусціць, ваўчок гудзе, бегае па падлозе, стукаецца аб ножкі стала і яшчэ мацней завывае.

Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. I чалавеку дасюль не ўдалося ні толкам перадаць, ні падрабіць яго.

А што цяжэй апісаць: справы, якія б’юць у вока сваёй цудоўнасцю, ці звычайныя, якія мы без увагі абмінаем, нават часамі наступаем нагою?

Спрабую адказваць: дасканаласць убачанага, вядома ж, вымагае самай дасканалай перадачы, адпаведнага ўмельства.

— Так і не так, — кажа Канстанцін Міхайлавіч і пытае: — Гогаль у цябе далёка?

Дастаю том з паліцы. Ён чытае павольна, адставіўшы ўбок руку, нібы прыкідвае, колькі цягне кожнае з гэтых бясконца важкіх слоў:

«…Чем предмет обыкновеннее, тем выше нужно быть поэту, чтобы извлечь из него необыкновенное и чтобы это необыкновенное было, между прочим, совершенная истина».

Прачытаў і, відаць, паўтарае сам сабе, запамінаючы: вочы спыняюцца на нейкай кропцы процілеглай сцяны, крыху паварушваюцца сцятыя вусны. Потым доўга здзіўляецца вастрыні гогалеўскай думкі, называе яе звышлюдскай.

Як гэта атрымліваецца? Гогаль тут гаварыў пра сябе: як ён уяўляў, як ён пісаў сам. А выходзіць — запавет! На многа год, для ўсіх, хто ўзяўся за пяро. Навука адмаўляцца ад першапачатковай праўды — таго, што было ў сапраўднасці, і выклікаць на свет новую праўду — тое, што ўбачыў мастак. I каб усе прымалі створаную ім праўду, нібыта ніколі не існавала той першай, праўды рэчаіснасці.

Аднак, разважае Канстанцін Міхайлавіч, калі не ўсмокчаш у кожную клетачку праўды жыцця, ці можна ўзняцца да мастацкай? Хочаш узлятаць — мацней абапірайся на зямлю. Толькі не дазваляй ёй спутваць крылле вымыслу.

— Думаючы так, — тут ужо гаворыць Колас — першы і найстражэйшы суддзя самому сабе, — мяне больш задавальняе «У палескай глушы». У апошніх частках, бывае, я дакладней, чым трэба, пільнуюся матэрыялу, а памяць падкладвае ўсё новы і новы.

Ён расказвае, як часта даводзілася яму адмаўляцца ад таго, што назіраў і перажываў, змяняць адносіны Лабановіча і Ядвісі на супрацьлеглыя. Жывыя людзі, стаўшы літаратурнымі персанажамі, атрымалі новыя рысы, пачалі паводзіцца іначай, як вымагае характар кожнага з іх. Зусім не Ядвіся пацалавала Лабановічавага прататыпа ў настаўнікавай кватэры, як расказваецца ў аповесці, а Людміла. Затое прататып, застаўшы Ядвісю адну дома, пачаў размову адразу з пацалунка. I яго абразілі, а потым пачалі перапрашаць, кідаючы праз акно букецікі кветак. I пісулька «Мілы дурань» была ад Людмілы. Толькі знайшоў яе ў кнізе не прататып, а Ядвісін бацька і забараніў ім сустракацца, а потым прымусіў дачку выехаць адтуль.

— Так што я рады, — кажа Канстанцін Міхайлавіч, — калі ты, пішучы, не пакінуў і следу ад маіх расказаў. Недзе яны як бы прысутнічаюць, а на паверхню не прабіваюцца.

Я пачаў даводзіць, што яго размовы далі магчымасць пабыць разам з ім у маленстве, яго вачыма пабачыць людзей, кожную вядомую яму мясціну.

Канстанцін Міхайлавіч зазначыў:

— У «Вясне» замест бацькі ўводзіш маці. Разумею чаму і магу згадзіцца. Але калі хочаш, каб усё стала яшчэ бліжэй да праўды, раскажы ў наступным пра срэбны рубель. Ты ўхіліўся ад гэтага, думаеш, ці не перасалоджана ў маёй біяграфіі?

Канстанцін Міхайлавіч бясхібна выкрывае мае сумненні. Сапраўды думалася так: бацька, вечна стомлены, ачарсцвеўшы ад сваіх службовых турбот і згрызот чалавек, дапусціўся да малаверагоднай чуласці — цалуе хлопца за верш. Ляснік, жыве ў нэндзы і раптам выкладае сыну цэлы рубель. За што? Якую вагу мог мець дзіцячы верш у вачах тагачаснага селяніна? Забаўка, і толькі.

Як паверыць у праўдзівасць выпадку? Тым не менш ёсць дакументальныя сведчанні атрымаўшага ўзнагароду. Але дакументы дакументамі, а твор творам. Ці прагучыць гэта ў кнізе? Як быць?

Пераказаўшы мае ваганні сваімі словамі і збянтэжыўшы яшчэ раз умельствам зірнуць у думкі суразмоўніка, ён заключае:

— Ведаеш, як было, цяпер пішы, як табе здаецца.