«Новую зямлю» высоўвала наперад і такая акалічнасць. Абразкі дзіцячага жыцця, незваротны альбуцкі «рай» ажывалі ў выразнай постаці: бяры ды перанось на паперу. Як пераводныя карцінкі: памачыў вадою, прыклаў на чысты аркушык і маеш малюнак. Амаль з такою хуткасцю я напісаў «Дзядзьку-кухара» і «Раніцу ў нядзельку»…
Паклікалі вячэраць. Мы сышлі ўніз у сталовую. Там была ў зборы ўся сям’я: абодва сыны з нявесткамі і ўнукі, большанькі Сяргей і яшчэ зусім малы Андрэйка на руках у маці.
— Ідзі да дзеда, — запрапанаваў Канстанцін Міхайлавіч.
Хлопчык працягнуў яму рукі, патаптаўся крыху на дзедавым калене, чым у малых звычайна выказваецца найвышэйшая ступень задавальнення, і адразу ж паспрабаваў хапіцца за нож. Канстанцін Міхайлавіч далікатна адсунуўся ад стала, а ўнук даволі прарэзліва заявіў пратэст супраць такога абыходжання. Не супакоіўся ён і на руках у бацькі.
Канстанцін Міхайлавіч падміргнуў малому, прышчоўкнуўшы языком, і пачаў жартліва ўшчуваць унука:
— Бачыш ты, які дзяркач. Відаць, браток, цябе ў ногі не клалі.
Заўважыўшы на нашых тварах неўразуменне, растлумачыў:
— Была ў народзе такая прыкмета. Каб дзіця расло паслушнае, не пераступала волі бацькоў, яго, абмыўшы, перад тым як першы раз накарміць, кладуць у ногі парадзісе. Так што майце на ўвазе ў далейшым, — ён зірнуў на нявестак. — Не ведаю, як вы, а я на такой колькасці ўнукаў спыняцца б не хацеў.
Падвесяліўшы жартам прысутных, Канстанцін Міхайлавіч амаль не дакрануўся да вячэры. З’еў кіслага малака, глынуў чаю і сядзеў, чакаючы, пакуль управяцца маладзейшыя.
Ён быў яшчэ ў няскончанай размове і працягнуў яе, сеўшы на сваім улюбёным месцы, пад вязам.
«Сымон» патрабаваў роздуму, стварэння новых абставін. Тут ужо ўява мусіла саткаць нешта як быццам і бачанае, а ў цэлым вобразе іншае, незнаёмае. Адным чынам, не хапала мне духоўнае раўнавагі, спакою дый проста часу і зацішнога кутка, дзе б можна было без турботы парадкаваць думкі.
З другога боку, мяне абмяжоўваў склад, узровень, а галоўным чынам настрой маіх тагачасных чытачоў, пэўней кажучы, слухачоў. Я чытаў тое-сёе сябрам па камеры. I найлепшы водгук знаходзілі мясцінкі смешныя, дзе прабіваўся гумар. Гэта давала розрыўку ў нашым беспрасветным жыцці. Гумар ратаваў і мяне самога, з ім я перасільваў чорны настрой.
Успомніўшы якое-небудзь смешнае здарэнне з бачанага ў вёсцы, я расказваў яго таварышам. Калі апавяданне было ўдалае і магло ўсіх зацікавіць, яны прасілі: «А ты напішы пра гэта, павінна яшчэ ямчэй атрымацца. Можна будзе зноў разок паслухаць». Такую ацэнку я лічыў за прызнанне вартасці расказанага і браўся за пісанне. Гэтак і з’явіліся, скажам, «За дождж», «Грушы-сапяжанкі» і яшчэ колькі вершаваных апавяданняў.
Цешылі таксама маіх слухачоў апісанні прыроды. У гэтым нашы густы супадалі. Мне было прыемна апісваць мясціны над Нёманам, я адчуваў усе іх на дотык. Так жа было. За кожнае дрэўца я там браўся рукою, усе лужкі і баравінкі выбегаў.
I мае таварышы былі рады перанесціся з смярдзючай яміны астрога на прастор. Ручаіны перагаворваюцца, палыскуецца раса на траве. Бор, як пчаліны вулей, гамоніць, гудзе, але з кожнаю хвіляю цішэе і цішэе ў адвячорку. Цішыня, як быццам згода ў існаванні, а істоту на крык парывае.
Калі гэткае дабро ёсць на свеце, мімаволі думалася людзям, дык чаму яно павінна належаць толькі Радзівілу або таму самаму Міколку з дзвюма палачкамі?
Пэўнага закону тут, відаць, няма, але ўплыў мастацтва супярэчлівы. Не менш, чым чалавечая душа, дзе яно нараджаецца. Што сутыкненне процілеглага можа быць мастацкім сродкам, я ўжо дайшоў у мыслях раней. У турме толькі ўсё больш пераконваўся, як гэта ў адных раскатурхвае, а ў другіх абвастрае свядомасць.
У такім сэнсе я ўскладаў немалыя надзеі на свайго «Сымона», чакаў выпадку вярнуцца да яго. Вярнуўся так. Пабыўшы пасля вызвалення ў Вільні, 19 верасня я падаўся ў Смольню з пачуццём выкінутага з жыцця чалавека. Дзверы на работу замкнуты, падтрымкі няма, кожны абабягае пры сустрэчы, каб і самому не падпасці пад падазрэнне. Тут я пачуў, нібыта трапіў у новае кола, нічым не лепшае за астрог.
Тады канчаткова ўжо абдумаў «Сымона». Уявіў усе колы пакут, праз якія ён павінен прайсці, каб духоўна спачыць у апошнім, зрабіцца звычайным хлебаедам з дарэмна змарнаванымі здольнасцямі.
Накідаўшы збольшага запеўку, зразумеў, што гэтая работа цяпер будзе для мяне стрыжнем. Утрымаюся за яго, — значыць, не звар’яцею, не сап’юся, наогул, не пайду, наніз, у падонкі, у паслугачы.