— Дык тут жа ад рубля нікуды не ўцячэш, дзядзька Якуб.
— I ўцякаць не трэба. Думаеш, калі даць саракоўку, справа зменіцца? Трэба на бацьку другім вокам кінуць.
Пачынаю разумець, куды хіляцца яго вымаганні. Не ў тым сакрэт, што бацька быў п’янаваты і таму расчуліўся, а потым расшчодрыўся. Нават не ў тым, што любіў Костуся больш за іншых сыноў. Не! Бедны чалавек, які ашчаджае кожную капейчыну на зямлю, мог-такі не пашкадаваць вялікіх, на яго абыходак, грошай. Прыродная шырыня душы падказала Міхалу: адбылося незвычайнае. Яго Костусь зрабіў такое, чаго не могуць другія дзеці: і свае, і вакольных леснікоў, і мікалаўцаў. Хлопец падышоў усутыч да тых вялікіх людзей, чые вершы друкуюць у кнігах, завучваюць школьнікі. Можа тут і ён знойдзе свой лёс? Напэўна, гэта акрэсліла бацькавы намеры пусціць Костуся ў навуку…
Выказваю свае меркаванні ўголас.
— Так, відаць, будзе правільна. Нездарма, выходзіць, мы Гогаля турбавалі…
Канстанцін Міхайлавіч устае і збіраецца ад’язджаць.
— Пішы далей, хай нават выйдзе кніга апавяданняў. У першым раздзельчыку дай імя бабцы. I Антося трэба было б трохі жвавейшым зрабіць. А пра Кудрынскага — лепш бы ўсё перапісаць нанова. Я табе яшчэ раскажу аб ім…
Гэты раздзел і дасюль не пашчаслівіла паправіць так, як хацелася б. Але постаць Фядота Андрэевіча Кудрынскага, выкладчыка Нясвіжскай семінарыі, уяўляецца даволі выразна. Свайму настаўніку, які вучыў разумець і любіць літаратуру, Канстанцін Міхайлавіч прысвяціў некалькі адвячоркаў.
— Кудрынскі трапіў да пас з Ніжагародскай духоўнай семінарыі. I пабыў зусім мала, гады два ці тры. Пастараўся перавесціся на цікавейшую работу, у Вільню. Там быў архіў старажытных актаў і кніг, дзе ён служыў памочнікам архіварыуса. Выкладання не кідаў, настаўнічаў у прыватнай гімназіі і ў вышэйшым жаночым вучылішчы.
Сам Кудрынскі скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію, атрымаў ступень кандыдата багаслоўя. Папоўшчынай ад яго асабліва не патыхала, духоўніцкай кар’еры па нейкіх прычынах ён не зрабіў. Відаць, таму, што пісаў у часопісы і друкаваў кнігі. Я праглядаў іх.
Канстанцін Міхайлавіч называе нарыс Кудрынскага «Вільня ў 1812 годзе», выдадзены да стагоддзя вайны. Праз юбілейную і вернападданніцкую афарбоўку там усё ж прабіваліся праўдзівыя весткі аб стане горада, яго жыхарах, скаргі сялян на рабункі вестфальцаў, перахрышчаных імі на «бяспальцаў», заігрыванне Аляксандра I з палякамі, хлуслівыя абяцанні аднавіць ім дзяржаву, трапныя характарыстыкі французскага самаўладцы, не самастойныя, вядома, а здабытыя аўтарам з гістарычных крыніц.
Напалеон зажадаў пазнаёміцца з якім-небудзь беларусам. Да яго прывялі бухгалтара Віленскага універсітэта. Патрэбных вестак пра Полацк і Віцебск гэты чалавек не даў, аднак на запытанне Напалеона, які з гэтых гарадоў ён бы хацеў атрымаць у падарунак, адказаў: «Калі з езуіцкімі маёнткамі, дык Полацк, а без іх — Віцебск».
— Губа не дура, — смяецца Канстанцін Міхайлавіч, — напэўна, расшалопаў, што Напалеон здзекуецца. Якая прапанова, такі і адказ.
Да кнігі Кудрынскага «Людскія хвалі» Канстанцін Міхайлавіч ставіцца больш прыхільна. «Людскія хвалі» — гэта патока бежанцаў. Яна пракацілася ў час імперыялістычнай вайны цераз Рагачоў, дзе настаўнічаў эвакуіраваны з Вільні Кудрынскі.
Палавіна Беларусі стала па калёсы. Людзі, баючыся немцаў, ехалі немаведама куды. Галадавалі, продалі за бесцань жывёлу, кралі апошняе ў тых, што сядзелі пакуль на месцы, але не сягоння-заўтра мусілі пакідаць дамоўкі і выбірацца ў свет самі. I як след страшнай патокі — бясконцы шэраг крыжоў уздоўж дарогі.
На ўсім гэтым няшчасці грэлі рукі хабарнікі, раскашаваліся здараўцы, якія хаваліся ад пазіцый пад сцяг дапамогі бежанцам.
Кудрынскі ўбачыў многа чаго. Высмеяў кволых дам-патранес, бруднае заляцанне бугая — земскага начальніка да міласэрнай сястры: «Вы парасятка, вас трэба пакаштаваць з хрэнам».
Трапна аўтар іранізаваў з прыезду члена Дзяржаўнага савета. Бяздушны фармаліст, ён нічым не дапамог бежанцам, але быў сустрэты з помпаю, казанямі, спевам «многая лета». А нейчы сабака ў калідоры не мог стрываць і завыў мацней за харыстаў у гонар высокага саноўніка.
— Пяро часта перарастае аўтара, калі дакранаецца да вялікай людской бяды, — заўважае Канстанцін Міхайлавіч. — Кудрынскі прызнаецца, што яго моцна ўразіў крыж народа. А ўсё ж баяўся абразіць далікатныя вушы, саромеўся напісаць «вош», стаўляў шматкроп’е…
Кудрынскага ўвесь час цягнула да творчасці народа, цікавіла гісторыя нашага краю. Мае фальклорныя запісы Кудрынскі хваліў шчыра. Вось я і падлажыў у адзін са сшыткаў пару ўласных вершаў.