Ён доўга марудзіў, не гаварыў нічога, потым з вока на вока спытаў, ці напісана яшчэ што-небудзь. Перачытаўшы, сказаў не вельмі катэгарычна, нешта накшталт: «З гэтым вы можаце выйсці на сапраўдную дарогу».
Як я разумею, ён вагаўся, што можа збіць мяне з тропу, баяўся, каб я празмерна не захапіўся пісаннем і не закінуў вучэння.
Наш дырэктар хварэў на красамоўства, прамаўляў страшэнна нудна і, галоўнае, доўга. Гэта выкпіў Кудрынскі, праўда па часе, у тых жа «Людскіх хвалях». А так ён звычайна слухаў Меліяранскага, угнуўшы галаву, а як зірне ўгору, дык мы бачым, што вочы нашага настаўніка смяюцца. Сам жа, на мой погляд, гаварыў значна лепей, чым пісаў. Ён меў талент прамоўцы, і нашы адказы больш падабаліся яму, калі былі трохі ўзнёслыя.
Кудрынскі мог цікава размаляваць самую непаглядную рэч, яна набывала асаблівае хараство ў вачах слухачоў.
З гадзіну неяк распісваў нам прыгажосці нясвіжскага замка. Здавалася, роўнага ў свеце няма. I я быў вельмі расчараваны, калі заскочыў аднойчы ў свята за замкавую браму.
Звычайны бруднаваты брук, аблезлыя сцены. Якое там к чорту хараство, хутчэй на астрог падобна. I замак у «Сымоне-музыку» я апісваў, маючы перад вачыма нясвіжскі, так, як ён паўставаў з апавядання Кудрынскага.
Гісторыя «Сымона-музыкі»
Дзве паэмы растуць поруч. Пяць колаў пакуты. Барада — сховішча вершаў. Турма, гумар і апісанні прыроды. Сымон і Ганна на могілках. Перашкоды і сумняванні. Грыб у Кіславодску. «Калевала» падказвае выхад. Сустрэча з А. Фадзеевым. Пераклад «Калевалы».
— Калі мы ўжо ўспамянулі пра «Сымона», дык тут мне, відаць, самому давядзецца ўбірацца ў крытычныя рызы.
Крытыкі гавораць увесь час: «Новая зямля» — аўтабіяграфічны твор, бо гэта само вачам назаляе. А пра «Сымона-музыку» ніхто ў такім кірунку не абазваўся.
Пісалася гэтая рэч не сказаць каб марудна, але з вялікімі перапынкамі, і шмат перараблялася. Ёй не шанцавала ў сэнсе завяршэння. А падаваць голас аб сабе пачала яна бадай што раней за «Новую зямлю». Я зрабіў асобныя запісы, як толькі наладзіў турэмны побыт: раздабыў аловак і навучыўся хаваць паперы. I ўсё ж не ўпільнаваў: задумаўся над радкамі, у камеру прывялі кагосьці, наглядчык кінуў вокам і схапіў маё пісанне.
Нічога не зробіш: пачынаць спачатку мне даводзілася не адзін раз. Я быў падобен да грака на мінскім скверыку: сёння споруць гняздо, а заўтра, глядзіш, зноў галля нацягаў.
Перада мною стаяў уласны лёс. Рупіла расказаць, што вось і мае чалавек нешта за душою, а ніяк не выплыве напаверх у гэтым свеце.
Калі замкнулася астрожная брама, я сказаў сам сабе: трымайся, Костусь, ты трапіў у новае кола. I ўсё перажытае ўявілася чаргаваннем колаў: час, што звязаны з жыццём у аколіцах Мікалаўшчыны; юнацтва — навучанне ў семінарыі; потым — настаўніцтва, пераезды са школы ў школу; далей — бадзянне з месца на месца ў пошуках заробку і нарэшце — турма.
Не раўнуючы як у «Бажэсцвеннай камедыі», толькі ў мяне налічылася ўсяго пяць колаў. Дый пекла стала ў канец, а хлапечая пара здавалася з-за крат сапраўдным раем.
У апошняе кола я прыйшоў з тым жа настроем, які насіў і ў першым: працаваць словам. Я ледзь пачаў выбівацца ў друк, а тут — за шкірку ды ў каталажку! Вырвацца надзея была, а пісаць, тым больш друкавацца — наўрад. Адседка ў крэпасці вяла за сабою паліцэйскі надгляд, яўны або патайны. Вольна дыхнуць не спадзявайся!
З гэтых усіх разваг і вынікла задума: напісаць твор з пяці частак, адпаведна ліку абведзеных у мыслях наўкруга сябе колаў.
Свет жорсткі, ніхто не разумее здольнага хлопца, нават свае людзі. Мае спагаду адно дзед. Адчуўшы ў хлопцу талент, стары перадае яму музычную сілу як спадчыну ад мінулага. Яшчэ бліжэй музыʹку дзяўчына, з ёю хлопец хоча ісці ў жыццё, ёй адной іграць і з ёю сустрэць будучыню. Але наўкол — сцены, адна вышэйшая за другую: пагарда, паніжэнне, здзек. Хлопец траціць каханую і засынае неабудным сном на могілках, поруч з абранніцай, яна таксама не стрывала цяжару жыцця.
Так мне ўсё малявалася напачатку.
Задума была на той час крамольная. Як толькі справа даходзіла да пісання, выяўляўся пэўны бунт супраць ладу. Таму я сумысля прытрымліваў сябе, не дазваляў Сымону дзейнічаць і гаварыць.
Рабіў накіды ўроскідку, паміж замалёўкамі «Новай зямлі». Не паспеўшы аб’яднацца ў цэласць, яны рабілі нявіннае ўражанне і не наклікалі б на маю галаву небяспекі, каб нават і трапілі на чыесь вочы. Усё ж пад час ператрасання камеры я борздзенька хаваў паперы на грудзі і трымаў, прыціснуўшы падбароддзем, да канца ўструшні. Мая густая барада не дазваляла заўважыць, што там затоена пад ёю, а на асабістыя вобыскі ў палітычных турэмнае начальства адважвалася рэдка.