Крыху акрыяўшы і ў надзеі мець заробак, на пачатку зімы ў Лунінцы я за некалькі тыдняў сабраў уместа ўсе чарнавікі і напісаў першую частку. Другую частку пісаў прыхваткамі, у розных месцах, дзе прыпруся, там і пішу. На гэтым спыніўся, але не закінуў!
Назаўтра ж на стале ў Канстанціна Міхайлавіча з’явілася першае выданне «Сымона-музыкі». У кніжачцы было некалькі папяровых закладак. Чырвоны аловак размашыста, буйнымі літарамі, выціснуў на няроўна разарваным паўаркушыку словы: «Дух творчасці» і «Адступленні». Гэта ўсцешыла: відаць, намер «убірацца ў крытычныя рызы» зычыў працяг і паглыбленне размовы. Канстанцін Міхайлавіч пачаў так, як быццам яна і не перапынялася.
— Перабіла работу нетрываласць майго становішча: давялося доўга старацца сталага месца. А калі выстараўся, трымаўся за яго і рукамі і нагамі. Пісаў драбнейшае, а «Новая зямля» і «Музыка» стаялі горкім напамінкам убаку, чакаючы лепшых часаў. Надышлі яны цераз многа год, пасля рэвалюцыі.
«Цяпер, Сымон, табе ніхто не заступіць дарогі. Тупай, брат, пакрысе!» — вырашыў я і засеў за пісанне. Задума выхадзілася, і я месяцы за два пабачыў заканчэнне. Пакуль «Музыка» друкаваўся часткамі, я ўжо аб ім мала думаў, і тут вырвалася наперад «Новая зямля». Такім чынам, «Сымон» зноў занядбаўся і, хоць быў скончаны друкаваннем недзе ўвосень 1921 года, далейшага руху не меў. Затое стала відно, чаго я не ўлічыў на Куршчыне, хапаючыся, каб хутчэй усё дакончыць.
Я тады пакінуў Сымона ў сне каля Ганнінай магілы. Мусіць, трымалі мяне пад уладаю астрожныя сцены. Але сам-то я з іх выбавіўся, а герой застаўся ў зачараваным коле.
Прывязвала да такога канчатку вось што. Сіла музыкі нібыта дзейнічала больш магутна: заіграў Сымон, і Ганна паднялася з труны. Але тым самым ужо і касавалася музычная моц. Я не браў пад увагу, што, як скончылася гранне, дзяўчына вярнулася ў зямлю, а Сымона агарнуў сон.
Мне ўсё здавалася — так будзе мацней, болей сувязі з першай часткай. Зноў гудзе і звоніць стары звон, які так уразіў хлопчыка ў маленстве, граюць дудары, што абудзілі ў ім жаданне стаць музыкам самому. Словам, успаміналіся ўсе папярэднія акалічнасці і збіраліся разам хлопцавы прыяцелі: дзед — мінулае краіны і Ганна — будучае. Як быццам атрымлівалася завершана, а ўвогуле выглядала даволі цьмяна.
Галоўнае, будучыня клалася ў дамавіну. Так думаць я мог у турме, але ўсё роўна мусіў бы напісаць іначай, бо творчасць не павінна пакідаць чалавека ў цемры.
Сам ведаеш, прыбіўшыся да якога-небудзь берага, цяжка адапхнуцца. Я вырашыў, не вельмі бурачы малюнак на могілках, ажывіць Ганну, каб яна пайшла разам з Сымонам. Зрабіў. Перачытаў як зусім чужое. Сымон выглядаў смешным цудатворцам, а ўвесь твор адкідаўся на паўстагоддзя назад.
Вось і стаў я на раздарожжы: зробленае збракаваў, а лепшае не траплялася. Заўсёды так бывае: ходзіць гэта лепшае поруч, а за хвост не ўхопіш.
— З вялікімі ваганнямі і выехаў я ўлетку 1924 года на Каўказ, падлячыцца ў Кіславодску. Былі там цікавыя людзі, пісьменнікі, вучоныя і наш мінчанін Шукевіч-Траццякоў, рэдактар «Беларускай вёскі». Але я кампаніі трымаўся мала, рупела, як скончыць работу, а гэтага я ўсё яшчэ не ведаў. Таму больш чытаў і, выйшаўшы куды-небудзь за межы санаторыя на бліжэйшую гару, падсмажваў плечы на сонцы.
Самае дзіўнае з маіх паходаў — знайшоў на Сасновай горцы грыб. Спачатку не паверыў сам сабе. Я вельмі сумаваў па нашым лесе і ноччу сніў, быццам у хвойніку рэжу цэлыя нерушы баравікоў. Вось і падумалася: зноў сон. Але вакол ходзяць людзі, жанчыны смяюцца, унізе ішак крычыць. Для пэўнасці пацягнуў сябе за нос: прачніся, Якуб! Не, сапраўды сядзіць грыб на схіле, паміж хвойкай і бярэзінай, крэпкі, непаточаны. Падняў сваю знаходку, разгледзеў: нешта сярэдняе паміж абабкам і белым.
Круціўся я на гэтым месцы з гадзіну, нічога больш не знайшоў. Панёс свой грыб у санаторый, як святыню, у дзвюх руках.
Мясцовая жанчына-прыбіральшчыца сказала, што гэта дзіва для Кіславодска. Наогул жа гэтыя грыбы ядуць, добра выварыўшы, і сустракаюцца яны ў дажджлівы год у лясках каля Мінеральных Водаў. Гэта падняло мяне ў сваіх вачах як грыбніка. Але ні заўтра, ні паслязаўтра, а хадзіў я на тое месца да канца лячэння, на ўдачу так і не надыбаў. Толькі і заставалася чытаць.
У Шукевіча я браў Тагора і надоўга прыляпіўся да яго душою. Цешыў мяне таксама Джэк Лондан. Пасля чытання на некалькі дзён заставалася такое ўражанне. Быццам вакол гарачыня, а ты глынуў халоднай вады і ходзіш ціхенька, каб не разбоўтаць часамі.
Чытаў і «Фаўста», але, відаць, трапіла да мяне кніга не пад настрой і, як і раней, не разварушыла да таго захаплення, што выклікае гэты твор. Затое з Вейнемейненам мне не хацелася разлучацца. Чытаў яго прыгоды ў нейкім старым выданні, добра помню друк з цвёрдымі знакамі. Хацеў дастаць кніжку дадому, але не мог і купіў ужо недзе ў трыццатых гадах падноўлены пераклад і, як мне здалося, падпсаваны. Я быў гатоў пакланіцца Лёнроту ў ногі.